Расейскі палітык Аляксей Навальны цалкам ачуўся пасьля таго, як яго вывелі з мэдычнай комы ў бэрлінскай клініцы. Пра гэта паведамляюць The Insider, Bellingcat і Der Spiegel.
Паводле зьвестак выданьняў, стан здароўя апазыцыянэра «лепшы, чым можна было б чакаць у такой сытуацыі». Навальнаму нават удалося ўспомніць падзеі, якія папярэднічалі яго атручэньню, піша The Insider.
Для сустрэчы з Навальным цяпер трэба пераадолець тры кардоны аховы, піша The Insider са спасылкай на крыніцу. Ахова шпіталя была ўзмоцненая пасьля таго, як стала ясна, што Навальны ўсё памятае, паколькі гэта робіць ягонае становішча больш небясьпечным.
У нямецкай клініцы Навальны знаходзіцца ад 22 жніўня. Яму стала дрэнна за два дні да гэтага — 20 жніўня ў самалёце падчас палёту з Томску ў Маскву: у Томску ён знаходзіўся некалькі дзён у паездцы з актывістамі мясцовага штабу. Самалёт, у якім ляцеў палітык, прызямліўся ў Омску, дзе апазыцыянэра адправілі ў рэанімацыю ў мясцовы шпіталь. Лекары не давалі згоды на яго транспартаваньне ў Бэрлін, але потым яго ўсё-ткі атрымалася вывезьці. Паводле паплечнікаў, Навальнага, хутчэй за ўсё, атруцілі таксінам, які маглі падмяшаць у гарбату.
2 верасьня афіцыйны прадстаўнік ураду ФРГ Штэфан Зайбэрт заявіў, што ў арганізьме Навальнага знайшлі сьляды хімічнага атрутнага рэчыва з групы «Навічок», а канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель запатрабавала ад Расеі тлумачэньняў. Расейскія ўлады катэгарычна адмаўляюць дачыненьне да атручваньня апазыцыйнага палітыка.