Лінкі ўнівэрсальнага доступу

25 затрыманых у Менску студэнтаў выпусьцілі, яшчэ 9 засталіся чакаць судоў у ізалятары. Відэа

абноўлена

Вызваленыя студэнты
Вызваленыя студэнты

Каля Ленінскага РУУС у Менску сабраліся бацькі затрыманых 5 верасьня студэнтаў. Мэдыкі, якія дзяжураць побач, кажуць, што яшчэ ня бачылі затрыманых, але «моцна пацярпелых няма», паведамляе Tut.by.

«У аднаго хлопца падняўся ціск, і, са слоў яшчэ аднаго, пры затрыманьні яму пашкодзілі руку. Зараз мы паедзем у шостую бальніцу рабіць здымак», — расказалі мэдработнікі Tut.by.

Прадстаўніца прэсавай службы МУС Натальля Ганусевіч паведаміла Свабодзе, што ня мае дакладнай інфармацыі пра затрыманых сёньня студэнтаў. Таксама яна не змагла пацьвердзіць, ці атрымаў хто зь іх пашкоджаньні пры затрыманьні.

Бацькі каля РУУС вельмі перажываюць за дзяцей, рэагуюць на кожнае адчыненьне дзьвярэй у надзеі, што выпусьцяць іх сына. Ці дачку. Па словах тых, хто сабраўся, там толькі адна дзяўчына — Кацярына Ісаева, першакурсьніца біяфаку БДУ.

Каля 18.45 затрыманых 5 верасьня студэнтаў пачалі адпускаць зь Ленінскага РУУС. У дворыку РУУС застаюцца каля 15 чалавек. Акрамя хлопцаў, была затрыманая і адна дзяўчына. Яе вызвалілі.

Каля РУУС стаіць дэкан ФФСН БДУ Вадзім Гігін.

Паводле інфармацыі, якая распаўсюджвацца сярод людзей, што чакаюць затрыманых каля РУУС, абяцалі вызваліць усіх.

Каля 19.20 выпусьцілі яшчэ 4-х затрыманых удзень студэнтаў ФМА БДУ.

На студэнтаў складаюць пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Тым, каго адпусьцілі, кажуць, што суд будзе на наступным тыдні.

Пазьней Натальля Ганусевіч паведаміла агенцтву «Інтэрфакс-Захад», што 9 студэнтаў засталіся чакаць судоў у ізалятары. Паводле яе, усяго за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях 5 верасьня затрымалі 34 студэнтаў. На ўсіх склалі пратаколы, 25 чалавек адпусьцілі, астатніх пакінулі ў ізалятары часовага ўтрыманьня да суда.

Tut.by паразмаўляў каля РУУС са студэнтам факультэту міжнародных адносін БДУ Даніілам. Пры затрыманьні хлопцу пашкодзілі руку. Яму інкрымінуюць удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі. Хлопца будуць судзіць.

«Але ніякіх патрабаваньняў мне не прад’яўлялі. Падʼехалі невядомыя на мікрааўтобусе без нумароў, бяз формы і якіх-небудзь апазнавальных знакаў, пацягнулі ў машыну. Разадралі калені, пакуль цягнулі, пашкодзілі руку», — кажа ён.

Студэнты 5 верасьня зноў выйшлі на «Марш салідарнасьці». Да паўдня студэнты менскіх унівэрсытэтаў пачалі падыходзіць да кінатэатру «Кастрычнік» на праспэкце Незалежнасьці. Яны сталі невялікімі групамі па некалькі дзясяткаў чалавек, некаторыя трымалі бел-чырвона-белыя сьцягі. У 12:05 там ужо пачалі затрымліваць. Людзі ў цывільным і ў масках затрымалі прынамсі двух хлопцаў і адвялі іх у мікрааўтобус без нумароў.

На вуліцы Карла Маркса затрымалі звыш 15 чалавек, якія ішлі ў студэнцкім маршы, піша Onliner.by: «Забіралі ўсіх хлопцаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG