Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнку Расея ўжо трымае на кароткім павадку, — украінскі палітоляг


 Аляксандар Лукашэнка і прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі сустрэліся ў Жытоміры. 4 кастрычніка 2019 г.
Аляксандар Лукашэнка і прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі сустрэліся ў Жытоміры. 4 кастрычніка 2019 г.

Украінскі палітоляг Яўген Магда ў інтэрвію Свабодзе заявіў, што пасьля апошніх беларускіх падзеяў Аляксандра Лукашэнку ва Ўкраіне ўсур’ёз успрымаць ня будуць, і адказаў на пытаньне, ці будзе Кіеў дапамагаць беларускай апазыцыі.

  • Сьцісла:

  • Лукашэнка дастаткова доўга змагаўся супраць таго, каб быць фактычна генэрал-губэрнатарам Белай Русі — але абставіны склаліся супраць яго.
  • Ва Ўкраіне Лукашэнку пасьля ягоных апошніх дзеяньняў усур’ёз успрымаць ня будуць.
  • У палітычным пляне Беларусь проста апынецца пад лапай расейскага мядзьведзя
  • Свае пазыцыі сярод украінцаў Лукашэнка незваротна страціў.

— За тыдні пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня Аляксандар Лукашэнка нагаварыў даволі шмат кепскага, абразьлівага і рэзкага на адрас Украіны, яе пазыцыі, яе стаўленьня да беларускіх падзеяў. Вы, як і іншыя ўкраінскія экспэрты, раней ня раз называлі Лукашэнку «гібрыдным саюзьнікам» Украіны. Ці лічыце вы яго саюзьнікам цяпер, пасьля ўсяго, што было ім сказана і зроблена?

— Не магу адказваць за ўсіх, але многія сапраўды да апошняга часу, прынамсі да 9 жніўня, лічылі Лукашэнку нашым «гібрыдным саюзьнікам». І я магу патлумачыць, чаму. Лукашэнка да апошняга моманту быў самым папулярным замежным палітыкам ва Ўкраіне.

Калі ж казаць пра ягоныя сёньняшнія дзеяньні, то, думаю, яскравым паказьнікам стаўленьня Ўкраіны будзе той факт, што амбасадара Ўкраіны ў Беларусі Ігара Кізіма выклікалі для кансультацыяў у Кіеў і пакуль невядома, калі ён вернецца.

Яўген Магда
Яўген Магда

Лукашэнка, на маю думку, сёньня апынуўся ў фармаце расейскай замежнай палітыкі, і мне гэтага шкада. Ён дастаткова доўга змагаўся супраць таго, каб быць фактычна генэрал-губэрнатарам Белай Русі — але абставіны склаліся супраць яго.

— Адным з самых яскравых эпізодаў была гісторыя з «вагнэраўцамі», калі Лукашэнка ў інтэрвію ўкраінскаму журналісту Гардону казаў, што Беларусь можа выдаць іх Украіне. Прызнаюся, ніхто з сур’ёзных аналітыкаў у Беларусі гэтаму не паверыў. Але як у Кіеве ўспрынялі далейшыя дзеяньні Менску, калі вагнэраўцаў проста адпусьцілі ў Расею?

— Для мяне таксама было відавочна, што вагнэраўцаў ня выдадуць. З той простай прычыны, што калі б хоць адзін зь іх быў выдадзены Ўкраіне, гэта сур’ёзна памяняла б усю структуру адносінаў паміж Расеяй і Беларусьсю. Агулам кажучы, гэта была публічная поўха ўкраінскай уладзе, бо сам Лукашэнка ў размове з прэзыдэнтам Зяленскім гэтую тэму падняў — а потым «вагнэраўцаў» адпусьціў. Чым даказаў, што ён не гаспадар свайго слова.

І гэта было вельмі горка ўсьведамляць. Бо раней Лукашэнка спрабаваў дэманстраваць нейкае пазытыўнае стаўленьне да Ўкраіны. Ён любіў падкрэсьліваць, што беларус можа прыехаць ва Ўкраіну толькі на трактары, а не на танку. Але ў мяне складаецца ўражаньне, што Лукашэнка ўвогуле ня хоча прыехаць ва Ўкраіну, бо тут яго пасьля ягоных апошніх дзеяньняў усур’ёз успрымаць ня будуць.

— Пасьля 9 жніўня заявы Лукашэнкі ў бок Украіны з кожным днём падвышалі градус зьняважлівасьці. Спачатку ён проста заяўляў, што ва Ўкраіне ўсе даўно стаяць на каленях, пляжыў Майдан, але потым ужо стаў гаварыць, што Ўкраіна ўмешваецца ў беларускія справы і прысылае баевікоў. Цяпер у Кіеве на Лукашэнку цалкам паставілі крыж — ці мо там спадзяюцца, што ён зноў можа стаць іншым, зноў «добрым» для Ўкраіны?

— Лукашэнку, па-мойму, Расея ўжо трымае на кароткім павадку. Кіеў да апошняга моманту спрабаваў не выказваць нейкага рэзкага стаўленьня пасьля сілавых акцыяў супраць пратэстоўцаў, але не павіншаваў Лукашэнку зь «перамогай» на выбарах. Грае сваю ролю і тысяча кілямэтраў агульнай мяжы, і 5 мільярдаў даляраў таваразвароту паміж краінамі, дзе Беларусь, дарэчы, мае станоўчае сальда.

Цяпер Лукашэнка працягвае агучваць тыя думкі і словы, якія ў Менску агучваў міністар замежных справаў Расеі Лаўроў. І гэта даволі сьмешна часам выглядае. Лаўроў кажа пра 200 украінскіх нацыяналістаў, якія муцяць ваду ў Беларусі. А Лукашэнка да выбараў, калі затрымалі «вагнэраўцаў», заяўляў пра 200 расейскіх баевікоў, якія яшчэ недзе бадзяюцца. Ці ня тыя самыя гэта «баевікі»?

— Тое, што Ўладзімір Зяленскі не павіншаваў Лукашэнку зь «перамогай» 9 жніўня, выклікала станоўчы водгук у многіх беларусаў. Як вы лічыце, гэтае рашэньне было больш ідэйным, прынцыповым, калі маральныя матывы пераважылі палітычныя?

— Я думаю, што сапраўды адміністрацыя Зяленскага асьцерагаецца страты Менску як пляцоўкі перамоваў пра Данбас, якая называецца «Менская трохбаковая кантактная група».

Што ж да віншаваньняў, то, акрамя Кітаю і прадстаўнікоў АДКБ, Лукашэнку ніхто не павіншаваў. Гэта для яго відавочна непрыемны момант, і, я думаю, ён пра гэта будзе памятаць.

— Якім можа быць афіцыйнае стаўленьне Кіева да Лукашэнкі? Напрыклад, міністар замежных справаў Літвы заяўляе, што для Вільні Лукашэнка не зьяўляецца кіраўніком Беларусі. Ці будзе Кіеў успрымаць Лукашэнку гэтаксама, як заходнія суседзі Беларусі — як узурпатара ўлады і нелегітымнага кіраўніка? Ці тут будуць пэўныя адрозьненьні?

— Думаю, Украіна будзе ўзгадняць свае дзеяньні з краінамі Люблінскага трыкутніка — Літвой і Польшчай. Нагадаю, што міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей яшчэ ў ліпені быў запрошаны на кіеўскую восеньскую сэсію гэтай структуры. Але, наколькі я разумею, сёньня такая дыскусія наўрад ці магчымая.

Я перакананы, што Ўкраіна ня можа цалкам разрываць адносіны зь Менскам. Але яны будуць максымальна халодныя. У нас ёсьць агульныя эканамічныя інтарэсы. Але ў палітычным пляне, я думаю, Беларусь проста апынецца пад лапай расейскага мядзьведзя. І Расея захоча купіць беларускія прадпрыемствы з палітычнай зьніжкай.

— Кіеў фактычна становіцца адным з цэнтраў канцэнтрацыі беларускай апазыцыі. Як да гэтага ставіцца ўкраінскае кіраўніцтва, ці ня бачыць тут дадатковай праблемы?

— Наш прэм’ер-міністар Дзяніс Шмыгаль і іншыя ўкраінскія палітыкі пацьвердзілі, што нават цяпер, калі Ўкраіна закрыла ўезд для іншаземцаў, мы гатовыя прымаць беларусаў. Шмат будзе залежаць ад таго, як будзе разьвівацца сытуацыя зь беларускімі пратэстамі.

Ці будзе Ўкраіна сьвядома граць ролю пляцдарму для беларускай апазыцыі?.. Я вось зараз чытаю кнігу пра БНР — і нагадаю, што ўрад БНР пазычаў грошы ўва ўсіх украінскіх бакоў, і ў Цэнтральнай Рады, і ў Дырэкторыі, і ў Гетманату. Гэта не азначае, што цяпер Кіеў будзе фінансаваць беларускую апазыцыю. Але Кіеў будзе прымаць даволі актыўны ўдзел у сытуацыі ў Беларусі. Бо гэта наш сусед, і Ўкраіна зацікаўленая ў ягоным дэмакратычным разьвіцьці і захаваньні сувэрэнітэту.

— Як вы ўжо казалі, Лукашэнка быў самым папулярным замежным палітыкам ва Ўкраіне, што многіх у Беларусі, мякка кажучы, дзівіла. Ці лічыце вы, што сваімі дзеяньнямі ў апошнія тыдні Лукашэнка цалкам разбурыў свой станоўчы зь нейкіх прычын імідж?

— Відаць, тут мела эфэкт вядомая фраза: «ня трэба блытаць турызм з эміграцыяй». Я думаю, што свае пазыцыі сярод украінцаў Лукашэнка незваротна страціў. Бо тое, як Лукашэнка дзейнічаў у дачыненьні да дэманстрантаў, ва Ўкраіне бачылі вельмі добра. І вельмі надоўга запомнілі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG