Агенцтва Bloomberg сьцьвярджае, што мае запіс тэлефоннай канфэрэнцыі амэрыканскай кампаніі Sandvine, дзе кіраўнікі прызналіся ў пастаўках у Беларусь тэхналёгіі, якая фільтруе каля 40% інтэрнэт-трафіку.
У канцы жніўня Bloomberg паведамляў, што менавіта дзякуючы абсталяваньню Sandvine 9 жніўня ў Беларусі былі штучна створаныя праблемы з інтэрнэтам.
Падчас згаданай канфэрэнцыі кіраўніцтва запэўніла супрацоўнікаў, што супраца зь Беларусьсю не парушыла санкцыяў ЗША. У Sandvine таксама прыйшлі да высновы, што інтэрнэт і доступ да пэўных матэрыялаў на вэб-сайтах «не зьяўляюцца часткай правоў чалавека».
Як вынікае з даступных агенцтву Bloomberg запісаў, кампанія плянуе захаваць усё ў сакрэце і папярэдзіла аб звальненьнях за распаўсюд гэтай інфармацыі.
Дадзенае абсталяваньне, як піша агенцтва, дало магчымасьць Нацыянальнаму цэнтру абмену трафікам унесьці ў чорны сьпіс каля 150 мільёнаў URL-адрасоў вэб-сайтаў.