Прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз пракамэнтаваў агенцтву РИА Новости візавыя санкцыі, уведзеныя ў дачыненьні да шэрагу беларускіх чыноўнікаў. Адказ быў апублікаваны на сайце МЗС.
«Мы ўважліва азнаёміліся з заявамі літоўскага, латвійскага і эстонскага бакоў. Як бы там ні было, гэта нашы суседнія краіны, таму іх меркаваньне мае для нас значэньне. Хоць у сьвятле апошніх пасьпешлівых крокаў, на жаль, усё менш і менш», — сказаў ён.
Як заявіў прадстаўнік МЗС, «незразумела, якім чынам дадзены крок Літвы, Латвіі і Эстоніі закліканы падтрымаць сувэрэнітэт і незалежнасьць Беларусі», але «такое настойлівае жаданьне наступаць на адны і тыя ж граблі і бяздумна хадзіць па замкнёным коле» з боку суседзяў выклікае «шчырае расчараваньне».
Паводле Анатоля Глаза, гісторыя незалежнай Беларусі пацьвярджае, што спробы санкцыйнага ўзьдзеяньня на Беларусь «прыводзяць іх ініцыятараў толькі да адваротнага эфэкту», і сёньняшняе рашэньне ўвесьці санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў «ня стане выключэньнем».
«Мы заяўлялі раней, што Беларусь вымушана будзе прыняць адэкватныя меры ў адказ у дачыненьні да ініцыятараў такіх крокаў. І гэта будзе зроблена», — заявіў Глаз.
У адпаведнасьці з рашэньнем кабінэта міністраў Латвіі і па ўзгадненьні зь міністэрствамі замежных спраў Эстоніі і Літвы міністар замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс прыняў рашэньне аб унясеньні 30 беларускіх чыноўнікаў у сьпіс пэрсонаў нон-грата, паведамляе афіцыйны сайт замежнапалітычнага ведамства Латвіі. Падобныя рашэньні прынялі МЗС Літвы і Эстоніі.
У «чорны сьпіс» уключаны Аляксандар і Віктар Лукашэнкі, кіраўніцтва Адміністрацыі прэзыдэнта, Цэнтральнай выбарчай камісіі, Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства юстыцыі, Генпракуратуры, Камітэту дзяржбясьпекі, Сьледчага камітэту, Савету бясьпекі, Камітэту дзяржкантролю і Менскага гарвыканкаму.
Латвія забараніла ўезд гэтым асобам на бестэрміновы пэрыяд, Эстонія — на пяць год.