Міліцыя затрымала Дзяніса Каляду, былога кансультанта юрыдычнага ўпраўленьня Міністэрства фінансаў Беларусі
Ён спачатку абвясьціў страйк, а потым сышоў з пасады на знак пратэсту супраць гвалту ў краіне пасьля выбараў.
Днём 13 верасьня ў Менску яго і жонку спынілі міліцыянты. Дзяніс і Тацяна гулялі ўдалечыні ад шэсьцяў, але зь бел-чырвона-белымі сьцягамі на плячах. Ім сказалі, што яны ўдзельнічаюць у несанкцыянаваным мітынгу. Жонку ўвечары адпусьцілі, бо ў хаце засталося непаўналетняе дзіця, а Дзяніса павезьлі ў турму нумар 8 гораду Жодзіна.
Што расказала жонка, чытайце тут.
Лукашэнка заяўляў, што Расея дасьць мільярд, Пуцін даў нават больш
Падчас сустрэчы ў Сочы кіраўнікоў Беларусі і Расеі Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна расейскі лідэр паведаміў, што Расея дае Беларусі крэдыт у памеры 1,5 мільярда даляраў. Раней Лукашэнка казаў, што Расея дасьць 1 мільярд.
Аднак да канца году Беларусь павінна заплаціць па зьнешніх крэдытах 2 мільярды даляраў, прыкладна чвэрць ад наяўных валютных рэзэрваў. Паколькі гэтая запазычанасьць — пераважна перад Расеяй, то атрымліваецца, што РФ проста прафінансуе запазычанасьць Беларусі самой сабе.
Ціханоўская: Лічу сябе народна выбраным прэзыдэнтам
Пра гэта Сьвятлана Ціханоўская заявіла 14 верасьня ў інтэрвію тэлеканалу «Настоящее время», адказваючы на пытаньне пра свой «статус».
Ціханоўская пацьвердзіла сваю ранейшую пазыцыю, што найлепшы выхад зь цяперашняга супрацьстаяньня ў Беларусі — дыялёг, вынікам якога стануць новыя прэзыдэнцкія выбары.
Апазыцыю ў дыялёгу павінна прадстаўляць Каардынацыйная рада, якая цяпер праходзіць «трансфармацыю».
У Гомлі затрымалі журналістаў
У Гомлі затрымалі журналістаў Яўгена Меркіса і Марыну Драбышэўскую. Пра гэта Драбышэўская паведаміла ў сваім Фэйсбуку.
Міліцыя вязе іх у Чыгуначны РАУС.
Перад «Маршам герояў» міліцыя ў Гомлі ўзяла журналістаў пад пільную ўвагу. Так, зь пятніцы пад дамамі Меркіса, Драбышэўскай і Марыі Булавінскай дзяжурыла міліцыя.
Ларысу Шчыракову затрымалі ў пятніцу. Да суду яна была ў ІЧУ. Сёньня, у панядзелак, суд аштрафаваў яе на 675 рублёў.
МУС растлумачыла, чаму міліцыянт у Жодзіне ўдарыў жанчыну ў твар: падумаў, што можа ўдарыць яна
«Нечакана з натоўпу выйшла жанчына і накіравалася да супрацоўніка міліцыі, — тлумачыць МУС. — Наблізіўшыся, яна рэзка накіравала камэру тэлефона міліцыянту ў твар. Зыходзячы з сытуацыі, той выказаў здагадку, што пасьледуе ўдар. Імгненнай рэакцыяй зьявілася ўжываньне фізычнай сілы для самаабароны і затрыманьня».
Прэзыдэнтка Эстоніі нагадала беларускаму кіраўніцтву пра Гаагу
Адказныя за гвалт у Беларусі павінны ўсьведамляць магчымасьць таго, што іх прыцягнуць да Міжнароднага крымінальнага суду, але ўмяшаньне ў справы Беларусі звонку недапушчальнае, заявіла прэзыдэнтка Эстоніі Кэрсьці Кальюлайд.
«Вельмі важна, каб асобы, якія прымаюць рашэньні ў Менску, разумелі, што Гаага ў сапраўднасьці знаходзіцца ня так ужо далёка», — сказала Кальюлайд.
Паводле яе, «вінаватыя ў гвалце супраць беларускай апазыцыі павінны быць як мага хутчэй пакараныя».
У палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай пагоршылася здароўе, — адвакатка
Адвакатка Людміла Казак наведала ў жодзінскім ізалятары сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Марыю Калесьнікаву.
Юрыстка расказала Tut.by, што ў Марыі Калесьнікавай абвастрылася алергія. Таксама да яе падабароннай не даходзяць лісты.
«Прывезьлі яе сюды ў пятніцу, яна ў агульнай камэры на шэсьць чалавек. У Марыі алергія на пыл, напэўна, яе забясьпечылі ня вельмі сьвежымі матрацам, падушкай і пасьцельнай бялізнай. Яна моцна кашляе, нос закладзены, ацёк насаглоткі, сьвярбяць вочы. Мэдычную дапамогу аказваюць, але мы напісалі заяву на імя начальніка турмы, каб памянялі інвэнтар і забясьпечылі перадачу лекаў».
Пры гэтым, паводле Людмілы Казак, стан здароўя Марыі ніяк не адбіўся на яе настроі.
У Гомлі асудзілі выкладчыкаў унівэрсытэтаў, у тым ліку намесьніка дэкана
11 верасьня выкладчык Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўнівэрсытэту імя Сухога Вадзім Бельскі выйшаў да ВНУ з адзіночным пікетам у падтрымку шахтара Юрыя Корзуна. Яго затрымала міліцыя, а суд пакараў арыштам на 3 сутак.
У падтрымку Бельскага выйшлі студэнты, выкладчыкі і неабыякавыя людзі. Пасьля акцыі затрымалі выкладчыка Белдзяржунівэрсытэту транспарту, гісторыка і краязнаўца Яўгена Малікава і намесьніка дэкана тэхнічнага ўнівэрсытэту імя Сухога Ўладзімера Быстранкова.
Малікаву прысудзілі сёньня 5 сутак арышту. Быстранкова, па сьведчаньні тых, хто быў зь ім у ізалятары часовага ўтрыманьня, забралі проста зь лекцыі супрацоўнікі міліцыі. Сёньня суд Навабеліцкага раёну пакараў намесьніка дэкана штрафам у 270 рублёў.
Расейскія навукоўцы выказаліся за новыя выбары ў Беларусі
Расейскія навукоўцы выказалі салідарнасьць з пратэстоўцамі ў Беларусі, якія дамагаюцца новых, сумленных выбараў.
«Мы абураныя рашэньнем кіраўніцтва Расеі аб прызнаньні Аляксандра Лукашэнкі абраным прэзыдэнтам Беларусі. Мы патрабуем адмяніць гэтае рашэньне і ўстрымацца ад любога сілавога ўмяшаньня ў справы суседняй краіны», — пішуць навукоўцы ў заяве, апублікаванай на сайце Scientific.ru.
Заява адкрытая для новых падпісантаў. Да гэта часу свае подпісы паставілі пад ёю каля 200 расейскіх навукоўцаў.
МУС паведаміла пра затрыманьне ў Менску ўдзельнікаў пратэсту, якія напалі на супрацоўнікаў АМАП
Як паведамляе МУС, 13 верасьня на вуліцы Ціхай у пасёлку Дразды пратэстоўцы аказалі супраціў праваахоўнікам, якія «ахоўвалі грамадзкі парадак».
Сьцьвярджаецца, што ў нападнікаў у арсэнале былі гумовыя палкі і водаправодныя трубы. Пратэстоўцы закідалі міліцыянтаў камянямі і бутэлькамі. Цялесныя пашкоджаньні рознай ступені прычыненыя 4 супрацоўнікам АМАП, пашкоджаны службовы транспарт.
Паводле МУС, адзін з дэманстрантаў схапіў міліцыянта за куртку, паваліў на зямлю і выхапіў траўматычны пісталет «Аса». Падчас бойкі сілавіку ўдалося яго вярнуць і зрабіць папераджальны стрэл. 46-гадовага мужчыну затрымалі. Другому затрыманаму 26 гадоў.
Нічога са згаданага не зафіксавана на відэа, якое распаўсюдзіла МУС. Затрыманы гаворыць толькі пра ўдар па міліцэйскай машыне.
У Міністэрстве падаткаў прызналі хакерскія атакі
Сайт Міністэрства падаткаў і збораў і электронныя сэрвісы «працуюць у штатным рэжыме», сьцьвярджае прэс-служба міністэрства ў камэнтары Tut.by.
У міністэрстве прызнаюць, што хакерскія атакі ідуць, але сьцьвярджаюць, што збояў у працы сэрвісаў няма, хіба «нязначныя праблемы з уваходам у асабістыя кабінэты карыстальнікаў». Паведамленьні пра збоі ад саміх карыстальнікаў былі неадназначныя: некаторыя пісалі і пра збоі ў асабістым кабінэце, і аб праблемах з АРІП.
У дзень візыту Лукашэнкі ў Сочы Каардынацыйная рада зьвярнулася да Расеі, яе грамадзкасьці і афіцыйных асоб
«Выбары, якія прайшлі ў Беларусі 9 жніўня і якія трагічныя падзеі, якія пайшлі пасьля іх — забойствы, зьбіцьцё і катаваньні мірных дэманстрантаў — кінулі Беларусь у глыбокі палітычны крызіс. У цэнтры Эўропы ў XXI стагоддзі разьвязаны тэрор у дачыненьні да мірных грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія выказваюць альтэрнатыўны да ўлады пункт гледжаньня,— заяўляе Каардынацыйная рада ў лісьце да грамадзкасьці і афіцыйных асоб Расеі.
У менскай гімназіі выступіла лектарка зь міліцыі. Бацькі выклікалі на размову дырэктара
Раніцай 14 верасьня больш за сотню бацькоў сабраліся на тэрыторыі менскай беларускай гімназіі № 4, каб выказаць прэтэнзіі дырэктару навучальнай установы Андрэю Гоцману.
Прычынай стаў пятнічны прыход у гімназію супрацоўніцы інспэкцыі ў справах непаўналетніх Фрунзэнскага РУУС Менска Вікторыі Рудой. 11 верасьня школьнікаў 8-х клясаў сабралі ў актавую залю, дзе прадстаўніца праваахоўных органаў папярэдзіла дзяцей пра адказнасьць за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах, расказала пра «фашысцкія сымбалі», пад якімі ходзіць апазыцыя, а таксама папярэдзіла, каб больш за двое не зьбіраліся, бо гэта ўжо «масавая акцыя».
Чаму расейская інтэлігенцыя маўчыць пра падзеі ў Беларусі
Журналістка расейскай службы Радыё Свабода Алена Рыкоўцава спрабавала знайсьці адказ на пытаньне Сьвятланы Алексіевіч: Чаму расейская інтэлігенцыя маўчыць пра падзеі ў Беларусі?
МУС праводзіць праверку факту таго, як жодзінскі міліцыянт ударыў жанчыну
«Мы абавязкова гэты інцыдэнт пракамэнтуем і не пакінем яго без увагі. Цяпер праводзіцца праверка. Самае галоўнае, каб уся гэта сытуацыя, якая сёньня актыўна абмяркоўваецца ў інтэрнэце, атрымала абʼектыўную ацэнку», – сказала Чамаданава.
13 верасьня падчас акцыі пратэсту ў Жодзіне міліцыянт ударыў жанчыну ў твар.
Амбасадар Беларусі ў Нідэрляндах: Беларусі патрэбны рэформы, але не пад кіраўніцтвам Ціханоўскай
Амбасадар Беларусі ў Нідэрляндах Андрэй Еўдачэнка ў інтэрвію нідэрляндзкаму тэлеканалу выказаўся за дыялёг паміж рознымі палітычнымі сіламі ў Беларусі і асудзіў гвалт з боку сілавікоў, піша Tut.by.
Еўдачэнка заявіў, што ў Беларусі насьпела неабходнасьць маштабных рэформаў. Дыплямат тлумачыць, што краіна знаходзіцца паміж саюзнай Расеяй з аднаго боку і ЭЗ з другога: «Мы на 95% эканамічна залежныя ад Расеі. Прыдумаць новы сьцяг ці новы гімн даволі лёгка, але адносіны з Расеяй — самая складаная частка жаданых зьменаў»
Дыплямат ня бачыць іх пасьпяховай рэалізацыі пад кіраўніцтвам Святланы Ціханоўскай: «Я ня ведаю спадарыню Ціханоўскую, ніколі не сустракаў яе. Яна, пэўна, добрая гаспадыня. Але маёй краіне патрэбен іншы лідэр — зь вялікім досьведам».
Пасол заявіў, што гатовы прыняць выбар беларускіх грамадзянаў, калі большасьць не падтрымае Аляксандра Лукашэнку.
Андрэй Еўдачэнка займаў пасаду першага намесьніка міністра замежных спраў Беларусі з чэрвеня 2016 да ліпеня 2020, а таксама намесьніка міністра -- з 2006 па 2011. Таксама быў амбасадарам Беларусі ў Вугоршчыне, Бэльгіі і пастаянным прадстаўніком Беларусі пры Эўразьвязе.
У Гомлі супрацоўнікі АМАП пры затрыманьні пашкодзілі нагу 22-гадовай мэдсястры
У Гомлі 13 верасьня пасьля «Маршу герояў» затрымалі 27 чалавек, у тым ліку траіх байкераў і іх пасажыраў. 22-гадовай мэдсястры, якая была пасажыркай, моцна пашкодзілі нагу.
«Нас схапілі супрацоўнікі АМАП і жорстка цягнулі ў мікрааўтобус, „сіні бус“. Мяне штурхалі і пашкодзілі нагу. Аднаго майго прыяцеля білі пры затрыманьні. З Цэнтральнага РАУС мяне забралі на „хуткай“, дыягнаставалі расьцяжэньне зьвязак. Цяпер я хаджу на мыліцах», — расказала Ганна Астаф’ева.
Яна напісала заяву на супрацоўнікаў АМАП. Ноччу 13 верасьня Ганну ўжо апытвалі супрацоўнікі Сьледчага камітэту.
У Гомлі прайшла акцыя ў падтрымку арыштаванага выкладчыка
Выкладчыка БелДУТ Яўгена Малікава міліцыя затрымала 11 верасьня. Ён быў на акцыі ў падтрымку іншага затрыманага выкладчыка — Вадзіма Бельскага. Ён працуе ў ГДТУ ім П Сухога. Суд пакараў яго за адзіночны пікет арыштам на 3 сутак.
Студэнты і ня толькі выйшлі 14 верасьня да будынку БелДУТ. Да іх прыйшла міліцыя, затым — рэктар Юры Кулажанка. Ён загадаў пікетоўцам «пакінуць маю тэрыторыю». Тыя перайшлі на другі бок дарогі, але рэктар прыйшоў і туды.
Рэктар сказаў, што Яўген Малікаў затрыманы за правапарушэньне і «гэта блага». Рэктар адмовіўся адказаць, ці звольніць ён выкладчыка.
«Я вельмі ганаруся сваёй маці». Гарадзенку, якая сарвала маску зь ціхара, затрымалі ноччу. Яна чакае суду ў ізалятары
Гарадзенка Людміла Таранок падчас жаночай акцыі 12 верасьня зьняла зь міліцыянта ў цывільным маску. Цяпер яна чакае суду ў ізалятары. Сын Міхаэль Шаўчэнка расказаў пра сваю маці.
Жаночая акцыя праходзіла ў Горадні на прыступках унівэрмагу «Нёман» удзень 12 верасьня. Некалькі дзясяткаў дзяўчат і жанчын вадзілі карагоды, сьпявалі пратэставыя песьні, скандавалі лёзунгі: «Саджайце дрэвы, а не людзей», «Верым, можам, пераможам», «Жыве Беларусь». Іх здымаў хлопец у цывільным. Дзяўчаты засьпявалі: «Я всегда с собой беру видеокамеру».
Відавочцы: пасьля «Маршу герояў» міліцыя на вуліцы Камайскай страляла па аўтамабілі
Сьведка страляніны расказаў Свабодзе падрабязнасьці здарэньня.