Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнцкі марш у Менску 1 верасьня
Студэнцкі марш у Менску 1 верасьня

24-ы дзень пратэстаў. Марш студэнтаў у Менску. Новыя затрыманьні і суды. Абвінавачаньне Севярынцу

Што адбываецца ў Беларусі на 24-ы дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

16:16 1.9.2020

«Крумкачы» зладзілі пэрформанс на матчы «Дынама»

Футбалісты беларускага клюбу «Крумкачы» 1 верасьня выйшлі на матч супраць «Дынама» ў цішотках з надпісам «Мы супраць гвалту». На матчы прысутнічалі затрыманыя 30 жніўня па справе аб нападзе на міліцэйскі аўтамабіль футбалісты Сяргей Казека і Павал Расолька. Крымінальную справу супраць іх 31 жніўня спынілі.

У Менску пачаўся матч 1/16 фіналу Кубка Беларусі па футболе паміж камандамі «Крумкачы» і «Дынама-Менск».

«Дынама» ўвяло мяч у гульню, але «Крумкачы» адмовіліся гуляць далей, сталі і пачалі пляскаць у ладкі. Дынамаўцы таксама сталі. Іх падтрымалі трыбуны, заўзятары пляскалі разам з гульцамі на вачах у АМАП. Пэрформанс доўжыўся хвіліну, пасьля чаго гульня аднавілася. Палітычных лёзунгаў не было, перадае карэспандэнт Свабоды са стадыёну.

16:16 1.9.2020

Затрыманьне каля плошчы Незалежнасьці

АМАП толькі што затрымаў некалькі чалавек на скрыжаваньні Сьвярдлова і Кірава, перадае карэспандэнт Свабоды. Пасьля каля стадыёну «Дынама» на Кірава затрымалі некалькі дзясяткаў студэнтаў, якія ішлі калёнай. Рэшта разьбеглася. Цяпер тут каля сотні студэнтаў.

16:33 1.9.2020

«Ланцуг салідарнасьці» каля ліцэю БДУ ў Менску

Сярод яго ўдзельнікаў — былы дырэктар ліцэю Макар Шніп.

16:41 1.9.2020

АМАП паваліў на асфальт жанчыну каля стадыёну «Дынама»

16:59 1.9.2020

Жорсткія затрыманьні студэнтаў сёньня ў Менску. ВІДЭА

17:05 1.9.2020

У Менску затрымалі некалькіх журналістаў

Падчас асьвятленьня акцыі пратэсту студэнтаў сілавікі затрымалі журналістаў Tut.by Надзею Калініну і Аляксея Суднікава, журналіста Белапан Андрэя Шаўлюгу і журналіста-фрылансэра Васіля Сямашку.

Tut.by паведамляе, што іх цяпер вязуць у РУУС: па словах супрацоўнікаў міліцыі, «праверыць акрэдытацыю».

Таксама на маршы студэнтаў затрыманыя супрацоўнікі «Комсомольской правды в Беларуси»: фатограф Сьвятаслаў Зоркі, апэратар Мікіта Недаверкаў і карэспандэнт Марыя Элешевіч.

Расейскае інфармагенцтва «РИА Новости» піша, што адным з затрыманых у Менску журналістаў быў іх карэспандэнт.

17:07 1.9.2020

Стала вядома пра затрыманьне студэнтаў БДЭУ

Студэнты БДЭУ паведамляюць, што ранкам каля галоўнага корпусу ўнівэрсытэту «людзі ў цывільным» затрымалі навучэнцаў, сярод якіх ёсьць людзі з інваліднасьцю і шэрагам хранічных захворваньняў. Паводле апошняй інфармацыі, іх вязуць на Акрэсьціна.

У адной зь дзяўчат цукровы дыябэт. Ёй патрэбен укол інсуліну і ежа. Ніякай інфармацыі пра яе не даюць. У іншага затрыманага — астма.

17:08 1.9.2020

У Бабруйску на суткі асудзілі лідэра страйкаму «Белшыны»

У Бабруйску асудзілі на 7 сутак Віталя Красьніцкага, былога рабочага «Белшыны» і ініцыятара стварэньня страйкаму на прадпрыемстве. Яго абвінавацілі ў парушэньні парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Судзілі 31 жніўня, але родныя даведаліся пра гэта толькі сёньня.

17:32 1.9.2020

1 верасьня ў Менску ўжо затрымалі дзясяткі чалавек

Колькасьць затрыманых у Менску за 1 верасьня ўжо дасягнула як мінімум 53 чалавек — гэта толькі тыя, чые прозьвішчы вядомыя, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна». Студэнтаў, затрыманых зранку, адпусьцілі без складаньня пратаколаў.

Сьпіс затрыманых, паводле «Вясны» (абнаўляецца)

Агульная колькасьць затрыманых пасьля 9 жніўня перавысіла як мінімум 8100 чалавек.

