Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка прыляцеў у Сочы
Аляксандар Лукашэнка прыляцеў у Сочы

Лукашэнка ў Сочы. Пад Магілёвам знайшлі «партызанаў». Журналісты на Акрэсьціна. Што адбываецца у 37-ы дзень беларускіх пратэстаў

абноўлена

Што адбываецца у 37-ы дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

23:43 14.9.2020

Зяленскі: Ня будзе дыялёгу ў Беларусі — можна атрымаць «нешта накшталт Майдану»

Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі лічыць , што ў выпадку адсутнасьці дыялёгу паміж уладай і народам Беларусь можа атрымаць «нешта накшталт Майдану».

Пры гэтым украінскі прэзыдэнт адзначыў, што ня бачыць «сымбалічнага лідэра», вакол якога людзі ў Беларусі маглі б згуртавацца. Ён таксама заявіў, што «у любым выпадку падтрымлівае беларускі народ» і для яго важна, «каб беларусы самі вырашалі сваю будучыню».

22:40 14.9.2020

18-гадовую дзяўчыну, якая размалявала сыстэму «Рубеж», адпусьцілі. У яе «крыміналка»

«Я выказала тое, што я думаю пра ўладу, — кажа Соня. — Вось колькі плякатаў і лёзунгаў, і ніводзін зь іх не пачуты. А мае словы былі пачутыя». Дзяўчыну затрымалі 6 верасьня. Яе вінавацяць па двух артыкулах КК — 339 («Хуліганства») і 342 («Арганізацыя групавых дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).

Соня прызнае, што ўжывала ў выказваньні і нецэнзурныя словы.«У інтэрнэце было вельмі шмат відэа, як я гэта раблю. У РУУС так і сказалі, што табе няма сэнсу падманваць, мы ўжо ўсе твае малюнкі бачылі». Максымальнае пакараньне па 342 артыкуле — да 6 гадоў зьняволеньня.

Чытаць далей.

21:30 14.9.2020

Расея адкліча вайсковую рэзэрву для Беларусі

Пуцін і Лукашэнка дамовіліся, што разьмешчаная на мяжы рэзэрва расейскіх сілавікоў будзе зьнятая, іх адправяць у месцы дысьлякацыі. Пра гэта паведамляе агенцтва РИА-Новости.

27 жніўня прэзыдэнт Расеі паведаміў што на просьбу кіраўніка Беларусі сфармаваў рэзэрву з супрацоўнікаў праваахоўных органаў РФ «для дапамогі Беларусі пры неабходнасьці».

«Расейскія сілы ня будуць выкарыстоўвацца да таго часу, пакуль экстрэмісцкія элемэнты ў Беларусі не пяройдуць межаў, не пачнуць разбой» — патлумачыў тады Пуцін.

21:28 14.9.2020

Хто цяпер замест Бабарыкі і Калесьнікавай гаворыць ад імя Каардынацыйнай рады

Топ-мэнэджар EPAM Максім Баграцоў запісаў зварот да беларусаў.

«Яшчэ тры месяцы таму вы слухалі Віктара Бабарыку, потым ад імя штабу з вамі гаварылі Марыя Калесьнікава і Максім Знак, цяпер гэта раблю я.
Неўзабаве на маім месцы можа зьявіцца нехта іншы, а потым магчыма нехта яшчэ, але гэта ўсё не катастрофа. Колькі б людзей ні пазбавілася волі, немагчыма абыйсьці аб’ектыўныя законы разьвіцьця грамадзтва, эканомікі і проста арыфмэтыкі», — кажа ён.

21:00 14.9.2020

«Крэмль стаміўся вытаргоўваць у Менску любую дробязь». Пра што дамовіліся Лукашэнка і Пуцін?

Якія папярэднія вынікі сустрэчы кіраўнікоў Беларусі і Расеі? Якія эканамічныя праблемы Беларусі вырашыць крэдыт у 1,5 млрд даляраў? Навошта Крамлю канстытуцыйная рэформа ў Беларусі?

На гэтыя пытаньні адказваюць палітолягі: зь Менску — Арсені Сівіцкі, з Масквы — Максім Самарукаў.

20:23 14.9.2020

Свабодны тэатар абвясьціў кампанію за вызваленьне Калесьнікавай #freekalesnikava

«Гэта ня значыць, што мы патрабуем толькі яе вызваленьня — у яе асобе мы патрабуем вызваленьня ўсіх беларускіх палітвязьняў», — тлумачаць ініцыятары кампаніі.

Праз гэтую кампанію тэатар спадзяецца «ўцягнуць у барацьбу з дыктатурай тысячы калег з розных краін — для таго, каб яны праявілі салідарнасьць зь беларусамі і ўзмацнілі наш голас у сьвеце».

20:16 14.9.2020

Масква падштурхоўвае Лукашэнку да канстытуцыйнай рэформы і новых выбараў

Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што галоўным пытаньнем парадку дня перамоваў у Сочы было вырашэньне беларускага палітычнага крызісу.

Сьцісла:

  • Лукашэнка паехаў да Пуціна ў сытуацыі палітычнай слабасьці.
  • Сытуацыя зьневажальная ня толькі асабіста для Лукашэнкі, але і для Беларусі ў цэлым. Яе лёс спрабуюць вырашыць у суседняй дзяржаве
  • Крэдыт у $1,5 млрд азначае, што Масква вяртаецца да палітыкі датацый свайму саюзьніку.
  • Падпісаньне нейкіх дакумэнтаў па інтэграцыі магло б стаць дадатковым алеем у агонь беларускіх пратэстаў.
  • Масква прымушае Лукашэнку да канстытуцыйнай рэформы і правядзеньня датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў.

Чытаць далей.

20:09 14.9.2020

Польскі прэм'ер прадставіць «плян Маршала» для Беларусі на саміце ЭЗ

Кіраўнік ураду Польшчы Матэвуш Маравецкі мае намер на бліжэйшым саміце Эўразьвязу прадставіць своеасаблівы «плян Маршала» для Беларусі. Праект ухвалены дзяржавамі Вышаградзкай групы. Яго прапануецца рэалізаваць у выпадку правядзеньня ў Беларусі паўторных выбараў, паведамляе PAP.

20:08 14.9.2020

Пяскоў пракамэнтаваў выдзяленьне крэдыту Беларусі

«Беларусі будзе выдзелены новы крэдыт на $1,5 млрд, частка пойдзе на рэфінансаваньне ранейшых даўгоў, частка — новыя сродкі.

Сытуацыю з крэдытам Беларусі нельга трактаваць як умяшаньне ва ўнутраныя справы, крэдыт прадстаўляецца братэрскай краіне, якой Расея аказвала і будзе аказваць падтрымку», — сказаў прэс-сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў.

19:34 14.9.2020

Бабруйскі апазыцыянэр расказаў, як яго затрымалі ў аптэцы

У Бабруйску выйшаў на волю з ізалятара мясцовы вэтэран апазыцыйнага руху, былы дэпутат гарсавету, журналіст Аляксандар Чыгір. 14 верасьня яго асудзілі на трое сутак за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце. Арышт ён адбыў да суду.

Затрымалі Чыгіра ў аптэцы, дзе працуе жонка. Яна даслала мужу смс, што прыйшла міліцыя. Ён кінуўся ратаваць жонку, а калі прыбег, то затрымалі яго самога.

Жонцы выпісалі позву на допыт — яна чакае суду за парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў.

Раней Алеся Чыгіра затрымлівалі таксама ў аптэцы. Тады яго зьбілі.

19:03 14.9.2020

Перамовы Лукашэнкі з Пуціным завяршыліся

Перамовы ішлі больш за чатыры гадзіны, паведамляе блізкі да прэс-службы Лукашэнкі канал «Пул первого».

Гэтыя перамовы анансавалі ў фармаце «адзін на адзін», адкрытая частка была даволі кароткая. Па заканчэньні перамоваў не плянавалі падпісваць дакумэнты і даваць прэс-канфэрэнцыі.

18:52 14.9.2020

Аднаго зь лідэраў стачкаму МТЗ вызвалілі — не змаглі асудзіць, бо адключылася сьвятло

Вадзіма Пайвіна затрымалі вечарам 11 верасьня. Сёньня каля 16 гадзіны яго пачалі судзіць, але ў судзе адключылася сьвятло, паведамляе стачкам МТЗ. Судзьдзя накіравала пратакол на дапрацоўку ў РУУС, але 72 гадзіны ад часу затрыманьня скончыліся — затрыманага вымушаныя былі адпусьціць.

18:36 14.9.2020

Ціханоўская пракамэнтавала расейскі крэдыт Лукашэнку: «Гэта падоўжыць яго агонію»

«Я спадзяюся, што Пуцін разумее, што менавіта Лукашэнка, а ня наш народ павінен будзе аддаваць гэты крэдыт. Мой камэнтар — гэта зварот да грамадзян Расеі: „Дарагія расейцы! Вашымі падаткамі будуць аплачаныя нашы пабоі. Мы ўпэўненыя, што вы гэтага не хацелі б“. Агонію Лукашэнкі гэта можа падоўжыць, але перамогі народу прадухіліць ня зможа».

18:24 14.9.2020

Ці могуць кібэрпартызаны ўзламаць падатковую сыстэму? Разьбіраемся з экспэртамі

Ананімная супольнасьць ІТ-спэцыялістаў прыгразіла Аляксандру Лукашэнку ўзламаць падатковую і банкаўскую сыстэмы. Свабода пагутарыла з двума спэцыялістамі ў кібэрбясьпецы пра тое, наколькі гэта рэальна.

Тэзісна:

  • Узлом некалькіх дзяржаўных сайтаў паказаў, што рукі ў кібэрпартызан растуць «адкуль трэба».
  • За ўвесь час падатковая не змагла наняць добрых спэцыялістаў, каб зрабіць сыстэму зручнай. Таму ўзломы выглядаюць «абсалютна ня дзіўна».
  • З банкаўскай сыстэмай «усё складаней», бо там працуе шмат добрых і высокааплатных спэцыялістаў.

Чытаць далей

18:19 14.9.2020

Акцыя супрацоўнікаў 9-й лякарні ў Менску

Учора затрымалі пяць мэдыкаў гэтай лякарні.

18:17 14.9.2020

На дзяўчыну, якая сарвала маску зь міліцыянта ў Менску, завялі крымінальную справу

11 верасьня мянчанка Юлія разам зь іншымі людзьмі прыйшла да будынку суду падтрымаць прадстаўнікоў страйкаму «Беларуськалію». Кіраўніцтва прадпрыемства патрабавала прызнаць страйк незаконным. Прыехалі сілавікі і пачалі затрымліваць людзей проста перад судом. Гэтаксама затрымалі і Юлію.

Як стала вядома Свабодзе, на Юлію завялі крымінальную справу за «гвалт супраць супрацоўніка органаў унутраных спраў». Дзяўчына выйшла на свабоду, але ўжо заўтра, 15 верасьня, павінна зьявіцца на допыт, расказала Свабодзе яе маці.

18:02 14.9.2020

Што сказаў Пуцін падчас перамоваў з Лукашэнкам: крэдыт, АДКБ, канстытуцыйная рэформа

  • Беларусы самі, без падказак звонку, павінны разабрацца ў сытуацыі, якая склалася ў краіне
  • Масква застаецца прыхільнай усім дамоўленасьцям зь Беларусьсю, у тым ліку дамоўленасьці па АДКБ і «саюзнай дзяржаве»
  • Расея дасьць Беларусі крэдыт на 1,5 млрд даляраў
  • Пасьля вучэньняў расейскія вайскоўцы вернуцца зь Беларусі дадому
  • Крэмль ведае аб прапанове Лукашэнкі пачаць працу над рэформай Канстытуцыі. «Лічу, што гэта лягічна, своечасова, мэтазгодна», — сказаў Пуцін.

