Віцебскую блогерку Алену Янушкоўскую затрымалі за «пікет на гаўбцы»
Блогерку Алену Янушкоўскую (удзельніцу праекту «Страна для жизни») забралі 31 жніўня з дому яе дачкі Юліі Ўласенкі, якая жыве ў вёсцы Пестуніца Віцебскага раёну, паведамляе «Радыё Рацыя».
Паводле Юліі, калі па маці прыехалі міліцыянты, тая ня вельмі добра сябе адчувала і выклікала хуткую дапамогу. Ёй зрабілі ўкол ад падвышанага ціску, але супрацоўнікі аддзелу міліцыі Віцебскага раёну забралі яе нават у такім стане.
Юлія Ўласенка кажа, што міліцыянты паказалі фатаздымкі, на якіх Алена Янушкоўская стаіць на гаўбцы зь бел-чырвона-белым сьцягам. Алена Янушкоўская жыве ў прыватнай хаце, і гаўбца там няма. Дачка мяркуе, што маці могуць зьмясьціць за краты на сёньняшнюю ноч, каб ужо назаўтра судзіць за «несанкцыянаванае пікетаваньне». Цалкам чытайце па спасылцы.
Каталікі на інцыдэнт з арцыбіскупам Кандрусевічам адказалі хросным ходам
Падчас імшы ў Чырвоным касьцёле вернікі выйшлі на хросны ход, молячыся за арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Кіраўніка беларускага каталіцкага касьцёлу 31 жніўня не пусьцілі з Польшчы ў Беларусь. Да хроснага ходу далучыліся некалькі дзясяткаў пратэстоўцаў, якія прыйшлі на плошчу Незалежнасьці. Увесь гэты час міліцыянты прасілі пратэстоўцаў разысьціся. На плошчы Незалежнасьці быў АМАП, стаялі ня менш як пяць аўтазакаў і некалькі міліцэйскіх мікрааўтобусаў.
Штаб Бабарыкі апублікаваў ягоны відэазварот аб стварэньні партыі
Зварот былога кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі быў запісаны яшчэ да ягонага арышту, і ў ім гучаць словы «мы не змаглі перамагчы на выбарах». Ён кажа аб стварэньні «партыі альбо руху» з наступнымі задачамі:
- Правесьці канстытуцыйную рэформу.
- Працаваць над паляпшэньнем эканомікі.
- Даваць людзям магчымасьць праяўляць грамадзянскую ініцыятыву.
Пасьля Бабарыкі зь відэазваротам выступіла кіраўніца ягонага перадвыбарчага штабу Марыя Калесьнікава, якая цяпер уваходзіць у Каардынацыйную раду апазыцыі. Яна паведаміла, што ствараецца палітычная партыя «Вместе» (Разам) і блізкім часам будуць пададзеныя дакумэнты на рэгістрацыю.
«Аслабляюць пачуцьцё патрыятызму». Савет бясьпекі расказаў, за якія артыкулы заблякавалі «Нашу Ніву»
«Наша Ніва» расказала, што рэдакцыя атрымала ліст ад міністра інфармацыі Беларусі Ігара Луцкага, у якім тлумачыцца, чаму быў заблякаваны сайт выданьня. Міністар адзначае, што Савет бясьпекі мае прэтэнзіі да 8 артыкулаў (пералік тут). Усе яны прысьвечаныя пасьлявыбарчым падзеям у Беларусі, у іх апісваюцца жорсткія дзеяньні сілавікоў пры затрыманьні мірных пратэстоўцаў, яны збольшага грунтуюцца на сьведчаньнях людзей, якія сталі ахвярамі гвалту сілавікоў і расказалі пра гэта СМІ.
На думку чыноўнікаў, гэтыя артыкулы «штучна ствараюць напружаньне і супрацьстаяньне паміж грамадзтвам і дзяржавай, зьніжаюць матывацыю да эфэктыўнай працы і гаспадарчай дзейнасьці, распаўсюджваюць недакладную альбо сьвядома скажоную інфармацыю, здольную нанесьці страты нацыянальным інтарэсам, а таксама аслабляюць пачуцьці патрыятызму, гатоўнасьці грамадзян да ўзброенай абароны незалежнасьці».
У сувязі з гэтым доступ да сайта nn.by абмежаваны. Тэрмін, на працягу якога будуць дзейнічаць абмежаваньні, не называецца.
МУС: 30 жніўня падчас акцый пратэсту ў Беларусі затрымалі 173 чалавек
Падчас акцый пратэсту 30 жніўня агулам па Беларусі затрымалі 173 чалавек, іх будуць судзіць па адміністрацыйных справах, паведамілі агенцтву «Минск-Новости» ў прэс-службе МУС.
Сьвятлана Ціханоўская: Я моцна перажываю кожнае затрыманьне
Былая кандыдатка на прэзыдэнта Беларусі Сьвятлана Ціханоўская ў эксклюзіўным інтэрвію Свабодзе — пра легітымнае прэзыдэнцтва, жаночую рэвалюцыю, выбар, які стаіць перад сілавікамі, ролю Захаду і Расеі, гонар за мірных пратэстоўцаў і тое, што адбылося ў кабінэце Ярмошынай. Тэкставую вэрсію інтэрвію са Сьвятланай Ціханоўскай чытайце па спасылцы.
Каардынатарку страйкаму БДУ і яе мужа арыштавалі на 15 сутак
Суд гораду Янава Берасьцейскай вобласьці арыштаваў каардынатарку страйкаму БДУ выкладчыцу Сьвятлану Воўчак і яе мужа Міхаіла на 15 сутак за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (ч. 1 арт. 23.34 КаАП). Як паведаміла БелаПАН сястра Міхаіла Вольга, адбываць арышт муж і жонка будуць у ізалятары часовага ўтрыманьня Янаўскага РАУС. Частку забранай у іх пры затрыманьні тэхнікі канфіскавалі.
Мужа і жонку Воўчакаў затрымалі 28 жніўня прыблізна ў 19.30 у вёсцы Застружжа Янаўскага раёну ва ўласным доме. Забралі ноўтбукі, тэлефоны, дрон і дакумэнты. 27 жніўня Міхаіл паведаміў БелаПАН, што напярэдадні выкладчыкаў БДУ, якія падпісалі пэтыцыю з палітычнымі патрабаваньнямі да кіраўніцтва ВНУ, пачалі праз тэлефон выклікаць у пракуратуру «на размову».
Марыя Калесьнікава: Заявы Лукашэнкі пра Канстытуцыю — вынік ціску грамадзянскай супольнасьці
Падчас прэсавай канфэрэнцыі 31 жніўня ў Каардынацыйнай радзе расказалі пра вынікі дзейнасьці Рады, колькасьць яе ўдзельнікаў і далейшыя пляны.
Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Максім Знак паведаміў, што цяпер у складзе Каардынацыйнай рады 4 тысячы чалавек і яшчэ 10 тысяч заяваў на ўступленьне.
Марыя Калесьнікава адзначае посьпехі ў працы Каардынацыйнай рады.
«Відавочна, што стратэгія, якую мы абралі, пасьпяховая. Яшчэ 2 тыдні таму Лукашэнка не казаў пра дыялёг, цяпер ён пра яго прыгадвае. Пытаньні Канстытуцыі і рэфэрэндуму якраз паказваюць, што гэта вынік ціску грамадзянскай супольнасьці. Наша перамога ў тым, што мы хочам новага жыцьця і мы гатовыя несьці за гэта адказнасьць. У нас няма ілюзій наконт таго, як цяпер будзе дзейнічаць улада», — сказала Марыя Калесьнікава. Цалкам чытайце па спасылцы.
Латушка пра затрыманьне Ліліі Ўласавай: гэта ціск на Каардынацыйную раду
Падчас прэсавай канфэрэнцыі 31 жніўня ў Каардынацыйнай радзе выказаліся наконт чарговага затрыманьня — сябра прэзыдыюму рады Ліліі Ўласавай. Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Павал Латушка зьвязаў затрыманьне Ліліі Ўласавай зь ціскам на раду.
«Я хацеў бы зрабіць заяву, што сёньня ў 15:00 была затрымана Лілія Ўласава. Яна зьяўляецца адным з самых вядомых мэдыятараў Беларусі. Мы выказваем заклапочанасьць у сувязі з чарговым затрыманьнем сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады. Гэта мы разглядаем як ціск на Каардынацыйную раду», — заявіў Павал Латушка. Цалкам чытайце па спасылцы.
Штрафы і да 47 сутак арышту. «Судовы канвэер» над затрыманымі 28, 29 і 30 жніўня
31 жніўня праходзяць суды над затрыманымі на мірных акцыях пратэсту 28, 29 і 30 жніўня. Праваабарончы цэнтар «Вясна» зьбірае інфармацыю пра вынікі судовых пасяджэньняў.
На цяперашні момант вядомыя ўжо больш за 50 прысудаў: у асноўным гэта штрафы (да 1080 рублёў), а таксама арышты на суткі (самы вялікі прысуд — 47 сутак арышту). Поўны пералік чытайце па спасылцы.
У Горадні маліліся за вяртаньне Тадэвуша Кандрусевіча ў Беларусь
Каля ста чалавек у Горадні прыйшлі пад Фарны касьцёл памаліцца на ружанцы за вырашэньне сытуацыі зь вяртаньнем мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на радзіму.
Ксяндзы адразу папярэдзілі, што акцыя не палітычная, папрасілі не выгукваць лёзунгі.
Менск: пратэстоўцы пакінулі плошчу Незалежнасьці
З плошчы Незалежнасьці сышлі ўсе пратэстоўцы. На піку тут было каля сотні чалавек. У асноўным – мужчыны. Карэспандэнты Свабоды ня бачылі, каб міліцыя кагосьці затрымала.
«Ланцуг салідарнасьці» і крыжовы шлях каля Чырвонага касьцёла. ФОТА
Да ланцуга салідарнасьці каля касьцёла на плошчы Свабоды ў Менску пад'ехаў сіні мікрааўтобус без нумароў, выйшаў АМАП, а потым пад'ехаў аўтазак.
Прэс-сакратара Каардынацыйнай рады выклікалі ў Сьледчы камітэт
Прэс-сакратара Каардынацыйнай рады Антона Раднянкова выклікалі на допыт у Сьледчы камітэт 1 верасьня ў рамках расьсьледаваньня крымінальнай справы па факце публічных заклікаў да захопу дзяржаўнай улады, паведамляе БелаПАН.
Паводле прэс-службы КР, Раднянкова выклікалі ў якасьці сьведкі, хоць ён не ўваходзіць у прэзыдыюм. Раней у СК дапытвалі толькі сябраў прэзыдыюму КР: Сьвятлану Алексіевіч, Максіма Знака, Лілію Ўласаву, Паўла Латушку, Сяргея Дылеўскага і Марыю Калесьнікаву.
Лукашэнка зьняў пасла ў Гішпаніі, які выказваўся за перападлік галасоў на выбарах і суд над вінаватымі ў гвалтоўных дзеяньнях
Аляксандар Лукашэнка сваім указам ад 31 жніўня зьняў з пасады амбасадара Беларусі ў Гішпаніі Паўла Пуставога і пазбавіў яго дыпляматычнага рангу «за неналежнае выкананьне службовых абавязкаў», паведаміла БелТА са спасылкай на прэс-службу Лукашэнкі.
18 жніўня Пуставы зьвярнуўся да суродзічаў з заклікам «у спакойных і мірных абставінах абмеркаваць усе праблемы, якія хвалююць людзей». Ён заклікаў правесьці перападлік вынікаў галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах 9 жніўня, правесьці «адкрытыя судовыя пасяджэньні» ў адносінах да тых, хто: зьбіваў мірных дэманстрантаў; правакаваў да жорсткасьці сілавікоў, першымі нападаючы камянямі і арматурай; затрымліваў без падставы і зьдзекаваўся з затрыманых; зьдзяйсьняў аўтамабільныя наезды на прадстаўнікоў міліцыі; пагражаў блізкім і сваякам удзельнікаў падзеяў.
У Магілёве затрымалі 6 чалавек
Праваабаронцы «Вясны» паведамляюць, што ў 18:30 у Магілёве каля ГЦ «Атрыюм» АМАП затрымаў 6 чалавек, зь іх трое жанчыны. Вядомыя іх імёны: Валянцін Герасіменка, Мікалай Харытон, Алеся Хітрыкава, Дар’я Ратнікава, Вольга Башарымава, Аляксандар Страх .
Аляксандар Страх, капітан трэцяга рангу ў адстаўцы, па тэлефоне пасьпеў паведаміць, што іх вязуць у Ленінскі РУУС. Учора ён першы выгукнуў «Жыве Беларусь», калі зьбіраўся Марш міру і незалежнасьці ў Магілёве.
Дзяўчат апыталі, прымусілі падпісаць паперу пра няўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах і хутка вызвалілі.
Каля 22:30 вызвалілі і астатніх затрыманых. Аляксандра Страха папярэдзілі, што на яго будзе складзены пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, паведамляюць праваабаронцы. Страху выпісалі позву зьявіцца ў міліцыю 1 верасьня.
Беларусь «прыме адэкватныя меры» ў адказ на санкцыі з боку балтыйскіх краін
Прэс-сакратар Міністэства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз пракамэнтаваў агенцтву «РИА Новости» візавыя санкцыі, уведзеныя ў дачыненьні да шэрагу беларускіх чыноўнікаў.
Паводле Анатоля Глаза, гісторыя незалежнай Беларусі пацьвярджае, што спробы санкцыйнага ўзьдзеяньня на Беларусь «прыводзяць іх ініцыятараў толькі да адваротнага эфэкту», і ў МЗС сёньняшняе рашэньне ўвесьці санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў «ня стане выключэньнем».
«Мы заяўлялі раней, што Беларусь вымушана будзе прыняць адэкватныя меры ў адказ у дачыненьні да ініцыятараў такіх крокаў. І гэта будзе зроблена», — заявіў Глаз. Цалкам чытайце па спасылцы.
Менск. «Ланцуг салідарнасьці» і крыжовы шлях ля Чырвонага касьцёла
Увечары ў Менску жанчыны зноў выйшлі ў «ланцуг салідарнасьці» да Чырвонага касьцёла.
Да людзей, якія выстраіліся ў ланцуг салідарнасьці перад касьцёлам, падыходзілі супрацоўнікі АМАПу і казалі, што мерапрыемства несанкцыянаванае.
Каталікі выйшлі з касьцёла пасьля імшы і зрабілі крыжовы шлях вакол Чырвонага касьцёла. Яны маліліся за мітрапаліта Кандрусевіча, якому сёньня не дазволілі ўехаць у Беларусь.
Пасьля папярэджаньня супрацоўнікаў міліцыі, што мерапрыемства несанкцынаванае, людзі пачалі вадзіць карагод на плошчы Незалежнасьці.