17:46 1.9.2020

На праспэкце Незалежнасьці зноў пачаліся сутычкі пратэстоўцаў з АМАПам

На праспэкце Незалежнасьці ў Менску, дзе студэнты прарвалі ачапленьне, зноў пачаліся сутычкі паміж удзельнікамі акцыі і АМАПам, паведамляе KyKy.org.

17:48 1.9.2020

АМАП разагнаў акцыю ля Ліцэю БДУ

Да акцыі ля Ліцэю БДУ пад'ехаў АМАП. Удзельнікі акцыі кінуліся наўцёкі ад сілавікоў, частка зь іх зайшла ў памяшканьне ліцэю. Відавочцы паведамляюць, што аднаму ўцячы не ўдалося — яго затрымалі, паведамляе Белсат.

18:00 1.9.2020

Лінкявічус: Літва дапамагла 60 беларусам, адносна якіх паўстала пагроза бясьпецы, а можа і жыцьцю

Кіраўнік МЗС Літвы Лінас Лінкявічус адхіліў абвінавачваньні з боку міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова, што Літва дзейнічае недэмакратычнымі мэтадамі з кандыдатам ад беларускай апазыцыі Сьвятланай Ціханоўскай, — піша агенцтва Delfi.

«Літва ня ўмешваецца ва ўнутраныя справы іншых краін, у тым ліку Беларусі, бо ў яе на гэта няма права і няма такіх намераў. Адзінае, мы ўмяшаліся, калі дапамаглі тым, у дачыненьні да каго паўстала пагроза бясьпецы, а можа і жыцьцю. Такіх было звыш 60, ня толькі Ціханоўская. Супраць іх на самой справе выкарыстоўваліся гэтыя недэмакратычныя мэтады, пра якія кажа Лаўроў», — дадаў міністар.

Адносна Сьвятланы Ціханоўскай і яе штабу рэальны ўнёсак Літвы — гэта прыстаўленая ахова, адзначыў кіраўнік МЗС. Ва ўсім астатнім яны дзейнічаюць аўтаномна, маюць зносіны з тымі, з кім хочуць кантактаваць.

18:07 1.9.2020

ААН абвясьціла пра 450 выпадкаў катаваньняў пасьля акцый пратэсту ў Беларусі

Экспэрты ААН заявілі, што ім вядома пра 450 задакумэнтаваных выпадкаў катаваньняў і жорсткага абыходжаньня зь людзьмі, пазбаўленымі волі пасьля «спрэчных прэзыдэнцкіх выбараў» 9 жніўня, якія прывялі да масавых пратэстаў і арыштаў.

Большасьць людзей, якія зьніклі бязь вестак, былі знойдзеныя. Але выклікае трывогу той факт, што месцазнаходжаньне і стан здароўя сама меней 6 чалавек, як паведамляецца, невядомыя іх сваякам, гаворыцца ў паведамленьні.

Таксама экспэрты ААН атрымалі паведамленьні пра гвалт у адносінах да жанчын і дзяцей, уключаючы сэксуальны гвалт і згвалтаваньне гумовымі дубінкамі.

Сярод прыкладна 6700 чалавек, затрыманых у апошнія тыдні падчас мірных акцый пратэсту, ёсьць журналісты і мінакі, якія былі адвольна арыштаваныя і пасьпешліва асуджаныя. 29 жніўня ўрад адклікаў акрэдытацыю 17 журналістаў, якія працуюць на замежныя СМІ, адзначаецца ў паведамленьні. Цалкам чытайце тут.

18:09 1.9.2020

Болтан: Лукашэнка, зьвярнуўшыся па дапамогу да Расеі, адмаўляецца ад улады ў Менску

На думку былога памочніка прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы Джона Болтана, цяпер «палітычнае выжываньне» Лукашэнкі залежыць ад Крамля.

«Лукашэнка, магчыма, яшчэ не ўсьведамляе гэтага, але зварот да Масквы па дапамогу, хутчэй за ўсё, азначае, што ён адмаўляецца ад улады ў Менску», — напісаў экс-памочнік прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа ў сваім камэнтары, апублікаваным газэтай The Daily Telegraph.

Болтан лічыць, што грамадзяне Беларусі павінны вырашыць, ці сапраўды яны хочуць свабоды і незалежнасьці, і вызначыцца, «ці будзе іх рэвалюцыя празаходняй ці прарасейскай». Пры гэтым экс-памочнік амэрыканскага прэзыдэнта ўпэўнены, што Расея не дапусьціць новай каляровай рэвалюцыі на сваіх межах.

18:12 1.9.2020

Берасьцейскага лідэра БСДП ня выпусьцілі з ізалятара пасьля «сутак»

На волю ня выйшаў Ігар Маслоўскі — берасьцейскі абласны кіраўнік БСДП (Грамада). Як піша «Белсат», сёньня яго мусілі вызваліць пасьля 5 дзён арышту, ды сваякам паведамілі, што на яго склалі яшчэ адзін пратакол.

18:13 1.9.2020

Факты кажуць, што адбываецца перасьлед Касьцёла,— каталіцкі герарх адказаў Лукашэнку

Генэральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юры Касабуцкі ў інтэрвію Catholic.by даў ацэнку сытуацыі вакол Касьцёла ў Беларусі.

«Сытуацыя сапраўды ненармальная. Відавочна, што на Касьцёл спрабуюць аказваць ціск, а значыць, адбываецца перасьлед Касьцёла, хоць пра гэта ніхто адкрыта ня кажа. Зрэшты, і ў савецкія часы змаганьня зь верай і Касьцёлам ніхто адкрыта не казаў пра перасьлед, хоць ён быў вельмі жорсткі. Пра тое, што сытуацыя цяпер падобная, кажуць факты», — адзначыў Касабуцкі.

«Усе заявы арцыбіскупа Кандрусевіча знаходзяцца ў адкрытым доступе, кожны іх можа прачытаць і зрабіць высновы. Прадстаўнікі Касьцёла, перадусім біскупы, маюць права і абавязак ня быць абыякавымі да таго, што адбываецца ў грамадзтве, асабліва ў такой сытуацыі, якая сёньня склалася. Гэта ўжо не палітыка, гэта сапраўдны гуманітарны крызіс, які пагражае стаць катастрофай, калі нічога не рабіць», — адзначыў ён. Цалкам чытайце тут.

18:14 1.9.2020

18:15 1.9.2020

Спрэчка паміж Ціханоўскай, Бабарыкам і Калесьнікавай аслабляе пратэсты, мяркуе палітычны аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст

Справа нават ня ў тым, хто мае рацыю. Калі Сьвятлана Ціханоўская, Марыя Калесьнікава і Вераніка Цапкала аб'ядналіся (ці дэманстравалі адзінства), гэта прывяло і да абʼяднаньня прыхільнікаў Ціханоўскіх, Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы. Зараз былое адзінства пад пытаньнем. Пазыцыя Ціханоўскай: я перамагла, галоўная задача — сыход Лукашэнкі. Пазыцыя штабу Бабарыкі: прыярытэт — стварэньне партыі і канстытуцыйная рэформа.

Для Расеі плян Ціханоўскай непрымальны. Для Захаду ён таксама занадта радыкальны: яна сябе прэзыдэнтам не абвясьціла, яе такім ніхто на Захадзе не прызнае, гавораць пра дыялёг, вынікам якога могуць быць кампрамісныя варыянты.

У той жа час плян каманды Бабарыкі да пэўнай ступені сугучны з прапановамі і Лукашэнкі, і Захаду, і Расеі. Пры гэтым трэба ўлічваць, што зь перадвыбарчых трох штабоў хаця б нейкія кадры засталіся ў Беларусі і на свабодзе пераважна толькі ад штабу Бабарыкі.

Посьпех пляну Ціханоўскай можа забясьпечыць толькі перамога пратэсту, прычым перамога насуперак пазыцыі Расеі і не зусім у рэчышчы пазыцыі Захаду. У той жа час плян штабу Бабарыкі нейкай хуткай перамогі не прадугледжвае па вызначэньні.

Усе гавораць, што брак лідэраў у беларускай рэвалюцыі — вялікая яе слабасьць. Ну, а калі яе ўсё ж наяўныя ці то лідэры, ці то сымбалі ўваходзяць у клінч, уступаюць у публічную спрэчку наконт стратэгічных мэтаў — гэта ўзводзіць слабасьць у квадрат, лічыць палітычны аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст

18:17 1.9.2020

Менск: студэнты мэдунівэрсытэту ў ланцугу салідарнасьці на Пятроўшчыне

18:18 1.9.2020

Расейскі палітоляг Калесьнікаў: Лукашэнка цалкам у руках Пуціна, але рэвалюцыя ня спыніцца

Аналітык Маскоўскага цэнтру Карнэгі Андрэй Калесьнікаў лічыць, што Лукашэнку ня ўдасца ўцячы ад «мяккай і паўзучай анэксіі Беларусі». На яго думку, кіраўнік Беларусі можа захаваць сваю ўладу, аддаўшы Беларусь Пуціну.

«З высокай верагоднасьцю можна сьцьвярджаць, што ў абмен на падтрымку Аляксандар Лукашэнка мог паабяцаць паглыбленьне інтэграцыі Беларусі з Расеяй. І менавіта гэтае пытаньне можа стаць галоўным падчас заплянаванага візыту беларускага палітыка ў Маскву», — лічыць аналітык Маскоўскага цэнтру Карнэгі.

Цалкам меркаваньне экспэрта прыводзіць расейскае выданьне Meduza.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG