У судзе Цэнтральнага раёну Гомля ўдзельнікі адміністрацыйных спраў сутыкнуліся з новаўвядзеньнем. Судзьдзя на паседжаньні прапаноўвае напісаць заяву аб поўным прызнаньні віны. Пры згодзе напісаць такую заяву суд праходзіць у «скарочаным варыянце» і рашэньне нельга абскардзіць. Прынамсі, так заявіла судзьдзя Алеся Осіпава.
14 верасьня ў гомельскіх раённых судах разглядаліся справы затрыманых 11 і 13 верасьня за мітынгі. 11 верасьня ў Гомлі затрымалі сама меней 20 чалавек, 13 верасьня — ня менш за 27.
24-гадовую Марыну Скідан, якая ноч правяла ў ІЧУ, судзіла Алеся Осіпава. На пачатку паседжаньня судзьдзя пацікавілася, ці прызнае дзяўчына віну. І прапанавала пісьмова гэта пацьвердзіць. Судзьдзя патлумачыла, што ў такім выпадку суд будзе скарочаным (у выніку ён цягнуўся каля хвіліны), а рашэньне суду Марына Скідан ня здолее абскардзіць. Дзяўчына пагадзілася, падпісала паперу, і празь некалькі сэкундаў судзьдзя вынесла рашэньне: 15 базавых велічынь штрафу. Судзьдзя не дасьледавала доказы, не вывучала матэрыялы справы, не давала выступіць Марыне Скідан. Гэта і называецца «скарочаны варыянт».
Судзьдзя Віктар Казачок разглядаў справу затрыманага інжынэра хімзаводу Ігара Бахмата. Ён прызнаў віну ва ўдзеле ў мітынгу, і судзьдзя прапанаваў напісаць заяву. Сакратарка суду пачала дыктаваць інжынэру тэкст заявы, а прысутныя ў залі пачалі абурацца: «Так рабіць нельга, вы прымушаеце чалавека нешта падпісваць, такой нормы няма ў заканадаўстве». Судзьдзя зьвярнуўся да інжынэра: «Так, ня трэба пісаць заяву, раз прысутным гэта не падабаецца, яны вам зрабілі мядзьведжую паслугу». Ігар Бахмат гатовы быў працягнуць напісаньне заявы, але судзьдзя настойваў, што «ўжо ня трэба, усё!» і пакараў яго адразу арыштам на 8 сутак. «Вы мяне пасадзілі на суткі? За што? У мяне чацьвёра дзяцей і жонка, хто пра іх паклапоціцца, хто іх будзе карміць?» — задаў пытаньне судзьдзі інжынэр.
Пасьля Віктар Казачок разглядаў справу затрыманага праграміста Рыгора Есьмана. «Ну, заяву я вам ня буду прапаноўваць пісаць, бо тут прысутнічаюць людзі, якія будуць гаварыць потым пра нейкі прымус», — заўважыў на паседжаньні судзьдзя і даў праграмісту адны суткі арышту.