Затрыманыя журналісты правялі ноч на Акрэсьціна
Ноч у ізалятары на менскім завулку Акрэсьціна правялі журналісты Аляксандар Васюковіч, Уладзь Грыдзін і Ягор Калягін, паведамляе карэспандэнт Свабоды. Журналістаў затрымалі а 21-й гадзіне 14 верасьня ў менскім бары «1067».
Журналістаў вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыяваным мерапрыемстве, дата суду невядомая на момант публікацыі.
Васюковіч сядзеў у бары разам з Грыдзіным і Калягіным, расказала Свабодзе іх суседка па століку Жанна. Пасьля таго, як мужчыны выйшлі пакурыць і вярнуліся ў бар, па іх зайшлі 6-7 чалавек у балаклавах. Мужчын затрымалі і забралі іхнае абсталяваньне. Імёны іншых затрыманых пакуль невядомыя.
У Менску 13 верасьня падчас Маршу герояў затрымалі гісторыка Нацыянальнай акадэміі навук Міколу Волкава.
Ён вядомы тым, што дасьледуе Стары замак у Горадні і вядзе дыскусіі аб яго аднаўленьні. Дзе цяпер знаходзіцца Волкаў, дакладна невядома, сваякам не даюць дакладнай інфармацыі. Яго маглі перавезьці ў Жодзіна. У Міколы ёсьць жонка і двое малых дзяцей.
Сябра стачкаму «Беларуськалія» Рамана Лявончыка арыштавалі на 15 сутак за ўдзел у несанкцыяваным мерапрыемстве. На той жа тэрмін арыштавалі былога сябра стачкаму Паўла Разумоўскага, піша тэлеграм-канал стачкаму.
Суд праходзіў у будынку Салігорскага РАУС.
Тэлевядоўцы Дзяніс Дудзінскі і Дзьмітры Кахно выйшлі на волю пасьля 11 з паловай дзён арышту
Свабодзе гэта пацьвердзіла жонка Дудзінскага Кацярына Раецкая. Іх чакалі на волі яшчэ два дні таму, але ў ізалятары заявілі, што родныя «няправільна палічылі суткі». Такім чынам, ім прысудзілі 10 дзён арышту, за кратамі яны прабылі зь вечара 2 верасьня.
Сьвятлана Ціханоўская зьвярнулася да Пуціна: «Што б вы ні прынялі і пра што б вы ні дамовіліся падчас сустрэчы ў Сочы — гэта ня будзе мець законнай моцы»
Паводле яе, усе дамовы, падпісаныя з Лукашэнкам, будуць перагледжаныя новай уладай, бо «беларускі народ адмовіў Лукашэнку ў даверы і падтрымцы на выбарах».
«Я вельмі шкадую, што вы вырашылі весьці дыялёг з узурпатарам, а не зь беларускім народам», — зьвярнулася Ціханоўская да Пуціна
Каля менскай кавярні OʼPetit, дзе сілавікі разьбілі шыбу тыдзень таму, рабочыя дэмантуюць лаўкі. Прычынаў не тлумачаць.
Пасьля таго інцыдэнту зь сілавікамі менчукі стаялі ў доўгіх чэргах, каб замовіць кубачак кавы і такім чынам дапамагчы кавярні
Дасылайце свае фота і відэа ў тэлеграм нашаму рэдактару @SvabodaBelarus. Ананімнасьць гарантаваная.
«Марш герояў» у Менску 13 верасьня. Відэа з вышыні, раён «Мінск-Арэны» і Драздоў. Пік калёны ў 17.30. У 17.38 толькі паказаўся хвост.
Аляксандра Лукашэнку сустракаў у Сочы на лётнішчы губэрнатар Краснадарскага краю Венеямін Кандрацьеў.
Памежны камітэт патлумачыў, чаму мітрапаліта Кандрусевіча не пусьцілі ў Беларусь: «Пашпарт прызналі несапраўдным»
Такое тлумачэньне перадае Catholic.by. Як так склалася, што пашпарт грамадзяніна Беларусі прызналі несапраўдным, пакуль той быў за мяжой, і цяпер ён ня можа законна трапіць у краіну, грамадзянінам якой зьяўляецца, незразумела.
Мітрапаліт Кандрусевіч рыхтуе свой зварот у МУС з гэтай нагоды, паведаміў Свабодзе прэсавы сакратар Беларускага каталіцкага касьцёла айцец Юры Санько.
Як хлусілі пра маё затрыманьне
Піша блогерка Свабоды Наста Захарэвіч:
«Мне ў Цэнтральным РУУСе Менску казалі, што з маёй маці зьвяжуцца на працягу трох гадзін і рэгулярна абяцалі, што вось-вось мяне адпусьцяць. Але з маці ніхто не зьвязваўся, а маім сяброўкам і каляжанкам, якія прыйшлі да РУУСу, казалі, што мяне там няма і ўвогуле ніколі не было».
Сустрэча Лукашэнкі і Пуціна ідзе сам-насам
Хоць раней паведамлялася, што да яе могуць далучыцца амбасадары. Ні падпісаньня дакумэнтаў, ні супольнай прэс-канфэрэнцыі па выніках перамоваў не заплянавалі.
Разам з тым у Крамлі адзначалі важнасьць візыту Лукашэнкі «з улікам тых дзён, якія перажывае Беларусь».
Лукашэнка заявіў раней, што разьлічвае на сустрэчы з расейскім калегам паставіць «тлустую кропку» ў рэалізацыі дамоўленасьцяў, дасягнутых раней прэм’ерамі дзьвюх краін, у прыватнасьці ў сфэры паставак энэрганосьбітаў
У Радзе ААН у правах чалавека адбудуцца тэрміновыя дэбаты аб Беларусі
Дэбаты пройдуць18 верасьня на просьбу Эўразьвязу.
Вярхоўны камісар ААН у пытаньнях правоў чалавека Мішэль Бачэлет на адкрыцьці сэсіі Рады ў Жэнэве 14 верасьня заявіла, што ўсе паведамленьні пра рэпрэсіі, празьмернае ўжываньне сілы, катаваньні і выкраданьні ўдзельнікаў акцый пратэсту ў Беларусі павінны быць належным чынам расьсьледаваны, а вінаватыя прыцягнуты да адказнасьці.
Усім тром чальцам страйкаму «Беларуськалію», якіх сёньня судзілі ў Салігорску, прысудзілі 15 дзён арышту: Раману Лявончыку, Сяргею Чаркасаву і былому чальцу страйкаму Паўлу Разумоўскаму.
Чэская перакладчыца: «Стомленыя і абыякавыя людзі сталі нацыяй, якая паўстала»
Чэская перакладчыца беларускай літаратуры Сьвятлана Ўранава кажа, што, калі ў Беларусі зьменіцца рэжым, беларуская мова вернецца да жыцьця ў грамадзтве.
- «Любы зь беларусаў можа пачаць размаўляць па-беларуску адразу, а астатняе — апраўданьні. Напачатку яны будуць рабіць памылкі, блытацца, але вельмі хутка загавораць. Уся праблема ў тым, што большасьць зь іх гэтага ня хоча».
- «Падчас цяперашняй рэвалюцыі цікава назіраць, як людзі на вуліцах рэагуюць на беларускія пытаньні рэпартэраў незалежных СМІ. Шмат хто пачынае адказваць па-беларуску, але пасьля некалькіх фразаў спыняецца і пераходзіць на расейскую. Я лічу, што як толькі ў краіне зьменіцца рэжым, беларуская мова можа вярнуцца даволі хутка».
Сайт міністэрства падаткаў і збораў і электронныя сэрвісы «працуе ў штатным рэжыме», сьцьвярджае прэс-служба міністэрства ў камэнтары Tut.by.
У міністэрстве прызнаюць, што хакерскія атакі ідуць, але сьцьвярджаюць, што збояў у працы сэрвісаў няма, хіба «нязначныя праблемы з уваходам у асабістыя кабінэты карыстальнікаў». Паведамленьні пра збоі ад саміх карыстальнікаў былі неадназначныя: некаторыя пісалі і пра збоі ў асабістым кабінэце, і пра праблемы з АРІП.
МУС расказала пра яшчэ адзін стрэл учора на пратэстах у Менску
Як сьцьвярджае міністэрства, 13 верасьня на вуліцы Ціхай у Менску «агрэсіўны натоўп аказаў непадпарадкаваньне», нападнікі мелі «гумовыя палкі і водаправодныя трубы», «закідалі міліцыянтаў камянямі і бутэлькамі». Адзін схапіў міліцыянта за куртку, паваліў на зямлю, выхапіў траўматычны пісталет «Оса», але міліцыянт выхапіў у яго пісталет і зрабіў папераджальны стрэл уверх.
МУС публікуе відэа сьведкаў, на якім інцыдэнту ня бачна, але чуваць стрэлы. Стрэлы ў паветра з помпавага ружжа каля Драздоў, якія прызналі ўчора, у паведамленьні ня згадваюць
Тэлевядоўца Дзяніс Дудзінскі — пра мэню на Акрэсьціна і вызваленьне са спазьненем
Тэлевядоўцы Дзяніс Дудзінскі і Дзьмітры Кахно на волі пасьля 11 з паловай дзён арышту. Дзяніс Дудзінскі расказаў Свабодзе пра тое, чаму не адпусьцілі своечасова, пра меню ў ізалятары і пра відэа на дзяржканале.
Пракуратура папярэдзіла звыш 100 бацькоў за ўдзел непаўналетніх у акцыях, пагражае, што будуць забіраць дзяцей
За ўдзел непаўналетніх у масавых акцыях ім самім і іх бацькам пагражае адміністрацыйная адказнасьць: ад штрафу аж да забіраньня дзяцей зь сям’і.
Пра гэта начальнік аддзелу нагляду за выкананьнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Генэральнай пракуратуры Аляксей Падвойскі заявіў у эфіры тэлеканалу СТБ.
Па яго словах, удзел непаўналетніх у несанкцыянаваных мерапрыемствах азначае парушэньне як унутраных, так і міжнародных прававых актаў. Маўляў, дзіця ў такім выпадку знаходзіцца ў месцы, дзе няма гарантый яго бясьпекі, а дарослыя нясуць адказнасьць за падобныя дзеяньні.
Цяпер з бацькамі, якія бралі дзяцей на акцыі, праводзяцца гутаркі, а таксама на іх адрас выносяцца афіцыйныя папярэджаньні. Аднак у некаторых выпадках органы апекі могуць ставіць пытаньне аб сацыяльна небясьпечным становішчы дзіцяці.
Як расказаў прадстаўнік Генпракуратуры, калі ў акцыі бярэ ўдзел падлетак старэйшы за 16 гадоў, на яго можа накладацца штраф. А калі на акцыі дзіця малодшае за гэты ўзрост, то адміністрацыйную адказнасьць могуць панесьці бацькі.
Ён удакладніў, што па розных фактах папярэджана больш за 100 бацькоў і дзяцей. Забіраньне дзіцяці з сям’і ў некаторых выпадках таксама магчымае, адзначыў чыноўнік. Аднак з бацькамі вядзецца пераважна рэабілітацыйная работа, бо адабранне дзяцей ня ёсьць мэтай дзяржаўных органаў.
Відавочцы: пасьля «Маршу герояў» міліцыя на вуліцы Камайскай страляла па аўтамабілі
Сьведка страляніны расказаў Свабодзе падрабязнасьці здарэньня.