Беларускія пратэстанты абурыліся нядопускам мітрапаліта Кандрусевіча ў Беларусь
Аб’яднаньне хрысьціян поўнага Эвангельля ў Беларусі выступіла з заявай, у якой выказала абурэньне ў сувязі з адмовай ва ўезьдзе ў Беларусь мітрапаліту, арцыбіскупу каталіцкай царквы Тадэвушу Кандрусевічу.
Тадэвуш Кандрусевіч «узвышаў свой голас у абарону міру, міласэрнасьці і адзінства, асуджаючы гвалт, хлусьню і нянавісьць. Гэта зьяўляецца духоўным і маральна-этычным абавязкам любога сьвятара, а не палітычнай дзейнасьцю», — гаворыцца ў заяве. Цалкам чытайце тут.
Зь СІЗА КДБ выпусьцілі памочніцу Віктара Бабарыкі
Пад падпіску аб нявыезьдзе выпусьцілі зь СІЗА КДБ Алену Карагачову, асабістую памочніцу Віктара Бабарыкі, паведамляе прэс-служба палітыка. Па словах сына Алены, зь ёй усё добра і яна вельмі задаволеная.
Алена Карагачова правяла ў СІЗА КДБ 2 месяцы: яе затрымалі 1 ліпеня і выставілі супраць яе эканамічныя абвінавачаньні.
Лукашэнка сказаў, што на БТ журналісты «чакалі рэвалюцыі», і падзякаваў RT за дапамогу
Падчас візыту ў Баранавічы Лукашэнка сказаў журналісту RT, што некаторыя беларускія журналісты пасьля пачатку пратэстаў у краіне «хайпанулі на гэтай тэме».
«Яны ўжо загадзя сфармавалі адзін канал, другі, трэці, калектыў, і чакалі, калі рэвалюцыя адбудзецца. Вы разумееце, у гэты складаны пэрыяд наколькі былі важныя вы для нас. І тое, што вы тэхнічна паказалі, тэхнары вашыя, і журналісты... і кіраўніца вашая. Гэта вельмі дорага каштуе», — кажа Лукашэнка.
Кіраўніца RT Маргарыта Сіманьян адмаўляла, што супрацоўнікі каналу былі накіраваныя ў Менск для працы ў Белтэлерадыёкампаніі. Аднак Лукашэнка падзякаваў і ёй. Падрабязнасьці тут.
Вашынгтон паслаў беспрэцэдэнтны сыгнал Маскве адносна Беларусі, — аглядальнік Свабоды
Магчымасьць увядзеньня Злучанымі Штатамі санкцыяў супраць Расеі ў выпадку сілавога ўмяшаньня ўва ўнутраныя справы Беларусі, пра што паведамляе Reuters са спасылкай на крыніцы ў Дзярждэпартамэнце, — гэта першы сур’ёзны сыгнал такога кшталту за многія гады, — лічыць аглядальнік Свабоды Сяргей Навумчык.
Ня менш важна, што днямі намесьнік дзяржсакратара ЗША Стывэн Бігэн даў зразумець на сустрэчах у Маскве зь міністрам Лаўровым, «што амэрыканска-расейскія адносіны будуць мець наступствы, калі расейцы будуць сілай умешвацца ўва ўнутраныя справы Беларусі».
Залежнасьць Лукашэнкі ад Крамля ніколі ня была сакрэтам для ЗША, але ніколі пытаньне ня ставілася ў такой форме, якая мала чым адрозьніваецца ад ультыматуму.
І хаця фармат санкцыяў не акрэсьлены, словы амэрыканскіх дыпляматаў — беспрэцэдэнтны сыгнал у бок Крамля.
Стала вядомая прычына ператрусу ў доме сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Ліліі Ўласавай
У пастанове на ператрус у доме юрыста Ліліі Ўласавай пазначана, што сьледчыя дзеяньні праводзяцца ў рамках расьсьледаваньня падатковых парушэньняў, дапушчаных фірмамі «Мерлинтур» і «ПолетКонсалт», паведамляе прэс-служба Каардынацыйнай рады.
Адзін з асноўных заснавальнікаў гэтых кампаній — старэйшы сын Ліліі Ўласавай Барыс. Абедзьве фірмы існуюць і працуюць не адзін дзясятак гадоў, неаднаразова праходзілі падатковыя і іншыя праверкі.
Таксама ад Барыса Ўласава стала вядома, што ў офісах і дамах супрацоўнікаў правялі ператрусы, гендырэктарку фірмы «Мерлинтур» таксама затрымалі, забралі абсталяваньне. Барыс Уласаў разглядае тое, што адбываецца, як узяцьце бізнэсу і супрацоўнікаў у закладнікі дзеля ціску на ягоную маці Лілію Ўласаву. Цалкам чытайце тут.
Зьнік 11 жніўня, знайшлі мёртвым нібыта каля «Рыгі». Амаль месяц калегі ня ведалі, куды зьнік мянчук
Апошні раз Аляксандра Будніцкага бачылі раніцай 11 жніўня: ён тады яшчэ спаў, а пасьля абеду павінен быў выйсьці на зьмену. На працы ён так і не зьявіўся, не вярнуўся і ў інтэрнат, дзе жыў апошнія 2 гады. Яго калегі напісалі заяву ў міліцыю аб зьнікненьні чалавека, а 31 жніўня даведаліся, што Будніцкага няма ў жывых: яго цела нібыта знайшлі непадалёк ад ГЦ «Рыга», паведамляе Tut.by.
«Раней ён не зьнікаў, а калі куды ехаў, тэлефанаваў мне, каб я не перажываў», — расказвае сусед Генадзь. Іншы сусед па блёку Сяргей сказаў Tut.by, што падчас апошняй размовы з Аляксандрам Будніцкім ён расказаў яму, што бачыў, як сілавікі стралялі і ўзрывалі сьвятлашумавыя гранаты каля «Рыгі» падчас пратэстаў 10 жніўня.
«Больш яго ня бачыў ні дома, ні на працы, — адзначае Сяргей. — Бачачы, што Аляксандра не шукаюць, разам з Генадзем 19 жніўня паехалі ў Першамайскае РУУС і пакінулі заяву, што зьнік чалавек. У нас яшчэ спыталі, удзельнічаў ён у акцыі ці не. Ня так даўно зь міліцыі прыйшоў адказ, што заява прынятая і зарэгістраваная». Цалкам чытайце па спасылцы.
АМАП супраць студэнтаў. Як прайшла студэнцкая забастоўка
Некалькі тысяч студэнтаў з розных ВНУ Менску выйшлі на забастоўку 1 верасьня. Яны плянавалі перадаць пэтыцыю міністру адукацыі. Выніковае відэа з акцыі:
Менск: пратэстоўцы прайшлі калёнай да плошчы Перамогі і разышліся
З плошчы Незалежнасьці пратэстоўцы калёнай рушылі па праспэкце да плошчы Перамогі. У раёне плошчы Перамогі пратэстоўцы разышліся.
Затрыманых падчас акцыі журналістаў пакінулі ў РУУС да раніцы
Затрыманыя падчас асьвятленьня студэнцкай акцыі пратэсту журналісты застануцца ў РУУС Кастрычніцкага раёну прынамсі да раніцы.
Пра гэта па тэлефоне паведаміла карэспандэнтка TUT.BY, якая знаходзіцца ў РУУС. На якой падставе ўтрымліваюць журналістаў, высьветліць не ўдалося. Пры гэтым начальнік РУУС неаднаразова казаў, што журналістаў хутка вызваляць.
Журналістаў Tut.by Надзею Калініну і Аляксея Суднікава, фотакарэспандэнта БелаПАН Андрэя Шаўлюгу і журналіста-фрылансэра Васіля Сямашку затрымалі на вуліцы Кірава ў раёне стадыёну «Дынама» ў Менску ў 16.55.
Кіраўнік МЗС Нідэрляндаў: Народ Беларусі не спыніць запалохваньнем і гвалтам
Кіраўнік МЗС Нідэрляндаў Стэф Блок правёў са Сьвятланай Ціханоўскай перамовы, па выніках якіх заклікаў беларускія ўлады да палітычнага дыялёгу з апазыцыяй. Пра гэта ён напісаў на сваёй старонцы ў Твітэры.
«Сёньня была добрая размова зь лідэрам беларускай апазыцыі Ціханоўскай. Народ Беларусі не спыніць запалохваньнем і гвалтам. Надзвычай важны палітычны дыялёг з апазыцыяй пра мірны пераход [улады]. Беларусі неабходна спыніць затрымліваньне і запалохваньне журналістаў», — гаворыцца ў паведамленьні.
ЗША могуць увесьці санкцыі адносна Расеі за ўмяшаньне ў справы Беларусі
Высокапастаўлены супрацоўнік Дзярждэпартамэнту ЗША на ўмовах ананімнасьці заявіў, што Злучаныя Штаты могуць разгледзець пытаньне аб увядзеньні санкцыяў супраць Расеі, калі яна адкрыта сілай умяшаецца ўва ўнутраныя справы Беларусі.
Суразмоўца агенцтва Reuters паведаміў, што намесьнік дзяржсакратара ЗША Стывэн Бігэн даў зразумець на сустрэчах у Маскве зь міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым на мінулым тыдні, «што амэрыканска-расейскія адносіны будуць мець наступствы, калі расейцы будуць сілай умешвацца ўва ўнутраныя справы Беларусі».
Бігэн заявіў, што гэта адбудзецца незалежна ад вынікаў сёлетніх прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША, бо па гэтым пытаньні ў кангрэсе існуе двухпартыйны кансэнсус.
Акцыя на плошчы Незалежнасьці працягваецца
Супрацоўнікі АМАПу сышлі, пратэстоўцы сьпяваюць «Калыханку» і таксама паціху разыходзяцца.
Вернікі моляцца на плошчы Незалежнасьці. Прыехаў аўтазак
На плошчы Незалежнасьці ў Менску вернікі пачалі маліцца. Прыехаў аўтазак з амапаўцамі.
Калі на плошчы зьявіліся амапаўцы ў чорнай форме, жанчыны сталі ў счэпку, каб ня даць затрымаць мужчын. Амапаўцы падыйшлі да жанчын з ланцуга салідарнасьці, размаўляюць. Пакуль нікога не затрымалі.
Акцыю ля мэдычнага ўнівэрсытэту ў Менску разагналі сілавікі
Да «ланцуга салідарнасьці» студэнтаў каля мэдычнага ўнівэрсытэту ў Менску прыехалі сілавікі. Людзі разьбегліся, калі ўбачылі іх.
На плошчы Незалежнасьці сьпяваюць «Купалінку»
Жанчыны на праспэкце Незалежнасьці ў Менску сталі ў кола і сьпяваюць «Купалінку», а таксама водзяць карагоды.
АМАП затрымаў студэнта БДУ і анархіста, калі тыя выходзілі з крамы
У Менску на выхадзе з крамы SPAR на Партызанскім праспэкце супрацоўнікі АМАП затрымалі актывіста анархісцкага руху Сяргея Неўдаха і студэнта БДУ Сяргея Сасункевіча. Іх павезьлі ў сінім мікрааўтобусе без апазнавальных знакаў у невядомым кірунку, паведаміла ў Фэйсбуку каардынатарка кампаніі Dissident.by Марына Касінерава.
У раёне стадыёну «Дынама» сёньня таксама затрымалі анархіста Ільлю Сянько.
А 22-й гадзіне Марына Касінерава ўдакладніла, што Ільля Сянько ў Ленінскім РАУС. Сілавікі зьбілі яго пры затрыманьні, у аўтобус «зацягвалі за ноздры», у РАУС да Ільлі прыехала хуткая. Сяргей Неўдах і Сяргей Сасункевіч цяпер у ізалятары на Акрэсьціна.
Менск: затрыманых падчас акцыі журналістаў трымаюць у РУУС ужо 2,5 гадзіны
Затрыманыя сёньня ў Менску журналісты знаходзяцца ў РУУС Кастрычніцкага раёну. Па словах начальніка РУУС, цяпер «высьвятляюць інфармацыю ў сумежных міністэрствах». Ён паабяцаў, што неўзабаве ўсіх адпусьцяць. З моманту затрыманьня журналістаў прайшло 2,5 гадзіны.
Менская дэпутатка Старавойтава не прыйшла на сустрэчу з выбарнікамі, просіць зьвяртацца пісьмова
Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Старавойтава не прыйшла на прыём выбарнікаў Каменнагорскай акругі № 101 у Менску. На ўваходзе ў школу № 12, дзе павінна была адбыцца сустрэча, людзі ўбачылі аб’яву, што прыём грамадзян адменены «ў сувязі з хваробай дэпутата».
Памочнікі дэпутаткі Старавойтавай на сустрэчу таксама не прыйшлі. У аб’яве выбаршчыкам прапанавана «аформіць зварот пісьмова». Калектыўны зварот павінен быць падпісаны «ўсімі зацікаўленымі асобамі»: «Абяцаем дапамагчы ў выкананьні тых зваротаў, якія знаходзяцца ў кампэтэнцыі дэпутата».
Людзі, якія прыйшлі на сустрэчу, пачалі зьбіраць подпісы пад сваімі патрабаваньнямі, сярод якіх — ініцыяваць стварэньне парлямэнцкай камісіі па расьсьледаваньні злачынстваў, учыненых сілавікамі з 9 па 13 жніўня ў Менску супраць грамадзян. Далей чытайце па спасылцы.