Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя затрымала старшыню страйкаму МАЗу, на працаўнікоў узмацняюць ціск


Акцыя салідарнасьці з рабочымі МАЗ. 19 жніўня 2020 году
Акцыя салідарнасьці з рабочымі МАЗ. 19 жніўня 2020 году

20 жніўня міліцыянты затрымалі старшыню страйкаму Менскага аўтамабільнага заводу Яўгена Бахвалава​, паведаміла Tut.by прадстаўніца ГУУС Менгарвыканкаму Натальля Ганусевіч. Разам з тым Свабода даведалася ад крыніц на заводзе пра ўзмацненьне ціску на працаўнікоў, якія выступаюць за адстаўку ўладаў і за новыя выбары.

«Літаральна за першую палову гэтага дня абстаноўка значна пагоршылася. Тэрмінова ўсталявалі відэакамэры ўва ўсіх цэхах і праездах, сочаць, каб не зьбіраліся больш за тры чалавекі, каб не адсутнічалі на працоўным месцы. Адразу пагражаюць пазбаўленьнем прэміі ці нават звальненьнем. Па заводзе езьдзіць АМАП на электракарах, шмат праваахоўнікаў на тэрыторыі. Спрабуюць вылічыць страйкам, які ў такіх умовах, натуральна, пайшоў у падпольле», — паведаміла крыніца карэспандэнту Свабоды.

Паводле крыніцы, на заводзе пачаліся звальненьні тых, хто апошнімі днямі браў удзел у страйку. «Кажуць прыкладна пра 10 чалавек, якіх загадана звольніць. Правяраем гэтыя зьвесткі», — паведаміла крыніца.

Зь іншых крыніц Свабодзе стала вядома пра звальненьне сьлесара Вячаслава Баўкуновіча. з 4-га цэху зборкі аўтамабіляў (ЦСА-4). Працаўніку паставілі ў віну тое, што адсутнічаў на працоўным месцы з 7-й раніцы да 15-й гадзіны 19 жніўня, за што яго пазбавілі прэміі за жнівень. У другім пункце распараджэньня загадана «за сыстэматычныя парушэньні працоўных абавязкаў без паважлівых прычын падрыхтаваць дакумэнты на звальненьне». Загад падпісаў начальнік ЦСА-4 МАЗ А. Паўлючэнка.

У бюро сувязяў з грамадзкасьцю МАЗ атрымаць камэнтар не ўдалося, бо ніхто не падымае слухаўку. Не адказала і намесьніца генэральнага дырэктара прадпрыемства па ідэалёгіі Зоя Таран.

На сайце МАЗ зьявіўся зварот ад імя калектыву прадпрыемства.

«Мы не павінны ісьці на повадзе ў тых, хто сёньня сее разлад і смуту, падзяляе грамадзтва на сваіх і чужых», — сказана ў звароце. Паводле аўтараў звароту ад імя МАЗ, «калектыў, як і ўвесь беларускі народ, зрабіў свой выбар».

«Галасаваў за Ціханоўскую, як усе», — звольнены з МАЗу рабочы патлумачыў, чаму адважыўся на страйк

Вячаславу Баўкуновічу 19 год. Малады чалавек толькі сёлета скончыў Аўтамэханічны каледж, што стаіць насупраць МАЗу і рыхтуе для яго кадры. Вячаслаў мусіў адпрацаваць на заводзе 2 гады, быў разьмеркаваны на 2 участак галоўнага канвэеру і пасьпеў адпрацаваць на ім толькі 2 тыдні.

«Галасаваў першы раз у жыцьці. Прагаласаваў за Ціханоўскую, як усе, і калі даведаўся, што Лукашэнку далі 80%, абурыўся. Усе, каго ведаю, галасавалі за яе. У панядзелак хлопцы сказалі пра страйк, і я далучыўся.

Мы былі за адстаўку Лукашэнкі і за новыя сумленныя выбары. Нас было чалавек 13, большасьць нават па імёнах ня ведаю, бо працую тут зусім мала.

Як мы баставалі? Сядзелі, не працавалі, а начальства накіравала на нашы месцы рабочых зь іншых участкаў. Хлопцы зь ім не размаўлялі, і я таксама — пра што зь імі гаварыць?

Мы тры дні не працавалі, а сёньня вырашылі вярнуцца на канвэер, бо нас мала. Нам яшчэ раніцай казалі, каб пачыналі працаваць, а потым усё рэзка зьмянілася.

Мяне зрабілі сыстэматычным парушальнікам, хоць раней заўваг не было. Вось іду па загад аб звальненьні», — пасьпеў расказаць Вячаслаў Баўкуновіч.

Малады працаўнік сказаў, што не шкадуе пра свой учынак, але цяпер яго прымусяць сплаціць за вучобу ў каледжы, і гэта палохае.

«Вучыўся 4 гады. Падлічылі, што вучоба каштуе 8 тысяч 200 беларускіх рублёў, і прыйдзецца аддаваць. Як — ня ведаю. Кажуць, сам вінаваты, што не адпрацаваў на заводзе, а пайшоў у страйк», — сказаў Вячаслаў.

Паводле Вячаслава Баўкуновіча, з МАЗу звальняюць яшчэ некалькіх працаўнікоў зь іншых падразьдзяленьняў, якія бралі ўдзел у страйку, але імёнаў ён ня ведае.

«Чуў, што ёсьць звальненьні ня толькі ў нашым цэху, але імён ня ведаю», — сказаў Вячаслаў.

Атрымаць камэнтар заводзкага бюро па сувязях з грамадзкасьцю не ўдалося. Тэлефон бюро маўчыць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG