На хвалі мірных пратэстаў і жорсткіх рэпрэсій у Беларусі Расея прыкладае асаблівыя намаганьні, каб цьвёрда замацаваць свайго шматгадовага саюзьніка на сваёй арбіце, піша аглядальнік RFE/RL Тоні Весалоўскі.
І ў выпадку посьпеху Масквы больш пільны кантроль над Беларусьсю можа прынесьці ёй прамысловыя актывы Беларусі, у якой даўно дзейнічае эканоміка савецкага тыпу з расейскімі субсыдыямі.
У выніку перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам пасьля выбараў 9 жніўня прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін паабяцаў яму ратавальны круг у выглядзе пазыкі на 1,5 мільярда даляраў.
Пакуль невядома, чым Лукашэнка будзе займацца пасьля сыходу з пасады. Але яго праціўнікі асьцерагаюцца, што ён можа здаць сувэрэнітэт краіны наўзамен на падтрымку Расеі. І аналітыкі сьцьвярджаюць, што Масква можа мець інтарэс да шэрагу беларускіх кампаній.
«Усе зьвяртаюць увагу на гэтыя 1,5 мільярда даляраў, хаця варта гаварыць пра тое, пра што мы не даведаліся», — пра зьмест і вынікі перамоваў у Сочы кажа старшы навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру Леў Львоўскі.
Напярэдадні гэтых перамоваў, кажа Львоўскі, «чаканьні экспэртаў былі прыблізна такія: рэфінансаваньне на мільярд плюс продаж некаторых беларускіх актываў за значна большыя грошы».
«Ці абмяркоўвалася гэта і якія вынікі гэтага абмеркаваньня, мы ня ведаем», — сказаў ён «Настоящему времени».
Паводле Львоўскага, калі Пуцін націсьне на Лукашэнку, у таго ня будзе вялікага выбару, улічваючы залежнасьць беларускай эканомікі ад расейскіх энэргетыкі і капіталу.
«Доўгі час мы маглі б пакрываць неэфэктыўнасьць нашай эканомікі коштам розных субсыдый, коштам імпарту ў Беларусь расейскай нафты па зьніжаных цэнах, і, такім чынам, гэтая маржа магла б пайсьці ў беларускі бюджэт, — кажа беларускі экспэрт. — У многіх беларускіх банках ёсьць расейскі капітал. Таму, вядома, залежнасьць даволі сур’ёзная».
Эканоміка Беларусі ўжо знаходзілася ў цяжкім становішчы да 9 жніўня, што зрабіла яе яшчэ больш уразьлівай.
Паводле Сусьветнага банку, Беларусь можа атрымаць «моцны ўдар» у выніку пандэміі каранавірусу, якую Лукашэнка адмаўляў як «масавы псыхоз», не пагаджаючыся на строгія карантынныя абмежаваньні.
Дрэнны ўлоў?
Але некаторыя аналітыкі сьцьвярджаюць, што многія беларускія кампаніі не такія і прывабныя.
«Эканамічныя паказчыкі большасьці гэтых кампаній дрэнныя, таму яны маюць значныя даўгі і пастаянна субсыдуюцца ўрадам», — мяркуе Ганна Барабан, беларуская журналістка і аналітык. — Гэта дапамагае ім выжыць, але гэтых сродкаў недастаткова для належнага абнаўленьня вытворчых фондаў, — таму многія кампаніі па-ранейшаму выкарыстоўваюць старыя тэхналёгіі савецкага часу».
Акрамя таго, кажа Барабан, пасьлявыбарчы крызіс дадае новыя праблемы, напрыклад, забастоўкі па дзяржаўных гігантах, такіх як Менскі трактарны завод, здабытчык калійнай солі і вытворца калійных угнаеньняў «Беларуськалій» альбо вытворца азотных угнаеньняў «Гродна Азот».
«Для Крамля існуюць больш танныя і эфэктыўныя спосабы скарыстацца слабой пазыцыяй Лукашэнкі, чым купляць стратныя і састарэлыя дзяржаўныя прадпрыемствы», — сказала яна.
Але, нягледзячы на такія відавочныя недахопы, некаторыя беларускія кампаніі маюць свае перавагі — гэта такія прадпрыемствы, як Мазырскі НПЗ і НПЗ «Нафтан» у Наваполацку, «Беларуськалій» і «Гродна Азот».
Разам на чатыры гэтыя кампаніі прыпадае дзьве траціны экспарту Беларусі на Захад, кажа Андэрс Ослунд, старшы навуковы супрацоўнік Вашынгтонскага аналітычнага цэнтру Атлянтычнай рады.
Новыя і новыя спробы
Амаль дзесяць гадоў таму буйныя расейскія кампаніі спрабавалі займець кантроль над вядучымі прамысловымі актывамі Беларусі, але гэта мела «толькі частковы посьпех», піша Ослунд у сваім блогу 7 верасьня.
У 2011 годзе «Газпром» набыў беларускую газавую кампанію і палову магістральнага газаправоду, якім ён яшчэ не валодаў. «Слаўнафта», якая кантралюецца расейскай дзяржаўнай «Раснафтай», набыла 42,5 працэнта Мазырскага НПЗ.
Расейскі алігарх Міхаіл Гуцэрыеў, яшчэ адзін важны гулец беларускай нафтаперапрацоўчай галіны, займаецца НПЗ «Нафтан». У той жа час тры расейскія дзяржаўныя банкі — Сбербанк, Банк ВТБ і Газпрамбанк — адыгрываюць вырашальную ролю ў беларускай банкаўскай сыстэме. Усе трое знаходзяцца пад санкцыямі ЗША», — напісаў ён.
Назіральнікі адзначаюць, што расейскі калійны гігант «Уралкалій» даўно хацеў набыць «Беларуськалій» — аднаго з найбуйнейшых у сьвеце вытворцаў калійных угнаеньняў.
У 2012 годзе Лукашэнка заявіў, што неназваныя «маскоўскія алігархі» прапанавалі яму адкат 5 мільярдаў даляраў, калі ён пагодзіцца прадаць ім «Беларуськалій» за 10 мільярдаў даляраў.
Цяпер «Уралкалій» кантралюецца Сулейманам Керымавым, які ў красавіку 2018 году падпаў пад санкцыі Мінфіна ЗША. Тыя санкцыі, паводле амэрыканскіх чыноўнікаў, былі накіраваныя на зьвязаных з Крамлём алігархаў.
Паводле рэйтынгавай кампаніі FitchRatings, асноўны экспартны рынак «Беларуськалію» — Кітай, хоць беларускі вытворца «мае значную прысутнасьць на рынках усіх асноўных спажыўцоў калію, асабліва ў Індыі, Эўропе і Паўднёва-Ўсходняй Азіі».
FitchRatings таксама прагназуе скарачэньне праз забастоўкі экспарту «Беларуськалію», якое можа прывесьці да павышэньня цэнаў на солі калію ва ўсім сьвеце — гэта падкрэсьлівае ролю беларускай кампаніі на гэтым рынку.
«Непапулярны» продаж?
Паводле Ослунда, «Гродна Азот», чацьвёртая па велічыні экспартная кампанія ў Беларусі, прыцягнула ўвагу расейскага магната, які нарадзіўся ў Беларусі, Дзьмітрыя Мазепіна, які, як паведамляецца, набліжаны да Керымава.
Але незразумела, ці даў Лукашэнка ўжо нейкія цьвёрдыя абяцаньні Пуціну наконт продажу некаторых беларускіх дзяржаўных кампаній.
Але калі такое пагадненьне сапраўды будзе заключана, гэта, хутчэй за ўсё, будзе толькі кароткатэрміновым рашэньнем Лукашэнкі падчас цяперашняга крызісу, лічыць Львоўскі.
Аднак, дадае ён, любы продаж беларускіх прадпрыемстваў у Расею будзе дрэнна прыняты многімі беларусамі, якія і без таго незадаволеныя роляй Пуціна ў крызісе.
«Ня выключана, што эканамічная будучыня цяперашняга ўраду будзе залежаць ад гэтага патэнцыяльнага продажу, а можа нават і ад палітычнага. З аднаго боку, гэта дазволіць прывезьці ў краіну любыя жывыя грошы, — сказаў беларускі экспэрт. — Зь іншага боку, такія продажы, верагодна, будуць непапулярныя сярод людзей».