Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнцкі марш у Менску 1 верасьня
Студэнцкі марш у Менску 1 верасьня

24-ы дзень пратэстаў. Марш студэнтаў у Менску. Новыя затрыманьні і суды. Абвінавачаньне Севярынцу

Што адбываецца ў Беларусі на 24-ы дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

17:46 1.9.2020

На праспэкце Незалежнасьці зноў пачаліся сутычкі пратэстоўцаў з АМАПам

На праспэкце Незалежнасьці ў Менску, дзе студэнты прарвалі ачапленьне, зноў пачаліся сутычкі паміж удзельнікамі акцыі і АМАПам, паведамляе KyKy.org.

17:32 1.9.2020

1 верасьня ў Менску ўжо затрымалі дзясяткі чалавек

Колькасьць затрыманых у Менску за 1 верасьня ўжо дасягнула як мінімум 53 чалавек — гэта толькі тыя, чые прозьвішчы вядомыя, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна». Студэнтаў, затрыманых зранку, адпусьцілі без складаньня пратаколаў.

Сьпіс затрыманых, паводле «Вясны» (абнаўляецца)

Агульная колькасьць затрыманых пасьля 9 жніўня перавысіла як мінімум 8100 чалавек.

17:08 1.9.2020

У Бабруйску на суткі асудзілі лідэра страйкаму «Белшыны»

У Бабруйску асудзілі на 7 сутак Віталя Красьніцкага, былога рабочага «Белшыны» і ініцыятара стварэньня страйкаму на прадпрыемстве. Яго абвінавацілі ў парушэньні парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Судзілі 31 жніўня, але родныя даведаліся пра гэта толькі сёньня.

17:07 1.9.2020

Стала вядома пра затрыманьне студэнтаў БДЭУ

Студэнты БДЭУ паведамляюць, што ранкам каля галоўнага корпусу ўнівэрсытэту «людзі ў цывільным» затрымалі навучэнцаў, сярод якіх ёсьць людзі з інваліднасьцю і шэрагам хранічных захворваньняў. Паводле апошняй інфармацыі, іх вязуць на Акрэсьціна.

У адной зь дзяўчат цукровы дыябэт. Ёй патрэбен укол інсуліну і ежа. Ніякай інфармацыі пра яе не даюць. У іншага затрыманага — астма.

17:05 1.9.2020

У Менску затрымалі некалькіх журналістаў

Падчас асьвятленьня акцыі пратэсту студэнтаў сілавікі затрымалі журналістаў Tut.by Надзею Калініну і Аляксея Суднікава, журналіста Белапан Андрэя Шаўлюгу і журналіста-фрылансэра Васіля Сямашку.

Tut.by паведамляе, што іх цяпер вязуць у РУУС: па словах супрацоўнікаў міліцыі, «праверыць акрэдытацыю».

Таксама на маршы студэнтаў затрыманыя супрацоўнікі «Комсомольской правды в Беларуси»: фатограф Сьвятаслаў Зоркі, апэратар Мікіта Недаверкаў і карэспандэнт Марыя Элешевіч.

Расейскае інфармагенцтва «РИА Новости» піша, што адным з затрыманых у Менску журналістаў быў іх карэспандэнт.

16:59 1.9.2020

Жорсткія затрыманьні студэнтаў сёньня ў Менску. ВІДЭА

16:41 1.9.2020

АМАП паваліў на асфальт жанчыну каля стадыёну «Дынама»

16:33 1.9.2020

«Ланцуг салідарнасьці» каля ліцэю БДУ ў Менску

Сярод яго ўдзельнікаў — былы дырэктар ліцэю Макар Шніп.

16:16 1.9.2020

Затрыманьне каля плошчы Незалежнасьці

АМАП толькі што затрымаў некалькі чалавек на скрыжаваньні Сьвярдлова і Кірава, перадае карэспандэнт Свабоды. Пасьля каля стадыёну «Дынама» на Кірава затрымалі некалькі дзясяткаў студэнтаў, якія ішлі калёнай. Рэшта разьбеглася. Цяпер тут каля сотні студэнтаў.

16:16 1.9.2020

«Крумкачы» зладзілі пэрформанс на матчы «Дынама»

Футбалісты беларускага клюбу «Крумкачы» 1 верасьня выйшлі на матч супраць «Дынама» ў цішотках з надпісам «Мы супраць гвалту». На матчы прысутнічалі затрыманыя 30 жніўня па справе аб нападзе на міліцэйскі аўтамабіль футбалісты Сяргей Казека і Павал Расолька. Крымінальную справу супраць іх 31 жніўня спынілі.

У Менску пачаўся матч 1/16 фіналу Кубка Беларусі па футболе паміж камандамі «Крумкачы» і «Дынама-Менск».

«Дынама» ўвяло мяч у гульню, але «Крумкачы» адмовіліся гуляць далей, сталі і пачалі пляскаць у ладкі. Дынамаўцы таксама сталі. Іх падтрымалі трыбуны, заўзятары пляскалі разам з гульцамі на вачах у АМАП. Пэрформанс доўжыўся хвіліну, пасьля чаго гульня аднавілася. Палітычных лёзунгаў не было, перадае карэспандэнт Свабоды са стадыёну.

