Гарадзенку Людмілу Таранок асудзілі за тое, што яна сарвала з міліцыянта ў цывільным маску.
Як паведаміў ейны сын Міхал Шаўчэнка, за дробнае хуліганства і ўдзел у недазволеным масавым мерапрыемстве маці асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту і 405 рублёў штрафу.
Жаночая акцыя праходзіла ў Горадні на прыступках унівэрмагу «Нёман» удзень 12 верасьня. Некалькі дзясяткаў дзяўчат і жанчын вадзілі карагоды, сьпявалі пратэставыя песьні, скандавалі лёзунгі: «Саджайце дрэвы, а не людзей», «Верым, можам, пераможам», «Жыве Беларусь».
Іх здымаў хлопец у цывільным. Людміла Таранок сьцягнула зь яго маску. Той адразу сышоў пад воклічы «Ганьба». Людмілу затрымалі ў яе дома ноччу пасьля здарэньня.