Паўлу Севярынцу выставілі абвінавачваньне
Паўлу Севярынцу выставілі абвінавачваньне ва ўдзеле ў беспарадках паводле крымінальнага артыкула 293.2. Палітыку на 2 месяцы працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай. Пра гэта напісала жонка палітыка Вольга Севярынец на сваёй старонцы ў Facebook.
«Захапляюся мужнасьцю, мудрасьцю і вытрымкай беларускага народа. Дзякую Богу за тое, што Царква выйшла за праўду і справядлівасьць. Веру, што Беларусь будзе вольнай», – перадала словы Севярынца жонка.
Павал Севярынец знаходзіцца за кратамі з 7 чэрвеня, яго прызналі палітвязьнем. З 20 жніўня сустаршыня БХД Павал Севярынец знаходзіцца ў менскім СІЗА на вуліцы Валадарскага.
У Магілёве затрымалі аднаго зь лідэраў пратэстнага руху Валадара Цурпанава.
Як удалося высьветліць Свабодзе актывіст прыйшоў на лінейку ў 43 мясцовую школу, каб заклікаць пэдагогаў, якія працавалі ў выбарчых камісіях, прызнаць фальсыфікацыі выбараў і «пакаяцца». Там яго і затрымалі. Цяпер ён у Кастрычніцкім аддзеле міліцыі.
Раней на Валадара Цурпанава склалі пратакол за арганізацыю 23 жніўня несанкцыянаванага пікету на плошчы Леніна.
Мастак Кузьміч, які рабіў эпатажныя пэрфомансы, зьехаў зь Беларусі
Мастак Аляксей Кузьміч, вядомы эпатажнымі палітычнымі пэрформансамі з крытыкай недэмакратычных уладаў і несвабоды, пакінуў Беларусь. Пра гэта ён паведаміў у Фэйсбуку.
«Не хацеў пакідаць дзяржаву, сацыяльна-палітычны кантэкст якой выкарыстоўваю як матэрыял для свайго мастацтва, але так склаліся абставіны. Паступіла інфармацыя, што на мяне зьбіраюцца сфабрыкаваць крымінальную справу паводле артыкулу, зьвязанага з парнаграфіяй», – напісаў Аляксей Кузьміч.
9 жніўня, падчас галасаваньня Аляксей Кузьміч выйшаў з кабінкі для галасаваньня ў набедранай павязцы, на грудзях прымацаваўшы бюлетэнь з намаляваным фалічным сымбалем. У такім жа выглядзе Кузьміч выйшаў уначы ў Менск і стаў перад калёнай тэхнікі.
Летась Кузьміч правёў акцыю супраць цэнзуры ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў. Каля хвіліны мастак трымаў на ўзбуджаным віяграй палавым органе кардонную таблічку «Міністэрства культуры». На далонях у яго быў надпіс «З усім згодны».
Дасылайце нам ў тэлеграм @SvabodaBelarus фота і відэа, калі вы студэнт ці студэнтка і вырашылі страйкаваць 1 верасьня.
Бацькі вучняў менскай гімназіі сабралі 175 подпісаў за адстаўку дырэктара
Бацькі вучняў менскай гімназіі №6 перадалі дырэктару ўстановы зварот з просьбай вызваліць пасаду. Пад зваротам падпісаліся 175 бацькоў навучэнцаў, піша Tut.by. Падпісанты абураныя тым, што адбывалася на выбарчым участку № 27, дзе старшынёй была дырэктарка гімназіі.
Бацькі перадалі ў гімназію зварот з подпісамі 26 жніўня. Частка бацькоў перавяла сваіх дзяцей у іншыя школы, у тым ліку прыватныя.
Паводле вывешанага пратаколу, на ўчастку № 27 Аляксандар Лукашэнка набраў 815 галасоў, а Сьвятлана Ціханоўская — 185. Паводле зьвестак плятформы «Голас», на № 27 участку за Ціханоўскую прагаласавалі 373 чалавекі, 248 выбаршчыкаў пацьвердзілі свой голас фотаздымкам бюлетэня. За Лукашэнку на плятформе пакінулі 1 голас, але ён не пацьверджаны фота бюлетэня.
Зранку невядомыя ў цывільным выкралі ў мікрараёне «Маяк Менску» маці дваіх дзяцей
Відэа, як невядомыя людзі запіхваюць жанчыну ў аўтамабіль, абляцела сацыяльныя сеткі.
Пра затрыманьне Любові Кавальчук паведаміў яе муж Уладзімер.
«Яна не хуліган, нічога супрацьпраўнага яна не рабіла, яна добрапрыстойны чалавек. Я ўражаны гэтымі дзеяньнямі. Думаю, што гэта міліцыя», — кажа Ўладзімер.
«Каля 8.40 неапазнаныя людзі гвалтам пасадзілі жонку ў чорнае „Аўдзі“. Яна крычала пра дапамогу, але ранкам было мала людзей. Мінакі зьнялі відэа, шмат хто гэта бачыў, затрыманьне было сілавое, — расказвае Ўладзімер. — Думаю, што спрабуюць сілай выбіць подпіс пад абавязаньнем сядзець ціха і ні ў чым не ўдзельнічаць. Яна размаўляла зь людзьмі, зьбірала подпісы па жыцьці раёну, па забудоўніку, займалася праблемамі ў таварыстве ўласьнікаў. Таксама зьбірала подпісы за адкліканьне дэпутата ў нашай акрузе. Яна чалавек актыўны».
Уладзімер кажа, што ўчора жонка атрымала дзіўны званок з прапановай «пагутарыць». Таксама была прапанова паразмаўляць з участковым міліцыянтам на вуліцы, нібыта «яна была сьведкай, як камусьці падрапалі машыну». Муж сьцьвярджае, што жонка нічога падобнага ня бачыла.
У сям’і выхоўваецца двое непаўналетніх дзяцей. Дзе цяпер знаходзіцца Любоў Кавальчук, муж ня ведае. Ён абзвоньваў РУУС і ЦІП, але там яе не знайшоў.
Студэнскі марш у Менску пачаўся з жорсткіх затрыманьняў
1 верасьня ў Беларусі заклікалі да ўсеагульнага страйку. АМАП пачаў жорстка затрымліваць калёну з сотні студэнтаў на плошчы Перамогі ў Менску.
Як АМАП затрымліваў студэнтаў каля Лінгвістычнага ўнівэрсытэту і на плошчы Перамогі
АМАП заблякаваў галоўны корпус БДУ
У Менску не пускаюць студэнтаў МДЛУ ва ўнівэрсітэт, а галоўны корпус БДУ заблякаваў АМАП, адцясьняюць студэнтаў у двор.
Памежнікі не даюць інфармацыі аб прычынах нядопуску мітрапаліта Кандрусевіча ў Беларусь
У Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі па стане на 11.20 1 верасьня няма ніякіх тлумачэньняў прычынаў нядопуску на тэрыторыю краіны грамадзяніна Беларусі, мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча. Пра гэта Свабодзе заявіў афіцыйны прадстаўнік ведамства Антон Бычкоўскі.
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч накіраваў у Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі запыт з патрабаваньнем тлумачэньня, чаму 31 жніўня яго не дапусьцілі ў Беларусь. Ён чакае адказу, знаходзячыся за мяжой.
Свой запыт рыхтуе і курыя Менскай дыяцэзіі Рыма-каталіцкага касьцёла, на чацьвер заплянаванае тэрміновае пасяджэньне курыі. Занепакоенасьць сытуацыяй выказалі ў Ватыкане, паведаміў Свабодзе прэсавы сакратар Беларускага каталіцкага касьцёла айцец Юры Санько.
Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі накіраваў зварот да духавенства, кансэкраваных асобаў і вернікаў, у якім заклікае іх да асаблівай малітвы за Бацькаўшчыну, Касьцёл у Беларусі і арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, якому не дазволілі вярнуцца на Радзіму.
Марш студэнтаў у Менску працягваецца
Каго затрымалі падчас студэнцкага пратэсту ў Менску
Праваабаронцам «Вясны» вядомыя імёны трох затрыманых сёньня студэнтаў:
1. Уладзіслаў Стасевіч
2. Вікторыя Гранкоўская
3. Дзьмітры Астроўскі
Таксама затрымалі двух журналістаў «Эўрарадыё»: Марыю Вайтовіч і Рамана Гадуна.
Студэнцкі марш працягваецца ў цэнтры Менску. Каля прахадной МЗКЦ сабраліся людзі
Тым часам у Менску каля прахадной МЗКЦ сабраліся каля 70 чалавек. Людзі размаўляюць, вырашаюць, што рабіць. Зьявілася міліцыя. Папярэджваюць, што акцыя незаконная. Людзі крычаць «Сыходзь!»
Прадстаўнік рэктарату Лінгвістычнага ўнівэрсытэта пагражае студэнтам АМАПам
Да маршу студэнтаў далучаецца больш людзей
Студэнты ідуць па Менску непрадказальным маршрутам. Прайшоўшы праз парк Горкага, марш скіраваўся ў бок праспэкту Незалежнасьці.
Акцыя пратэсту каля Унівэрсытэту культуры ў Менску
Акцыі салідарнасьці каля прахадной МЗКЦ і каля ЦЭЦ-4 у Менску
Падчас студэнцкага пратэсту ў Менску затрымалі выкладчыка БДУ
Каля галоўнага корпусу Белдзяржунівэрсытэту невядомы ў цывільнай вопратцы і чалавек у вайсковай форме напалі на групу студэнтаў і выкладчыкаў, якія выйшлі на пратэст з нацыянальнай сымболікай.
Большай частцы ўдзельнікаў акцыі ўдалося зьбегчы, але, як бачна з відэа Tut.by, быў затрыманы выкладчык БДУ Вадзім Белявец. Куды яго адвезьлі, пакуль невядома.
Да Акадэміі мастацтва таксама выйшлі студэнты
У Горадні выйшлі каля 20 студэнтаў унівэрсытэту імя Янкі Купалы
Яны выйшлі пад галоўны корпус унівэрсытэту зь бел-чырвона-белым сьцягам, сталі ў ланцуг. Да іх выйшаў прарэктар у выхаваўчай рабоце Васіль Сянько і папярэдзіў выхаванцаў, што палітычныя акцыі на тэрыторыі ўнівэрсытэту праводзіць нельга, але можна на іншай пляцоўцы. Моладзь працягвае проста стаяць. Іх здымае на відэа «ціхар», побач стаіць міліцэйскі бус.