Амбасадар Беларусі ў Нідэрляндах Андрэй Еўдачэнка ў інтэрвію нідэрляндзкаму тэлеканалу выказаўся за дыялёг паміж рознымі палітычнымі сіламі ў Беларусі і асудзіў гвалт з боку сілавікоў, піша Tut.by.
Еўдачэнка заявіў, што ў Беларусі насьпела неабходнасьць маштабных рэформаў. Дыплямат тлумачыць, што краіна знаходзіцца паміж саюзнай Расеяй з аднаго боку і ЭЗ з другога: «Мы на 95% эканамічна залежныя ад Расеі. Прыдумаць новы сьцяг ці новы гімн даволі лёгка, але адносіны з Расеяй — самая складаная частка жаданых зьменаў»
Дыплямат ня бачыць іх пасьпяховай рэалізацыі пад кіраўніцтвам Святланы Ціханоўскай: «Я ня ведаю спадарыню Ціханоўскую, ніколі не сустракаў яе. Яна, пэўна, добрая гаспадыня. Але маёй краіне патрэбен іншы лідэр — зь вялікім досьведам».
Пасол заявіў, што гатовы прыняць выбар беларускіх грамадзянаў, калі большасьць не падтрымае Аляксандра Лукашэнку.
Андрэй Еўдачэнка займаў пасаду першага намесьніка міністра замежных спраў Беларусі з чэрвеня 2016 да ліпеня 2020, а таксама намесьніка міністра -- з 2006 па 2011. Таксама быў амбасадарам Беларусі ў Вугоршчыне, Бэльгіі і пастаянным прадстаўніком Беларусі пры Эўразьвязе.