Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнцкі марш у Менску 1 верасьня
Студэнцкі марш у Менску 1 верасьня

24-ы дзень пратэстаў. Марш студэнтаў у Менску. Новыя затрыманьні і суды. Абвінавачаньне Севярынцу

Што адбываецца ў Беларусі на 24-ы дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

18:21 1.9.2020

Лідэрку стракаму «Гроднапрамбуду» выклікалі ў Сьледчы камітэт

Супрацоўніцу «Гроднапрамбуду» Юлію Сьліўко выклікалі ў Сьледчы камітэт і дапыталі ў якасьці сьведкі па крымінальным артыкуле 342 (Арганізацыя або падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або ўдзел у іх). Да таго ж яе выклікаюць позвай у РАУС зь невядомай прычыны.

Па некалькіх ранейшых месцах жыхарства Сьліўко прыходзілі невядомыя людзі, прадстаўляліся суседзям праваахоўнікамі, зь якой прычыны – невядома. Сама Юлія расцэньвае такія дзеяньні як запужваньне і ціск за сваю грамадзкую пазыцыю. Раней яна плянавала ўдзельнічаць у забастоўцы на прадпрыемстве, выступала на мітынгу і ў мэдыя. Сьліўко з сынам часова не жыве па сваім сталым месцы жыхарства, бо баіцца перасьледу.

18:24 1.9.2020

Праваабаронцы пра вынікі жніўня: забітыя і параненыя, 7500 затрыманых, 41 палітвязень, 0 справаў супраць АМАП

Праваабарончы цэнтар «Вясна» апублікаваў справаздачу аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў жніўні. Непрапарцыйнае з боку сілавікоў ужываньне фізычнай сілы, спэцсродкаў і зброі (баявой, сьвятлашумавых гранат, гумовых куляў) прывяло да шматлікіх раненьняў удзельнікаў сходаў. Як мінімум 3 удзельнікі пратэстаў загінулі ў выніку стральбы або неаказаньня мэдычнай дапамогі.

Цягам месяца больш за 7500 грамадзян былі затрыманыя за ўдзел у мірных акцыях. Нэгатыўную рэакцыю беларускай і міжнароднай грамадзкасьці выклікалі факты катаваньняў і іншага бесчалавечнага абыходжаньня. «Вясна» задакумэнтавала ня менш за 500 выпадкаў катаваньняў, што сьведчыць пра іх сыстэмнасьць.

На гэты момант у турмах 41 палітвязень, якіх прызнае такімі беларуская праваабарончая супольнасьць. У краіне фактычна ўведзеная цэнзура: заблякаваны доступ да шматлікіх інфармацыйных і праваабарончых сайтаў. Цалкам чытайце тут.

18:25 1.9.2020

Менск: людзі пачынаюць зьбірацца на плошчы Незалежнасьці

Людзі ў Менску пачынаюць зьбірацца на плошчы Незалежнасьці. Як піша Tut.by, там цяпер каля ста чалавек, а Чырвоны касьцёл абкружаюць сілавікі.

Праз 20 хвілінаў каля 10 супрацоўнікаў АМАПу перакрылі ўваход у падземны пераход каля Галоўпаштамту. Каля ўваходу ў гатэль «Менск» таксама да 10 супрацоўнікаў АМАПу.

18:26 1.9.2020

18:40 1.9.2020

У Магілёве журналіста асудзілі на 8 сутак арышту. Ён абвясьціў галадоўку

1 жніўня Ленінскі суд Магілёва асудзіў журналіста інтэрнэт-выданьня «Магілёўскі рэгіён 6tv.by» Аляксандра Сабалеўскага на 8 сутак адміністрацыйнага арышту. На знак пратэсту супраць незаконнага зьняволеньня журналіст абвясьціў галадоўку.

Судзьдзя Вікторыя Палякова прызнала Аляксандра Сабалеўскага вінаватым у парушэньні парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Паводле прысуду, ён удзельнічаў 30 жніўня ў несанкцыянаваным шэсьці. Сваёй віны Сабалеўскі не прызнаў. Ён заявіў, што ня ўдзельнічаў у шэсьці, а прысутнічаў на ім як журналіст і вёў зь яго стрым, які трансьляваўся на сайце «Магілёўскі рэгіён 6tv.by». Журналіст настойваў, што не выкрыкваў лёзунгаў і не трымаў транспарантаў.

Аляксандра Сабалеўскага затрымалі 31 жніўня на «Маршы міру і незалежнасьці», калі ён адстаў ад калёны, фіксуючы, як жылец дома скідаў на пратэстоўцаў вазоны з кветкамі. Пра гэта ён паведаміў міліцыянтам. Неўзабаве яго схапілі людзі ў цывільным і занесьлі ў мікрааўтобус. У аўтобусе забралі рэпартэрскі рыштунак. Да суду журналіста двое сутак трымалі ў ізалятары. Цалкам чытайце тут.

18:43 1.9.2020

У Горадні ўдзельнікаў студэнцкай акцыі затрымаў АМАП

Каля 20 студэнтаў Горадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту прыйшлі да чыгуначнага вакзалу на акцыю незалежнасьці. Яны проста стаялі без сымболікі і лёзунгаў. Хутка да іх прыехаў АМАП, пачаліся затрыманьні. Вядома. што затрыманыя прынамсі 8 чалавек.

18:45 1.9.2020

Лукашэнка вельмі няўдала патлумачыў, чаму мітрапаліта Кандрусевіча не пусьцілі ў Беларусь, – аглядальнік Свабоды

  • Паводле Лукашэнкі, кіраўнік каталіцкай царквы нечакана выехаў для кансультацый у Варшаву і, атрымаўшы пэўныя задачы, вяртаўся ў Беларусь і трапіў у гэты сьпіс неўязных, які агульны ў Беларусі і Расеі. Тлумачэньне вельмі дзіўнае, бо сьпіс неўязных тычыцца толькі замежных грамадзян.
  • Лукашэнка намякае, што, магчыма, Кандрусевіч мае два грамадзянствы. Па-першае, прэс-сакратар Каталіцкай царквы ў Беларусі Юры Санько гэта адмаўляе. Кандрусевіч адмовіўся ад расейскага грамадзянства 10 гадоў таму. Але нават калі б у яго было два грамадзянствы, гэта ніяк ня можа быць падставаю для забароны на ўезд у Беларусь.
  • Дарэчы, былы кіраўнік БПЦ Павел быў грамадзянінам Расеі, што груба парушала беларускае заканадаўства. Тым ня менш ён сем гадоў кіраваў беларускай царквой, і закон нікога не цікавіў.

Зь іншага боку, Тадэвуш Кандрусевіч — грамадзянін Беларусі. Паводле закону ніхто ня можа забараніць беларускаму грамадзяніну прыехаць на радзіму, піша аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч.

18:59 1.9.2020

Прэзыдэнт Літвы заклікаў Раду па правах чалавека ААН тэрмінова абмеркаваць становішча з правамі чалавека ў Беларусі

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа зьвярнуўся да Рады па правах чалавека ААН з заклікам у тэрміновым парадку абмеркаваць сытуацыю ў Беларусі. На думку Наўседы, удзельнікам абмеркаваньня неабходна зьвярнуцца да Менску з заклікам устрымлівацца ад ужываньня сілы, забясьпечыць захаваньне ў краіне прынцыпаў міжнароднага права і правоў чалавека і пачаць мірную перадачу ўлады.

«Правядзеньне такой дыскусіі было б своечасовым і важкім крокам», — адзначыў Наўседа.

Ён таксама лічыць, што ААН і міжнародная супольнасьць маглі б больш актыўна падтрымліваць намаганьні краін Балтыі па выбудоўваньні дыялёгу ўладаў Беларусі з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці і правядзеньні новых прэзыдэнцкіх выбараў.

19:05 1.9.2020

Ля Чырвонага касьцёла зноў жаночы «ланцуг салідарнасьці»

Увечары ля Чырвонага касьцёла жанчыны зноў сабраліся ў «ланцуг салідарнасьці». Міліцыя папярэджвае іх праз мэгафон, што акцыя не санкцыянаваная ўладамі, і просіць разысьціся. Жанчыны працягваюць стаяць.

19:12 1.9.2020

У Гомлі міліцыя затрымала раварыста са сьцягам

1 верасьня каля ўнівэрмагу «Гомель» міліцыя затрымала раварыста Дзяніса Гаўрыленку, які праяжджаў побач з крамай зь бел-чырвона-белым сьцягам.

«Мяне затрымліваюць? За што?» — спытаўся ў міліцыянтаў раварыст.

«Не затрымліваем, а дастаўляем у аддзел. Прычыну мы ня ведаем, там вам скажуць», — адказаў адзін зь міліцыянтаў.

Маладога чалавека спрабавалі разам з роварам запхнуць у «УАЗ Патрыёт», але ровар ня ўлез туды. Тады хлопца забралі аднаго, а ровар пакінулі каля ўнівэрмагу. Цяпер яго ахоўваюць чатыры міліцыянты.

19:14 1.9.2020

Менская дэпутатка Старавойтава не прыйшла на сустрэчу з выбарнікамі, просіць зьвяртацца пісьмова

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Старавойтава не прыйшла на прыём выбарнікаў Каменнагорскай акругі № 101 у Менску. На ўваходзе ў школу № 12, дзе павінна была адбыцца сустрэча, людзі ўбачылі аб’яву, што прыём грамадзян адменены «ў сувязі з хваробай дэпутата».

Памочнікі дэпутаткі Старавойтавай на сустрэчу таксама не прыйшлі. У аб’яве выбаршчыкам прапанавана «аформіць зварот пісьмова». Калектыўны зварот павінен быць падпісаны «ўсімі зацікаўленымі асобамі»: «Абяцаем дапамагчы ў выкананьні тых зваротаў, якія знаходзяцца ў кампэтэнцыі дэпутата».

Людзі, якія прыйшлі на сустрэчу, пачалі зьбіраць подпісы пад сваімі патрабаваньнямі, сярод якіх — ініцыяваць стварэньне парлямэнцкай камісіі па расьсьледаваньні злачынстваў, учыненых сілавікамі з 9 па 13 жніўня ў Менску супраць грамадзян. Далей чытайце па спасылцы.

19:28 1.9.2020

Менск: затрыманых падчас акцыі журналістаў трымаюць у РУУС ужо 2,5 гадзіны

Затрыманыя сёньня ў Менску журналісты знаходзяцца ў РУУС Кастрычніцкага раёну. Па словах начальніка РУУС, цяпер «высьвятляюць інфармацыю ў сумежных міністэрствах». Ён паабяцаў, што неўзабаве ўсіх адпусьцяць. З моманту затрыманьня журналістаў прайшло 2,5 гадзіны.

19:30 1.9.2020

АМАП затрымаў студэнта БДУ і анархіста, калі тыя выходзілі з крамы

У Менску на выхадзе з крамы SPAR на Партызанскім праспэкце супрацоўнікі АМАП затрымалі актывіста анархісцкага руху Сяргея Неўдаха і студэнта БДУ Сяргея Сасункевіча. Іх павезьлі ў сінім мікрааўтобусе без апазнавальных знакаў у невядомым кірунку, паведаміла ў Фэйсбуку каардынатарка кампаніі Dissident.by Марына Касінерава.

У раёне стадыёну «Дынама» сёньня таксама затрымалі анархіста Ільлю Сянько.

А 22-й гадзіне Марына Касінерава ўдакладніла, што Ільля Сянько ў Ленінскім РАУС. Сілавікі зьбілі яго пры затрыманьні, у аўтобус «зацягвалі за ноздры», у РАУС да Ільлі прыехала хуткая. Сяргей Неўдах і Сяргей Сасункевіч цяпер у ізалятары на Акрэсьціна.

19:32 1.9.2020

19:36 1.9.2020

На плошчы Незалежнасьці сьпяваюць «Купалінку»

Жанчыны на праспэкце Незалежнасьці ў Менску сталі ў кола і сьпяваюць «Купалінку», а таксама водзяць карагоды.

19:46 1.9.2020

Акцыю ля мэдычнага ўнівэрсытэту ў Менску разагналі сілавікі

Да «ланцуга салідарнасьці» студэнтаў каля мэдычнага ўнівэрсытэту ў Менску прыехалі сілавікі. Людзі разьбегліся, калі ўбачылі іх.

20:06 1.9.2020

Вернікі моляцца на плошчы Незалежнасьці. Прыехаў аўтазак

На плошчы Незалежнасьці ў Менску вернікі пачалі маліцца. Прыехаў аўтазак з амапаўцамі.

Калі на плошчы зьявіліся амапаўцы ў чорнай форме, жанчыны сталі ў счэпку, каб ня даць затрымаць мужчын. Амапаўцы падыйшлі да жанчын з ланцуга салідарнасьці, размаўляюць. Пакуль нікога не затрымалі.

20:28 1.9.2020

Акцыя на плошчы Незалежнасьці працягваецца

Супрацоўнікі АМАПу сышлі, пратэстоўцы сьпяваюць «Калыханку» і таксама паціху разыходзяцца.

20:29 1.9.2020

ЗША могуць увесьці санкцыі адносна Расеі за ўмяшаньне ў справы Беларусі

Высокапастаўлены супрацоўнік Дзярждэпартамэнту ЗША на ўмовах ананімнасьці заявіў, што Злучаныя Штаты могуць разгледзець пытаньне аб увядзеньні санкцыяў супраць Расеі, калі яна адкрыта сілай умяшаецца ўва ўнутраныя справы Беларусі.

Суразмоўца агенцтва Reuters паведаміў, што намесьнік дзяржсакратара ЗША Стывэн Бігэн даў зразумець на сустрэчах у Маскве зь міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым на мінулым тыдні, «што амэрыканска-расейскія адносіны будуць мець наступствы, калі расейцы будуць сілай умешвацца ўва ўнутраныя справы Беларусі».

Бігэн заявіў, што гэта адбудзецца незалежна ад вынікаў сёлетніх прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША, бо па гэтым пытаньні ў кангрэсе існуе двухпартыйны кансэнсус.

21:00 1.9.2020

Кіраўнік МЗС Нідэрляндаў: Народ Беларусі не спыніць запалохваньнем і гвалтам

Кіраўнік МЗС Нідэрляндаў Стэф Блок правёў са Сьвятланай Ціханоўскай перамовы, па выніках якіх заклікаў беларускія ўлады да палітычнага дыялёгу з апазыцыяй. Пра гэта ён напісаў на сваёй старонцы ў Твітэры.

«Сёньня была добрая размова зь лідэрам беларускай апазыцыі Ціханоўскай. Народ Беларусі не спыніць запалохваньнем і гвалтам. Надзвычай важны палітычны дыялёг з апазыцыяй пра мірны пераход [улады]. Беларусі неабходна спыніць затрымліваньне і запалохваньне журналістаў», — гаворыцца ў паведамленьні.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG