Літва дапамагла 60 беларусам, адносна якіх паўстала пагроза бясьпецы, а можа і жыцьцю. І гэта ня толькі Сьвятлана Ціханоўская.
Кіраўнік МЗС Літвы Лінас Лінкявічус адхіліў абвінавачваньні з боку міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова, што Літва дзейнічае недэмакратычнымі мэтадамі з кандыдатам ад беларускай апазыцыі Сьвятланай Ціханоўскай, — піша агенцтва Delfi.
«Літва ня ўмешваецца ва ўнутраныя справы іншых краін, у тым ліку Беларусі, бо ў яе на гэта няма права і няма такіх намераў. Адзінае, мы ўмяшаліся, калі дапамаглі тым, у дачыненьні да каго паўстала пагроза бясьпецы, а можа і жыцьцю. Такіх было звыш 60, ня толькі Ціханоўская. Супраць іх на самой справе выкарыстоўваліся гэтыя недэмакратычныя мэтады, пра якія кажа Лаўроў», — дадаў міністар.
Адносна Сьвятланы Ціханоўскай і яе штабу рэальны ўнёсак Літвы — гэта прыстаўленая ахова, адзначыў кіраўнік МЗС. Ва ўсім астатнім яны дзейнічаюць аўтаномна, маюць зносіны з тымі, з кім хочуць кантактаваць.