Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На ўсё ёсьць суд гісторыі». МЗС Беларусі пракамэнтавала непрызнаньне паўнамоцтваў Лукашэнкі Эўрапарлямэнтам


Міністэрства замежных спраў Беларусі, ілюстрацыйнае фота
Міністэрства замежных спраў Беларусі, ілюстрацыйнае фота

«Мы расчараваныя тым, як Эўрапарлямэнт, які пазыцыянуе сябе ў якасьці сур’ёзнай, абʼектыўнай і дэмакратычнай структуры, ня змог знайсьці ў сабе палітычнай волі зазірнуць далей за свой нос, пераадолець аднабокасьць і ня стаць закладнікам ходкіх штампаў», — гаворыцца ў афіцыйным камэнтары на сайце МЗС.

У ім падкрэсьліваецца, што Беларусь пераканалася ў «неразуменьні працэсаў, якія адбываюцца ў Беларусі, і абсалютнай адарванасьці ад рэалій» з боку Эўрапарлямэнту, за што, паводле МЗС Беларусі, яго «часта крытыкуюць грамадзяне ўнутры самога Эўразьвязу».

На думку МЗС Беларусі, рэзалюцыя Эўрапарлямэнту «носіць відавочна агрэсіўны характар і ня ўтрымлівае ніводнага канструктыўнага альбо ўзважанага тэзісу». Таксама ў адказе ведамства падкрэсьлівае, што эўрапарлямэнтарам «не перашкодзілі б мінімальныя веды міжнароднага права і павага сувэрэнітэту іншых краін».

«Недасканаласьць заклікаў да санкцый і згортваньня адносін для інтарэсаў людзей з Эўропы і Беларусі зусім відавочная. Але зразумела, што эўрапарлямэнтары, у адрозьненьне ад бізнэсу і простых грамадзян, на сабе гэта не адчуюць, таму так лёгка жанглююць гэтымі катэгорыямі. Але на ўсё ёсьць суд гісторыі», — гаворыцца ў камэнтары МЗС.

Што ў рэзалюцыі Эўрапарлямэнту

17 верасьня на пасяджэньні сэсіі Эўрапарлямэнту дэпутаты прынялі рэзалюцыю аб Беларусі, у якой пацьвердзілі,

  • ​што не прызнаюць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў
  • і што пасьля заканчэньня тэрміну паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі Эўрапарлямэнт ня будзе лічыць яго прэзыдэнтам.
  • Эўрапарлямэнт прызнаў Каардынацыйную Раду «часовым прадстаўніком народу, які патрабуе дэмакратычных перамен у Беларусі».


Эўрапарлямэнт рэкамэндаваў Эўракамісіі

  • павялічыць фінансаваньне грамадзянскай супольнасьці Беларусі;
  • замарозіць трансфэры сродкаў Эўразьвязу дзяржаўным і падкантрольным ураду структурам;
  • спыніць пазыкі ўраду ад Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку і ЭББР;
  • арганізаваць канфэрэнцыю донараў для дэмакратычнай Беларусі, дзе разгледзець «шматмільярдны фінансавы пакет» для падтрымкі будучых рэформаў;
  • прыпыніць зь Беларусьсю перамовы аб прыярытэтах эўрапейскага партнэрства;
  • стварыць гуманітарны калідор і спрасьціць выдачу візаў палітычным уцекачам і тым, хто мае патрэбу ў мэдычнай дапамозе пасьля гвалту;
  • распрацаваць у Эўропе адмысловую стыпэндыяльную праграму для студэнтаў, выключаных зь беларускіх ВНУ з палітычных матываў;
  • заклікаць не праводзіць у Беларусі частку чэмпіянату сьвету па хакеі ў 2021 годзе.

    Эўрапарлямэнт заклікаў таксама інстытуты Эўразьвязу і ўрады краін ЭЗ «вывучыць магчымасьць пашырэньня санкцыйнага сьпісу на прадмет уключэньня расейскіх грамадзян, якія непасрэдна ўдзельнічаюць у падтрымцы рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі».

    За рэзалюцыю прагаласавалі 574 дэпутатаў, супраць — 37, устрымаліся — 82.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG