Эўрапейская фэдэрацыя журналістаў (ЭФЖ) асудзіла ўлады Беларусі, якія 29 жніўня пазбавілі акрэдытацыі шэраг журналістаў. «Сьцяна маўчаньня паступова ізалюе Беларусь ад астатняга сьвету. ЭФЖ асуджае бязьдзеяньне і чаканьне з боку міжнароднай супольнасьці», — гаворыцца ў заяве.
«Акрэдытацыі не павінны выкарыстоўвацца як інструмэнт для кантролю за зьместам ці абмяжоўваць паток інфармацыі», — сказаў прэзыдэнт ЭФЖ Могэнс Блікер Б’ерэгор. Ён заклікаў улады Беларусі аднавіць скасаваныя прэсавыя акрэдытацыі, а таксама «выдаць акрэдытацыю любому замежнаму журналісту, які едзе ў Беларусь, каб асьвятляць пратэсты, зьвязаныя з выбарчымі фальсыфікацыям і паліцэйскім гвалтам».
«Заклікаў да дыялёгу з боку Эўразьвязу і Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ) ўжо недастаткова, — дадаў генэральны сакратар ЭФЖ Рыкарда Гутʼерэс. — Мы заклікаем міжнародную супольнасьць да дзеяньняў: ЭЗ дагэтуль ня ўвёў у сілу абяцаных санкцыяў супраць адказных за выбарчыя фальсыфікацыі і паліцэйскі гвалт, а АБСЭ дагэтуль не даслала экспэртную місію ў Беларусь, каб расьсьледаваць парушэньні правоў чалавека. Праз сваю інэртнасьць і маўчаньне, міжнародная супольнасьць робіцца саўдзельнікам у рэпрэсіях супраць беларускага народу».