Лінкі ўнівэрсальнага доступу

TikTok і WeChat прадаюць частку бізнэсу амэрыканцам. Трамп адклаў забарону


Амэрыканскія кампаніі Oracle і Walmart набудуць 20% глябальнага бізнэсу TikTok у кітайскай кампаніі ByteDance, паведамляе Forbes. Oracle набудзе 12,5% акцый і будзе правайдэрам тэхналёгіі абароны дадзеных відэааплікацыі, а Walmart набудзе 7,5% і стане камэрцыйным партнэрам аплікацыі WeChat у галіне электроннага гандлю і электронных плацяжоў.

Пасьля завяршэньня ўгоды будзе створаная глябальная кампанія TikTok Global, якая, хутчэй за ўсё, будзе зарэгістраваная ў Тэхасе. Яна выйдзе на IPO (публічнае разьмяшчэньне сваіх акцый) на працягу 12 месяцаў на адной з амэрыканскіх біржаў. У сумеснай заяве Oracle і Walmart таксама гаворыцца, што ў будучыні доля амэрыканскіх кампаній у TikTok будзе павялічвацца.

Новая кампанія, па словах прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, таксама зробіць унёсак памерам $5 млрд у адукацыйны фонд для амэрыканскіх дзяцей і падлеткаў.

Угода была заключана пасьля таго, як 6 жніўня Трамп падпісаў распараджэньне аб забароне аплікацыяў TikTok і WeChat у ЗША на працягу 45 дзён, калі яны ня будуць прададзеныя амэрыканскім кампаніям.

Тэрмін ультыматуму кітайскім кампаніям ByteDance і Tencent, якой належыць WeChat, скончыўся 20 верасьня, пра ўгоду было абвешчана напярэдадні гэтай даты. Калі б кампаніі не пайшлі на частковы продаж бізнэсу, у ЗША з 20 верасьня амэрыканскім інтэрнэт-крамам, у тым ліку App Store і Google Play, было б забаронена распаўсюджваць або падтрымліваць мабільныя аплікацыі TikTok і WeChat, а плацяжы ўнутры WeChat у ЗША былі б забароненыя.

Афіцыйнай прычынай забароны аплікацыяў называлася тое, што TikTok і WeChat зьбіраюць зьвесткі пра карыстальнікаў і супрацоўнічаюць са спэцслужбамі Кітаю, таму іх выкарыстаньне стварае рызыкі для нацыянальнай бясьпекі ЗША.

Угоду павінны яшчэ ўхваліць амэрыканскія рэгулятары, але Трамп у суботу ўвечары ўжо паведаміў журналістам, што «бласлаўляе яе ў цэлым».

«Я блаславіў гэтую зьдзелку. Будзе выдатна, калі яны яе закрыюць, але калі не — таксама нічога. Канцэптуальна я яе ўхваліў», — сказаў прэзыдэнт ЗША.

Пасьля гэтага міністар гандлю ЗША Ўілбур Рос заявіў, што адкладзе ўступленьне ў сілу забароны на распаўсюд абедзьвюх аплікацыяў у ЗША.

TikTok — папулярны сэрвіс для стварэньня і прагляду кароткіх відэакліпаў. Паводле дадзеных кампаніі, сёлета ў жніўні колькасьць актыўных карыстальнікаў TikTok у сьвеце перавысіла 700 мільёнаў чалавек, зь іх больш за 100 мільёнаў — у ЗША. Усяго аплікацыю спампавалі больш за 2 мільярды разоў па ўсім сьвеце.

Першапачаткова найбольш верагодным пакупніком лічылася Microsoft, аднак тыдзень таму стала вядома, што ByteDance адмовілася прадаць ёй свой амэрыканскі бізнэс. Сярод іншых патэнцыйных пакупнікоў называлі Walmart Inc. і Oracle Corp., а таксама Twitter Inc.

WeChat належыць кампаніі Tencent Holdings. Аплікацыяй карыстаюцца больш за 1 мільярд чалавек ва ўсім сьвеце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG