У сераду ўрад Літвы прыняў плян падтрымкі народу Беларусі. Плян уключае ў сябе падтрымку беларусаў, што пацярпелі ад рэпрэсій за пратэсты супраць рэжыму.
Літва таксама абяцае выдзеліць стыпэндыі для беларускіх студэнтаў, запрасіць кампаніі па інфармацыйных тэхналёгіях (ІТ) і спэцыялістаў у гэтым сэктары, а таксама палегчыць выдачу візаў грамадзянам Беларусі, паведамляе агенцтва BNS.
Міністар замежных спраў Лінас Лінкявічус, які прадставіў гэты плян на пасяджэньні ўраду ў сераду, заявіў, што з урадавага рэзэрву плянуецца выдзеліць Міністэрству аховы здароўя да 100 тысяч эўра на гуманітарную дапамогу.
«Хутчэй за ўсё, гэта будзе лячэньне», — сказаў міністар.
Урад дамовіўся, што на працягу тыдня кожны міністар ацэніць магчымасьці фінансаваньня ў сваёй галіне, каб унесьці свой уклад у розныя часткі пляну, і паінфармуе Міністэрства замежных спраў, а таксама ацэніць патрэбы ў фінансаваньні на наступны год.
Стыпэндыі
Таксама прапануецца выдзеліць сто дзяржаўных стыпэндый для студэнтаў зь Беларусі для навучаньня ў вышэйшых навучальных установах Літвы з асыгнаваньняў, выдзеленых Міністэрству адукацыі, навукі і спорту.
«Калі б была такая дамоўленасьць, мы б прапанавалі назваць іх — стыпэндыі Каліноўскага. Міністэрства таксама падрыхтуе працэдуру, як гэта будзе рэалізавана на практыцы», — сказаў Лінкявічус.
ЭГУ
Сёлета плянуецца і асобная падтрымка Беларускага Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў Вільні.
«Я магу сказаць, што мы сапраўды плянуем вылучыць на гэта 200 тысяч эўра», — сказаў Лінкявічус.
У будучыні плянуецца стварыць фонд для адміністраваньня і разьмеркаваньня гэтай падтрымкі, сказаў Лінкявічус.
Ён пацьвердзіў, што шукаюцца магчымасьці спрасьціць выдачу візаў грамадзянам Беларусі на запрашэньне юрыдычных асоб.
Палегчыць умовы для адкрыцьця бізнэсу
Міністар эканомікі і інавацыяў Рымантас Сінкявічус кажа, што міністэрства атрымала заяўкі ад 21 прадпрыемства ў галіне інфармацыйных тэхналёгій (ІТ) зь Беларусі на працу ў Літве. Паводле яго, яны сутыкаюцца зь цяжкасьцямі пры рэгістрацыі: банкі ня згодныя адкрываць рахункі для гэтых кампаній у адпаведнасьці з Законам аб прадухіленьні адмываньня грашовых сродкаў.
«Калі вы ня можаце адкрыць банкаўскі рахунак, вы ня можаце зарэгістраваць кампанію; калі вы ня можаце зарэгістраваць кампанію, вы ня можаце запрашаць супрацоўнікаў, бо няма працадаўцы. Такое замкнёнае кола, і я думаю, што было б добра ўключыць у гэтае рашэньне, якое мы зьбіраемся прыняць, загад падрыхтаваць папраўкі да закону, якія дазваляюць замежным юрыдычным асобам адкрываць рахунак у літоўскіх банках», — сказаў ён.
Міністар унутраных спраў Рыта Тамашунене заяўляе, што актыўна шукаюцца рашэньні, якія спрашчаюць прыезд беларусаў у Літву, і па гэтым пытаньні таксама праводзяцца кансультацыі з Банкам Літвы.
«Сумесна з Дэпартамэнтам па міграцыі мы ўжо прапануем рашэньні па аблягчэньні выдачы нацыянальных візаў», — кажа Тамашунене.
С. Сквярняліс: Плян яшчэ будзе даведзены да ладу
Прэм’ер-міністар Саўлюс Сквярняліс заявіў на прэс-канфэрэнцыі, што на пасяджэньні ў сераду Кабінэт міністраў афіцыйна ўхваліў гэты плян, але ён «яшчэ будзе адшліфаваны».
«Цяжка назваць агульную суму, але прынятыя рашэньні аб фінансавай падтрымцы ўнівэрсытэту ЭГУ, стыпэндыях і прававой рэабілітацыі людзей, якія пацярпелі ад рэпрэсій, аказаньні юрыдычнай дапамогі. Прынятыя рашэньні аб пошуку шляхоў для тых беларускіх высокатэхналягічных кампаній, якія вырашылі пакінуць Беларусь, каб стварыць для іх умовы ў Літве», — сказаў Сквярняліс.