У кватэры выканаўчага сакратара Каардынацыйнай рады Івана Краўцова правялі вобшук прадстаўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў, паведаміла прэс-служба штабу Віктара Бабарыкі.
«Гэта адзіная інфармацыя, якую мы атрымалі сёньня пра нашых зьніклых сябраў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады цягам 7 гадзін», — сказаў Свабодзе юрыст Максім Знак.
Сувязь з выканаўчым сакратаром Каардынацыйнай рады Іванам Краўцовым прапала з раніцы. Студэнцкая ініцыятыўная група пазьней паведаміла пра затрыманьне Івана Краўцова.
Таксама раніцай 7 верасьня каля Нацыянальнага мастацкага музэю ў Менску невядомыя людзі пасадзілі ў мікрааўтобус з надпісам «Сувязь» чальца прэзыдыюму рады Марыю Калесьнікаву і павезьлі ў невядомым кірунку. У МУС заявілі, што не валодаюць інфармацыяй пра яе затрыманьне. Дзе яна, па стане на 18 гадзін у Каардынацыйнай радзе інфармацыі няма.
Каардынацыйная рада па ўрэгуляваньні палітычнага крызісу ў краіне створаная з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай, якая цяпер у Літве. Першае пасяджэньне прайшло 19 жніўня. На наступны дзень Генпракуратура паведаміла, што па факце стварэньня і дзейнасьці КР распачатая справа паводле арт. 361 КК (заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы).
У СК на допыт па справе выклікалі сябраў прэзыдыюму КР Сьвятлану Алексіевіч, Максіма Знака, Лілію Ўласаву, Паўла Латушку, Сяргея Дылеўскага і Марыю Калесьнікаву, а таксама сябраў рады Івана Краўцова, Паўла Данэйку і Юрыя Губарэвіча, Антона Раднянкова.
31 жніўня супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю затрымалі сябра прэзыдыюму КР, міжнароднага мэдыятара Лілію Ўласаву. Супраць Уласавай завялі крымінальную справу.
Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Вольгу Кавалькову вывезьлі з турмы на Акрэсьціна ў Польшчу.