Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнцкі марш у Менску 1 верасьня
Студэнцкі марш у Менску 1 верасьня

24-ы дзень пратэстаў. Марш студэнтаў у Менску. Новыя затрыманьні і суды. Абвінавачаньне Севярынцу

Што адбываецца ў Беларусі на 24-ы дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

13:44 1.9.2020

Да маршу студэнтаў далучылася калёна з Акадэміі мастацтваў

13:45 1.9.2020

Ужо 17 чалавек затрымалі на маршы студэнтаў у Менску

13:55 1.9.2020

Супрацоўнікі кампаній-рэзыдэнтаў ПВТ падтрымалі пратэст студэнтаў

Супрацоўнікі кампаніяў Парку высокіх тэхналёгіяў выйшлі ў абед на акцыю салідарнасьці ў Менску.

14:06 1.9.2020

Калёна студэнтаў на вуліцы Казлова ў Менску

14:18 1.9.2020

Будаўнікі рушылі маршам па Менску

Паводле Nexta, проста цяпер у Менску ідзе марш будаўнікоў — па вуліцы Арлоўскай у бок Палацу незалежнасьці.

14:36 1.9.2020

Студэнцкая калёна набліжаецца да вуліцы Пуліхава

Марш студэнтаў у Менску працягваецца. Па абодвух баках вуліцы Першамайскай калёна падыходзіць да скрыжаваньня з вуліцай Пуліхава.

14:54 1.9.2020

Калёна пратэстоўцаў ідзе ад МТЗ у цэнтар, студэнты — па вуліцы Янкі Купалы да праспэкту Незалежнасьці​

14:59 1.9.2020

Міліцыя перакрыла Кастрычніцкую плошчу, студэнтаў не выпускаюць з будынку БНТУ

Міліцыя і АМАП перакрылі вуліцу Карла Маркса і падыход да Кастрычніцкай плошчы на праспэкце Незалежнасьці, перадае карэспандэнт Свабоды. Студэнты рухаюцца па вуліцы Купалы, перасякаюць праспэкт Незалежнасьці.

Паводле Tut.by, студэнтаў БНТУ, якія засталіся на парах, не выпускаюць з аднаго з карпусоў.

15:03 1.9.2020

АМАП перагарадзіў вуліцу Купалы, студэнцкі марш пайшоў па Інтэрнацыянальнай

15:03 1.9.2020

Больш за тысячу супрацоўнікаў і навучэнцаў Акадэміі мастацтваў запатрабавалі новых выбараў

Выкладчыкі, супрацоўнікі, выпускнікі і студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў апублікавалі адкрыты ліст, у якім запатрабавалі правядзеньня новых выбараў.

Аўтары звароту асудзілі ўжываньне гвалту супраць мірных пратэстоўцаў, а таксама разгон дэманстрацый. Таксама, на іх думку, выказваньне Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што работнікам, якія не падтрымліваюць дзяржаўную ідэалёгію, ня месца ў беларускай сыстэме адукацыі, парушае права на дэмакратычную разнастайнасьць поглядаў, замацаванае ў арт. 4 Канстытуцыі Беларусі.

Яны выказваюць недавер да вынікаў галасаваньня на выбарах 9 жніўня і патрабуюць правядзеньня новых адкрытых і сумленных выбараў.

Аўтары адкрытага ліста заяўляюць, што не замахваюцца на нацыянальную бясьпеку, але патрабуюць захаваньня грамадзянскіх правоў, свабодаў і права на волевыяўленьне.

15:04 1.9.2020

Выкладчыкі БНТУ не далі студэнтам далучыцца да калёны пратэстоўцаў

Калі калёна Маршу студэнтаў ішла па праспэкце Незалежнасьці ў Менску каля галоўнага корпуса Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту, удзельнікі акцыі скандавалі «БНТУ! БНТУ!», але адтуль ніхто выйсьці ня змог.

«Хоць дзьверы былі адчыненыя, але ўздоўж агароджы стаялі кіраўнікі факультэтаў і кантралявалі, каб ніхто са студэнтаў ня выйшаў», — расказаў Свабодзе адзін з выкладчыкаў унівэрсытэту.

15:09 1.9.2020

Яшчэ трох сябраў Каардынацыйнай рады выклікалі ў СК. Вольгу Кавалькову сьледчыя дапытаюць у СІЗА

Івана Краўцова, Паўла Данэйку і Юрыя Губарэвіча – сябраў Каардынацыйнай рады – выклікалі ў Сьледчы камітэт на заўтра 2 верасьня ў статусе сьведкаў.

Працягваецца ціск на Вольгу Кавалькову, сябра прэзыдыюма Каардынацыйнай Рады, якая адбывае адміністратыўнае пакараньне ў СІЗА Жодзіна, паведаміў Свабодзе прэс-сакратар Рады.

Стала вядома, што ў сераду 2 верасьня да яе зьбіраюцца наведацца сьледчыя з СК па крымінальнай справе, заведзенай на сябраў Каардынацыйнай рады. Вольгу Кавалькову дапытаюць у якасьці сьведкі. Адвакат будзе настойваць на прысутнасьці пры допыце.

15:10 1.9.2020

Выкладчыкі БНТУ не далі студэнтам далучыцца да калёны пратэстоўцаў

Калі калёнаі Маршу студэнтаў ішла па праспэкту Незалежнасьці ў Менску каля галоўнага корпуса Беларускага нацыянальнага тэхнічнагаі ўнівэрсытэту, удзельнікі акцыі скандавалі «БНТУ! БНТУ!», але адтуль ніхто выйсьці ня змог.

"Хоць дзьверы былі адчыненыя, але ўздоўж арагроджы стаялі кіраўнікі факультэтаў і кантравалявалі, каб ніхто са студэнтаў ня выйшаў", — расказаў Свабодзе адзін з выкладчыкаў унівэрсытэту.

15:16 1.9.2020

Менск. Студэнцкая калёна пайшла на Зыбіцкую

15:19 1.9.2020

Менск. Міліцыя спыніла калёну студэнтаў на вуліцы Няміга

15:32 1.9.2020

Вызвалілі выкладчыка БДУ, які спрабаваў абараніць студэнтаў ад затрыманьня

Вадзім Белявец, выкладчык гістарычнага факультэта БДУ, быў затрыманы на плошчы Незалежнасьці падчас студэнцкай акцыі.

«Я думаю, што гэты паход з пэтыцыяй, папраўдзе, быў асуджаны на такога кшталту эксцэсы. Бо, наколькі я ведаю сытуацыю, будынак, да якога ішлі студэнты, зьяўляецца стабільнай пляцоўкай органаў унутраных справаў і гэтак далей, — расказаў Радыё Свабода Вадзім Белявец. — Я спрабаваў пераканаць студэнтаў, што гэта будзе мець наступствы. Але калі я пабачыў, што студэнтаў затрымліваюць людзі ў цывільным, я папрасіў іх прадставіцца, яны не назваліся, і мяне затрымалі. Я не супраціўляўся».

Выкладчыка завезьлі ў Маскоўскі РУУС, узялі паказаньні і адпусьцілі. За гэты час шматтысячныя калёны студэнтаў ужо ішлі па вуліцах Менску.

«Я думаю, што іхныя патрабаваньні справядлівыя. Я прытрымліваюся падобных поглядаў, — кажа Вадзім Белявец. — Трэба думаць пра фармат акцый і больш узважана падыходзіць да іх».

Белявец кажа, што 18 жніўня рэактарам БДУ было прынята рашэньне не звальняць супрацоўнікаў і студэнтаў за ўдзел у мірных акцыях. Таму ён спадзяецца, што зь ім «усё будзе добра».

Вадзім Белявец — вядомы беларускі гісторык, археоляг, аўтар шэрагу значных навуковых прац.

15:42 1.9.2020

Нядопуск мітрапаліта Кандрусевіча ў Беларусь. Што напісана ў законах, што гавораць Лукашэнка і іншыя чыноўнікі

15:43 1.9.2020

Як студэнты прарывалі міліцэйскі шэраг на Нямізе ў Менску

15:58 1.9.2020

Плякаты студэнтаў на маршы ў Менску

16:15 1.9.2020

Студэнты ўжо паблізу плошчы Незалежнасьці

Студэнты прайшлі вуліцамі старога гораду і выйшлі на праспэкт Незалежнасьці каля будынку КДБ, перадае карэспандэнт Свабоды. Каля КДБ іх сустрэў ланцуг міліцыі, але моладзь пабегла праз дарогу на іншы бок вуліцы.

Тым часам адпусьцілі амаль усіх студэнтаў, затрыманых на сёньняшнім маршы ў раёне плошчы Перамогі ў Менску, піша «Белсат». Яны былі ў Савецкім РУУС, цяпер там застаўся хіба адзін затрыманы.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG