17 верасьня Прэзыдыюм Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі выступіў са зваротам, у якім асудзіў ранейшую заяву расейскіх навукоўцаў, якія падтрымалі акцыі пратэстаў у Беларусі.
У звароце да прэзыдыюму Расейскай акадэміі навук сьцьвярджаецца, што заява расейскіх навукоўцаў зьяўляецца «і скажонай, і палітычнай», яна «цалкам пабудаваная на непраўдзівых фактах, атрыманых з электронных СМІ, якія, як вядома, часта паказваюць зьвесткі зыходзячы са сваіх інтарэсаў — паднесьці ўсе аднабакова і „разьдзьмуць з мухі слана“».
На думку сябраў прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук, гэтая заява «толькі на руку купцы разбуральнікаў, якімі кіруюць з-за мяжы, але не Беларусі», а народ «цалкам падтрымлівае дзейнага кіраўніка дзяржавы».
«У заяве гаворыцца пра зьдзекі, якія мелі месца, — адзначаецца ў звароце прэзыдыюму НАН. — Але ці не зьяўляецца зьдзекам агрэсіўнае навязваньне волі малой часткі вялізнай большасьці. Ці не зьяўляецца гвалтам адносна свайго народу так званая вулічная дэмакратыя, калі натоўп, які дзейнічае па мэтадычцы каляровых рэвалюцый, чыніць беззаконьне, правакуе прадстаўнікоў правапарадку і адкрыта заклікае да іншых дзеяньняў, накіраваных на зьвяржэньне законнай улады, зьнішчэньне эканомікі краіны, і просіць ратунку ў заходніх краін».
12 верасьня каля паўсотні расейскіх навукоўцаў (у тым ліку шэсьць акадэмікаў і пяць членаў-карэспандэнтаў Расейскай акадэміі навук) выказалі салідарнасьць з пратэстоўцамі ў Беларусі, якія дамагаюцца новых, сумленных выбараў.
«Наша справа — навука — несумяшчальная са сьвядомай хлусьнёй. Мы салідарныя з тым масавым непрыманьнем афіцыйнай хлусьні, якое дэманструе беларускае грамадзтва. Мы захопленыя выключнай вытрымкай і самаарганізацыяй удзельнікаў мірных акцый пратэсту. Яны паказваюць сьвету ўсё новыя прыклады мужнасьці і самаахвярнасьці дзеля сьцьвярджэньня прынцыпаў розуму, грамадзянскай адказнасьці і чалавечай годнасьці», — гаварылася ў заяве.