Сьведка страляніны расказаў Свабодзе падрабязнасьці здарэньня.
Са Свабодай зьвязаўся жыхар Менску, які ўвечары 13 верасьня стаў сьведкам прымяненьня міліцыяй агнястрэльнай зброі.
«Учора, у 18:25, тры машыны ДАІ і мікрааўтобус зь людзьмі ў масках гналіся за белым аўтамабілем „УАЗ“ па вуліцы Ціміразева з боку Радужнай, — расказаў сьведка здарэньня (ён папрасіў не публікаваць яго імя. — РС). — Дагналі на Камайскай, каля дома нумар 2. На нашых вачах з аўтамабіля ДАІ выбег даішнік і пачаў страляць зь пісталета. Камэру на тэлефоне я ўключыў толькі праз сэкундаў 15, калі зноў зьявіўся агляд і я змог прытармазіць».
Сьведка ўдакладняе, што інцыдэнт бачылі таксама іншыя людзі, якія былі побач з месцам здарэньня. Ён сам ня бачыў параненых у выніку страляніны. Кажа, што дакладна чуў адзін стрэл.
«Адзін стрэл дакладна, — дадае відавочца. — Мы ехалі з боку МКАД. „УАЗ“ пасьля спыненьня засланіў бус сілавікоў. ДАІшнік быў перад першай машынай ДАІ, ля капота. Страляў зь дзьвюх рук, перад сабой. Гэта значыць, не ў паветра. Альбо ў чалавека, альбо ў радыятар „УАЗа“. Выбліск ад стрэлу і воблака дыму мы бачылі (у аўтамабілі разам з суразмоўцам Свабоды былі яшчэ тры чалавекі). Ці былі яшчэ стрэлы, ня ведаю, бо на некалькі сэкундаў агляд закрылі дрэвы і ДАІшнік перамясьціўся да „УАЗа“. Адзінае, у чым упэўнены на 100%, што стралялі ня людзі ў масках, а супрацоўнік у форме ДАІ».
Відавочца перадаў Свабодзе зроблены на месцы падзей відэазапіс. На ім можна бачыць сілавікоў у масках побач зь некалькімі затрыманымі, а таксама міліцэйскую тэхніку з уключанымі праблісковымі маячкамі. ГУУС Менаблвыканкаму цяпер рыхтуе афіцыйны каментар аб гэтым здарэньні.