Прынамсі 27 чалавек затрымалі ў пятніцу 4 верасьня, паведамляюць праваабаронцы «Вясны».
У іх сьпісе затрыманыя ў Менску, Віцебску, Наваполацку, Полацку.
Некаторых адпусьцілі без складаньня пратаколаў, некаторых зьмясьцілі ў ізалятары.
Студэнтаў Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту адпусьцілі, склаўшы ў міліцыі пратаколы, калі па іх у Партызанскае РУУС Менску паехалі кіраўнікі ВНУ.
Вялікую долю сярод затрыманых учора складаюць ІТ-спэцыялісты з ПВТ, якія правялі акцыі салідарнасці з PandaDoc.
Сьпіс затрыманых паводле Правааабрончага цэнтру «Вясна»:
- Раніцай 4 жніўня затрыманы ў менскіх Шабанах Віктар Шаўчэнка.
- Днём у Менскім дзяржаўным лінгвістычным унівэрсытэце АМАП брутальна затрымаў Прохара Навіцкага, Мікіту Анацкага, Аляксандра Масалевіча, Антона Павучкова. Іх адвезьлі ў Партызанскае РУУС, а пасля складаньня пратаколаў вярнулі ва ўнівэрсытэт.
- Каля Парку высокіх тэхналёгіяў у 18 гадзін быў затрыманы Павел Магірка. Там жа былі затрыманыя Вульляна Нікалаенка, Дзяніс Рыжкоў, Павел Белы, Павел Іваноў, Валер Дужык (дастаўлены ў ЦІП), Арцём Джамшурын, Тацяна Казлоўская, Іван Мяцельскі.
- Паведамлялі таксама пра затрыманьне Ігараса Брагінаса па вул. Даўгабродзкай у Менску. Мужчына выйшаў па цыгарэты і быў затрыманы. Пазьней Ігарас Брагінас быў вызвалены.
- У падземным пераходзе на перакрыжаваньні пр. Пераможцаў і вул. Мельнікайце затрыманы Дзьмітры Жукоўскі. На ім была белая майка з «Пагоняй».
- Насупраць гатэлю «Юбілейная» затрыманая Ірына Сакалоўская.
- Сярод затрыманых таксама Ўладзіслаў Янушка.
- На Кастрычніцкай плошчы затрыманыя Ільля Карповіч, Арцём Бунец, Марына Ціхамірава.
- Недалёка ад Палацу спорту ў Менску затрымалі Дзьмітрыя Зінчанку.
- У Наваполацку ахова прадпрыемства «Нафтан» адвезла ў РАУС Артура Сінегу. Да суду ён быў зьмешчаны ў ЦІП Наваполацку.
- У Гомлі затрыманая Тацяна Бачурная, яе даставілі ў РАУС.