Падчас паседжаньня пашыранага складу Каардынацыйнай рады 31 жніўня яе ўдзельнікі расказалі пра вынікі дзейнасьці Рады, колькасьць яе ўдзельнікаў і далейшыя пляны.
Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Максім Знак паведаміў, што цяпер у складзе Каардынацыйнай рады 4 тысячы чалавек, і яшчэ ёсьць 10 тысяч заяваў на ўступленьне.
Марыя Калесьнікава адзначае посьпехі ў працы Каардынацыйнай рады.
«Відавочна, што стратэгія, якую мы абралі, пасьпяховая. Яшчэ 2 тыдні таму Лукашэнка не казаў пра дыялёг, цяпер ён пра яго прыгадвае.
Пытаньні Канстытуцыі і рэфэрэндуму якраз паказваюць, што гэта вынік ціску грамадзянскай супольнасьці. Наша перамога ў тым, што мы хочам новага жыцьця і мы гатовыя несьці за гэта адказнасьць. У нас няма ілюзій наконт таго, як цяпер будзе дзейнічаць улада», — сказала Марыя Калесьнікава.
Латушка: Трэба прызнаць, Беларусь — у эканамічным крызісе
Павал Латушка прапанаваў стварыць грамадзкі рух на базе Каардынацыйнай рады.
Паводле яго, улада цяпер «піша сцэнар найбольш нэгатыўнага разьвіцьця сытуацыі», а Беларусь знаходзіцца ў глыбокім палітычным крызісе, які можна вырашыць толькі дыялёгам.
«Беларусь фактычна дэзавуяваная як партнэр на міжнароднай арэне. Трэці фактар — эканамічны, мы ўжо ў сур’ёзным эканамічным крызісе. Мой аналіз цяперашняга складу ўраду паказвае, што яны ня могуць прапанаваць плян выхаду з антыкрызіснай сытуацыі. Калі такі плян зьявіцца, то ён, хутчэй за ўсё, будзе непапулярны сярод беларусаў. Трэба будзе абмежаваць расходы бюджэту па шэрагу праграм», — кажа Павал Латушка.
На ягоную думку, нават фінансавая падтрымка Расеі ня вырашыць праблем, таму ён адзначае неабходнасьць дыялёгу. Але цяпер «улада ад гэтага адмаўляецца», і, такім чынам, «насьпела пытаньне стварэньня грамадзкага руху на базе Каардынацыйнай рады». Гэта, на думку Латушкі, дазволіць легітымізаваць дзейнасьць Рады як юрыдычна аформленай сілы.
На сёньня рэакцыя Расеі не зразумелая
Павал Латушка адзначыў, што ў Каардынацыйнай рады пакуль не было афіцыйных кантактаў з Расеяй, але Рада рабіла спробу наладзіць кантакт з амбасадай Расеі: былі два звароты ў расейскую амбасаду, там пацьвердзілі, што інфармацыю аб гэтым атрымалі, але ніякага адказу не было.
У той жа час Латушка лічыць, што на цяперашні момант «Расеі ня выгадна ігнараваць інтарэсы беларускага грамадзтва».
«На сёньня мы знаходзімся ў статус-кво з пункту гледжаньня Расеі. На сёньня не зразумелая пазыцыя Расеі, бо гэта не адпавядае іх інтарэсам. Шмат хто зь беларусаў глядзеў у бок Усходу, чакалі рэакцыі, падтрымкі. Рэакцыя ёсьць — падтрымкі няма. Расейскія аналітыкі зрабілі памылковую выснову, аўтарытэт кіраўніцтва Расеі панізіўся сярод беларускага грамадзтва, а гэта таксама не адпавядае інтарэсам Расеі», — сказаў Латушка.