Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«За Лукашэнку былі толькі намесьнікі генэральнага дырэктара». Звольненаму рабочаму МАЗу дапамог фонд салідарнасьці


Ілюстрацыйнае фота. Удзельнікі страйку на заводзе МАЗ
Ілюстрацыйнае фота. Удзельнікі страйку на заводзе МАЗ

Праз тыдзень пасьля ўдзелу ў страйку сьлесара галоўнага аўтазборачнага цэху МАЗу Сямёна Фёдарава звольнілі «за невыкананьне працоўных абавязкаў». Але малады чалавек не шкадуе, што далучыўся да страйку.

Сямён Фёдараў расказаў пра цяперашнюю сытуацыю на МАЗе і пра фонд салідарнасьці з рабочымі, які дапамагае яму пасьля звальненьня.

«У перамогу Лукашэнкі ніхто ня верыў»

Сямён расказаў, чаму ён лічыць, што ягоны голас, як і галасы тысяч работнікаў МАЗу, пададзеныя за Сьвятлану Ціханоўскую, прыпісалі Аляксандру Лукашэнку.

«Жыву я ў мікрараёне Шабаны, там шмат рабочых МАЗу ды іншых заводаў. Па настроях ведаю, што людзі ў асноўным галасавалі за Ціханоўскую, стаялі нават чэргі. Выніковых пратаколаў на нашых двух участках чакалі чалавек 200-300, але так і не дачакаліся, на людзей выклікалі АМАП. А потым абвяшчаюць вынік, што нібыта за Лукашэнку 80% — хіба ў гэта можна паверыць?», — успамінае дзень выбараў Сямён Фёдараў.

На наступны дзень ён выйшаў на працу. Рабочыя цікавіліся, што адбывалася ў цэнтры гораду ўвечары 9-га, але, паводле Сямёна, цікаўнасьць яшчэ была сярэдняя. А вось калі праз два дні ўключыўся інтэрнэт і стала вядома пра зьбіцьцё пратэстоўцаў у аўтазаках і на Акрэсьціна, людзі абурыліся.

«Сходы пачаліся 13-га, у чацьвер, а 17-га ўжо 2-3 тысячы выйшлі да прахадной і абвясьцілі пра страйк. І адразу з адміністрацыі нас пачалі запалохваць, казалі, што мы ня маем права страйкаваць. Але людзі не супакойваліся, бо ў перамогу Лукашэнкі ніхто ня верыў. На сходах задавалі пытаньне, хто галасаваў за Ціханоўскую, і падымаўся лес рук, а за Лукашэнку былі толькі намесьнікі гендырэктара. Што да гендырэктара, дык ня памятаю, каб той казаў, што галасаваў за Лукашэнку. Памятаю толькі, што выкручваўся ўвесь час і нават забіраў мікрафон у выступоўцаў, калі што не падабалася», — расказаў Сямён Фёдараў пра першыя сходы рабочых МАЗу пасьля выбараў.

Паводле маладога рабочага, у іхным галоўным аўтазборачным цэху пачалі зьбіраць подпісы за ўдзел у страйку з патрабаваньнем адстаўкі Лукашэнкі, правядзеньня новых сумленных выбараў і вызваленьня палітвязьняў. Ён сам сабраў каля 30 подпісаў, усяго сабралі недзе пад 50. Сямён кажа, патрабаваньне адстаўкі Лукашэнкі і ягонага ўраду падтрымлівала большасьць, а вось на страйк пагадзілася меншая частка. І ўсё ж яны пачалі забастоўку.

«Сядзелі групамі. У нашай групе было чалавек 10. Прычым на нашыя працоўныя месцы, здаецца, так нікога і не прызначылі. У выніку машыны з канвэера сыходзілі недаўкамплектавныя. А праз 4 дні, 19-га жніўня, на нас падрыхтавалі загады на звальненьне ды звольнілі. Але ў мяне асабіста нават тлумачэньняў не ўзялі. За маёй сьпінай склалі пратакол — і гатова. Зь іншымі тое самае», — падзяліўся Сямён Фёдараў.

Ці працягваецца частковы страйк рабочых МАЗу?

Магчымасьці прайсьці на завод у Сямёна Фёдарава ўжо няма, ягоны пропуск анулявалі. З таго, што Сямён ведае ад іншых рабочых, на МАЗе частка рабочых у рознай форме працягваюць пратэставаць.

«Ёсьць тыя, хто трымае так званую італьянскую забастоўку — знаходзяцца на працоўных месцах, але не працуюць. Ёсьць нават тыя, хто брак выпускае. У выніку частка запчастак не даходзіць да месца прызначэньня і ня ўсе машыны сабраныя як мае быць. Ведаю, што за дзень каля 120 неўкамплектаваных машын сыходзіць з канвэера, хаця норма на дзень — 30», — паведаміў былы сьлесар мэханазборачных работ з МАЗу Сямён Фёдараў. Як ён мяркуе, каля 30% рабочых МАЗу дагэтуль не адмовіліся ад намеру страйкаваць.

Яшчэ адным наступствам пратэставых настрояў на МАЗе, паводле суразмоўцы, ёсьць тое, што працаўнікі пачалі выходзіць з афіцыйнага прафсаюзу. «Мне не давялося, бо і ня быў сябрам прафсаюзу, а вось хлопцы нашы адзін за другім ужо выходзяць», — сказаў малады чалавек.

«Завод стары, плацяць мала»

«Фонд салідарнасьці аказаў мне дапамогу грашыма і юрыдычнымі парадамі. Далі 4 тысячы рублёў дапамогі і падрыхтавалі пазоў у суд да МАЗу. Хопіць пратрымацца, пакуль буду судзіцца. Хачу даказаць, што звольнілі мяне незаконна. А там паглядзім. Калі шчыра, на МАЗ вяртацца не гару жаданьнем, бо завод стары, плацяць мала. Мой месячны заробак быў 500 рублёў, і без асаблівых пэрспэктыў на падвышэньне. Хіба з такім заробкам можна завесьці сям’ю і нармальны жыць? » — абураецца Сямён Фёдараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG