Затрыманых журналістаў «Белсату» Кацярыну Андрэеву і Максіма Калітоўскага пакідаюць да суду на Акрэсьціна, паведамляе тэлеканал.
Кацярына Андрэева паведаміла сваякам, што на іх склалі па два пратаколы паводле арт. 22.9 («Парушэньне закону аб СМІ») і 23.4 («Непадпарадкаваньне міліцыі») КаАП. Міліцыянт, які складаў пратаколы, заявіў, што судзіць іх будуць толькі ў аўторак 15 верасьня.
Да гэтага часу журналісты застануцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня на вуліцы Акрэсьціна.
Кацярыну Андрэеву і Максіма Калітоўскага затрымалі 12 верасьня ў раёне Нямігі падчас асьвятленьня жаночага маршу ў Менску: яны вялі стрым з акцыі. Іх пасадзілі ў мікрааўтобус і адвезьлі ў РУУС Кастрычніцкага раёну Менску. У журналістаў канфіскавалі абсталяваньне, а ім самім пагражалі надзець кайданкі.
Кацярыну Андрэеву нядаўна затрымлівалі падчас маршу 27 жніўня. Яе таксама пакінулі ў ізалятары да суду, тады яна абвясьціла галадоўку проста падчас працэсу, пазьней яе справу адправілі на дапрацоўку.