16:15 1.9.2020

Студэнты ўжо паблізу плошчы Незалежнасьці

Студэнты прайшлі вуліцамі старога гораду і выйшлі на праспэкт Незалежнасьці каля будынку КДБ, перадае карэспандэнт Свабоды. Каля КДБ іх сустрэў ланцуг міліцыі, але моладзь пабегла праз дарогу на іншы бок вуліцы.

Тым часам адпусьцілі амаль усіх студэнтаў, затрыманых на сёньняшнім маршы ў раёне плошчы Перамогі ў Менску, піша «Белсат». Яны былі ў Савецкім РУУС, цяпер там застаўся хіба адзін затрыманы.

15:58 1.9.2020

Плякаты студэнтаў на маршы ў Менску

15:43 1.9.2020

Як студэнты прарывалі міліцэйскі шэраг на Нямізе ў Менску

15:42 1.9.2020

Нядопуск мітрапаліта Кандрусевіча ў Беларусь. Што напісана ў законах, што гавораць Лукашэнка і іншыя чыноўнікі

15:32 1.9.2020

Вызвалілі выкладчыка БДУ, які спрабаваў абараніць студэнтаў ад затрыманьня

Вадзім Белявец, выкладчык гістарычнага факультэта БДУ, быў затрыманы на плошчы Незалежнасьці падчас студэнцкай акцыі.

«Я думаю, што гэты паход з пэтыцыяй, папраўдзе, быў асуджаны на такога кшталту эксцэсы. Бо, наколькі я ведаю сытуацыю, будынак, да якога ішлі студэнты, зьяўляецца стабільнай пляцоўкай органаў унутраных справаў і гэтак далей, — расказаў Радыё Свабода Вадзім Белявец. — Я спрабаваў пераканаць студэнтаў, што гэта будзе мець наступствы. Але калі я пабачыў, што студэнтаў затрымліваюць людзі ў цывільным, я папрасіў іх прадставіцца, яны не назваліся, і мяне затрымалі. Я не супраціўляўся».

Выкладчыка завезьлі ў Маскоўскі РУУС, узялі паказаньні і адпусьцілі. За гэты час шматтысячныя калёны студэнтаў ужо ішлі па вуліцах Менску.

«Я думаю, што іхныя патрабаваньні справядлівыя. Я прытрымліваюся падобных поглядаў, — кажа Вадзім Белявец. — Трэба думаць пра фармат акцый і больш узважана падыходзіць да іх».

Белявец кажа, што 18 жніўня рэактарам БДУ было прынята рашэньне не звальняць супрацоўнікаў і студэнтаў за ўдзел у мірных акцыях. Таму ён спадзяецца, што зь ім «усё будзе добра».

Вадзім Белявец — вядомы беларускі гісторык, археоляг, аўтар шэрагу значных навуковых прац.

15:19 1.9.2020

Менск. Міліцыя спыніла калёну студэнтаў на вуліцы Няміга

15:16 1.9.2020

Менск. Студэнцкая калёна пайшла на Зыбіцкую

15:10 1.9.2020

Выкладчыкі БНТУ не далі студэнтам далучыцца да калёны пратэстоўцаў

Калі калёнаі Маршу студэнтаў ішла па праспэкту Незалежнасьці ў Менску каля галоўнага корпуса Беларускага нацыянальнага тэхнічнагаі ўнівэрсытэту, удзельнікі акцыі скандавалі «БНТУ! БНТУ!», але адтуль ніхто выйсьці ня змог.

"Хоць дзьверы былі адчыненыя, але ўздоўж арагроджы стаялі кіраўнікі факультэтаў і кантравалявалі, каб ніхто са студэнтаў ня выйшаў", — расказаў Свабодзе адзін з выкладчыкаў унівэрсытэту.

15:09 1.9.2020

Яшчэ трох сябраў Каардынацыйнай рады выклікалі ў СК. Вольгу Кавалькову сьледчыя дапытаюць у СІЗА

Івана Краўцова, Паўла Данэйку і Юрыя Губарэвіча – сябраў Каардынацыйнай рады – выклікалі ў Сьледчы камітэт на заўтра 2 верасьня ў статусе сьведкаў.

Працягваецца ціск на Вольгу Кавалькову, сябра прэзыдыюма Каардынацыйнай Рады, якая адбывае адміністратыўнае пакараньне ў СІЗА Жодзіна, паведаміў Свабодзе прэс-сакратар Рады.

Стала вядома, што ў сераду 2 верасьня да яе зьбіраюцца наведацца сьледчыя з СК па крымінальнай справе, заведзенай на сябраў Каардынацыйнай рады. Вольгу Кавалькову дапытаюць у якасьці сьведкі. Адвакат будзе настойваць на прысутнасьці пры допыце.

15:04 1.9.2020

Выкладчыкі БНТУ не далі студэнтам далучыцца да калёны пратэстоўцаў

Калі калёна Маршу студэнтаў ішла па праспэкце Незалежнасьці ў Менску каля галоўнага корпуса Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту, удзельнікі акцыі скандавалі «БНТУ! БНТУ!», але адтуль ніхто выйсьці ня змог.

«Хоць дзьверы былі адчыненыя, але ўздоўж агароджы стаялі кіраўнікі факультэтаў і кантралявалі, каб ніхто са студэнтаў ня выйшаў», — расказаў Свабодзе адзін з выкладчыкаў унівэрсытэту.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG