Камэнтар экспэрта Свабоды Валера Карбалевіча.
Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Вольга Кавалькова пакінула Беларусь не па сваёй волі. Яе вывезьлі зь турмы на Акрэсьціна ў Польшчу.
Рэжым выкарыстоўвае такую тактыку не ўпершыню. Чым садзіць сваіх апанэнтаў за краты, лепш выціснуць за мяжу. Там яны менш небясьпечныя. Да таго ж можна заўсёды сказаць, што яны агенты Захаду.
Віктар Бабарыка перад сваёй пасадкай апавядаў, што яму настойліва рэкамэндавалі зьехаць за мяжу, «зьлівалі» інфармацыю, што рыхтуецца арышт. Ён не паслухаўся... А Валер Цапкала пад пагрозай крымінальнай справы зьехаў. Усьлед за ім — ягоная жонка Вераніка.
Потым была драматычная гісторыя з вывазам за мяжу Сьвятланы Ціханоўскай. Лукашэнка нават хваліцца, маўляў, я яе вывез.
Мінулым тыднем не пусьцілі ў Беларусь мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча. Вось цяпер Вольгу Кавалькову вывезьлі.
Ёсьць асьцярога, што могуць не пусьціць у Беларусь Паўла Латушку.
Гэта частковы адказ на пытаньне, чаму ў беларускай рэвалюцыі няма лідэраў.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.