«Наша ніва» апублікавала сваё дасьледаваньне сьмерці футбольнага фаната з Маладэчна Мікіты Крыўцова, якога знайшлі павешаным пасьля акцыі пратэсту 9 жніўня. У гэтай інфармацыі выданьне спасылаецца на сяброў загінулага.
9 жніўня ў Маладэчне мужчына стаяў насупраць ланцуга сілавікоў зь бел-чырвона-белым сьцягам. На наступны дзень ён быў ужо ў Менску, уцёк ад сілавікоў, вяртаўся ў Жодзіна. 11 жніўня яшчэ выходзіў на сувязь — 12-га ўжо не. Сьведка кажа, што 13-га бачыў Крыўцова жывым, але з разьбітым тварам на МКАД у Менску — той прасіў перадаць маці, што зь ім усё нармальна, але днём раней яго схапілі невядомыя, трымалі ў нейкай спартовай залі, выкінулі на наступны дзень на дарозе.
Выданьне таксама здабыло фота ад чалавека, які знайшоў цела Крыўцова 22 жніўня. «На здымку відаць, што Мікіта стаіць на зямлі. Складана ўявіць, як можна скончыць жыцьцё самагубствам у такой позе», — піша «Наша ніва».