Пасьля гадзіны непублічных перамоваў гэта агучылі на «публічнай» частцы. Затым перамовы аднавіліся ў закрытым фармаце, трываюць тры зь лішнім гадзіны

17:42 14.9.2020

МУС Беларусі заявіла пра затрыманьне ляснога атраду «Партызанаў Магілёва»

МУС сьцьвярджае, што ў лесе пад Магілёвам спынілі дзейнасьць «ляснога» атраду.

Паводле ведамства, у сацыяльных сетках была створаная супольнасьць «Партызаны Магілёва», куды ўваходзілі 64 карыстальнікі. Удзельнікі нібыта зьбіраліся ў закінутым памяшканьні ў лесе, дзе трэніраваліся, адпрацоўвалі практычныя навыкі вулічных баёў, захопу памяшканьняў, штурмавога альпінізму і вядзеньня баявых дзеяньняў у лесе.

Паводле МУС, група мела бел-чырвона-белыя сьцягі, форменнае абмундзіраваньне з шаўронам «Пагоня», балаклавы, бронекамізэлькі, страйкбольную і пнэўматычную зброю, нажы і радыёстанцыі. Таксама вырабляліся самаробныя запальныя прылады.

Паведамляецца, што падчас чарговай трэніроўкі АМАП затрымаў шэсьць актыўных удзельнікаў групы, пачатая крымінальная справа ў дачыненьні да чатырох зь іх. Гэта маладыя людзі ва ўзросьце ад 16 да 22 гадоў. Іх затрымалі і зьмясьцілі ў ІЧУ.

Пра дзейнасьць сучасных партызан у Магілёве ніхто ня чуў. Ёсьць прарасейскія арганізацыі, якія возяць у летнікі мясцовых школьнікаў.

17:34 14.9.2020

Лукашэнка пра «чырвоныя лініі» падчас пратэстаў: «Пакуль іх ніхто не парушаў»

Падчас перамоваў з прэзыдэнтам Расеі Пуціным кіраўнік Беларусі расказаў аб пратэстах у Беларусі:

«З усьмешкай гляджу: у нас у суботу марш жанчын і дзяўчат, а ў нядзелю агульны марш. У звычайныя дні краіна жыве звычайным жыцьцём. Дый у суботу і нядзелю. Частку Менску мы вызваляем для таго, каб людзі маглі, калі ў іх ёсьць жаданьне, прайсьціся».

Лукашэнка дадаў, зьвяртаючыся да Пуціна: «Але галоўнае, я гэта ўвесь час кажу, — не пераходзіць рысу. Ёсьць «чырвоная лінія» (вам таксама гэта знаёма і вядома больш, чым мне, вам давялося гэтыя лініі крэсьліць па Чачні перш за ўсё, калі вы сталі яшчэ зусім маладым прэзыдэнтам). Барані Бог, вядома, гэта ў Беларусі. Але тым ня менш ёсьць пэўныя «чырвоныя лініі», якія ніхто ня мае права пераходзіць. Пакуль гэтых «чырвоных ліній» ніхто не парушаў».

17:31 14.9.2020

Затрымалі яшчэ аднаго сябра Каардынацыйнай рады — юрыста Канстанціна Цітова

Затрымалі яшчэ аднаго сябра Каардынацыйнай рады дзеля ўрэгуляваньня палітычнага крызісу ў Беларусі — юрыста Канстанціна Цітова.

Пра гэта паведаміла прэс-служба зьняволенага прэтэндэнта на прэзыдэнцтва Віктара Бабарыкі са спасылкай на адваката.

Канстанцін Цітоў уваходзіць у асноўны склад Каардынацыйнай рады. Абставіны зьняволеньня не ўдакладняюцца, але сябры кажуць, што затрыманьне адбылося яшчэ перад пачаткам Маршу герояў 13 верасьня. Яго прозьвішча ёсьць сярод асобаў, якія ўтрымліваюцца ў турме № 8 у Жодзіне.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG