Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прынамсі чатыром пратэстоўцам спатрэбілася дапамога мэдыкаў пасьля разгону каля Партызанскага праспэкту


Кардон сілавікоў у цэнтры Менску
Кардон сілавікоў у цэнтры Менску

Падчас разгону калёны дэманстрантаў на вуліцы Чабатарова ў Менску затрымалі журналіста «Радыё Рацыя» Арцёма Сізінцава, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Ён пасьпеў сказаць праз тэлефон, што разам зь іншымі пратэстоўцамі знаходзіцца ў аўтазаку і іх вязуць у міліцыю.

Сілавікі загрузілі пратэстоўцаў у чатыры аўтазакі і аўтобус, пасьля чаго пакінулі месца разгону дэманстрантаў. Пратэстоўцы крычалі ім «Фашысты!», «Ганьба!», «Сыходзь!», паведамляе БелаПАН.

На месца разгону выклікалі мэдыкаў, якія аказалі дапамогу мінімум чатыром удзельніцам акцыі пратэсту. Адну з пацярпелых перадалі мэдыкам супрацоўнікі АМАП. На хуткай зь мігалкамі адну зь дзяўчат павезьлі ў бальніцу.

У падтрымку пратэстоўцаў выйшлі жыхары найбліжэйшых дамоў.

Раней некалькі сотняў чалавек ішлі па Партызанскім праспэкце. У раёне мотавелазаводу іх спынілі сілавікі ў форме і са шчытамі. Дэманстранты павярнуліся, пайшлі назад, затым павярнулі на вуліцу Алега Кашавога і накіраваліся да станцыі мэтро «Трактарны завод».

Каля 14-й гадзіны сілавікі адціснулі іх на вуліцу Чабатарова. Частку людзей заціснулі ў кальцо, астатнія разьбегліся па дварах. Пасьля гэтага пачаліся затрыманьні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG