Суд прызнаў вінаватай і пакараў штрафам у 540 рублёў прадстаўніцу Гомельскай Каардынацыйнай рады Сьвятлану Кароль.
Міліцыя затрымала яе 27 жніўня. Пасьля Сьвятлане зрабілася блага ў аддзеле міліцыі, і яна трапіла ў шпіталь. Яе выпісалі са шпіталю 31 жніўня. Міліцыя пільнавала жанчыну і адразу завезла ў суд. Там яе прызналі вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве і пакаралі штрафам. Але і пасля суду Святлана не трапіла дахаты — яе міліцыя павезла ў Чыгуначны РАУС.
Святлана Кароль неаднаразова прымала ўдзел у акцыях салідарнасці, яна ўваходзіць у Гомельскую Каардынацыйную раду.
17 жніўня прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і ініцыятыў Гомля і вобласьці аб’ядналіся ў мясцовую Каардынацыйную раду і склалі адозву да ўладаў з патрабаваньнем адмены вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі і правядзеньня круглага стала для пошуку выхаду з грамадзка-палітычнага крызісу.
Учора ў Гомлі міліцыя затрымала журналістку Ларысу Шчыракову. У аддзел міліцыі выклікалі хуткую дапамогу, бо журналістыцы было блага. Ноч яна правяла ў шпіталі. Толькі што Шчыракову выпісалі. Міліцыя склала пратакол па артыкуле 23.34 КаАП — удзел у несанкцыянаванай акцыі.