Беларускі саюз журналістаў настойвае на хуткай выдачы новых акрэдытацый журналістам замежных СМІ, гаворыцца ў распаўсюджанай у суботу заяве БСЖ, паведамляе агенцтва Interfax.by.
У заяве падкрэсьліваецца, што Беларускі саюз журналістаў «выступаў і выступае за празрыстае, канкурэнтнае і этычна вытрыманае разьвіцьцё мэдыя, за захаваньне мэдыйнага заканадаўства і бясьпеку журналістаў».
«Мы настойваем, каб працэс выдачы новых акрэдытацый нашым замежным калегам прайшоў максымальна хутка, не ствараў праблем для нашых калегаў, ня быў расьцягнуты ў часе і не адбіўся на аб’ёме інфармацыі пра Беларусь у замежнай інфармацыйнай прасторы», — заявілі ў БСЖ.
У саюзе сьцьвярджаюць, што працягваюць уважліва сачыць за разьвіцьцём сытуацыі і «разьлічваюць, што ў выніку пераакрэдытацыі ўсе беларускія і замежныя прафэсійныя журналісты і рэдакцыі ў адпаведнасьці з законам адновяць сваю працу ў Беларусі ў поўным абʼёме і ў бліжэйшы час».
Таксама ў БСЖ заявілі, што са свайго боку гатовыя падтрымаць «усе партнэрскія рэдакцыі СМІ».
29 жніўня каля двух дзясяткаў замежных журналістаў і беларускіх журналістаў, якія працуюць на замежныя СМІ, былі пазбаўленыя акрэдытацыі Міністэрства замежных спраў Беларусі.
Пазбаўленыя акрэдытацыі МЗС:
- карэспандэнты Беларускай службы Радыё Свабода Алесь Дашчынскі, Алег Грузьдзіловіч, Уладзімер Грыдзін і Аляксандра Дынько,
- Аляксандар Грабёнкін і Сяргей Гапон з AFP,
- Васіль Фядосенка і Ўладзімер Косьцін з Reuters,
- Тацяна Мельнічук і Тацяна Януцэвіч з ВВС,
- Генадзь Шарыпкін зь Міжнароднага францускага радыё,
- Раман Васюковіч з «Настоящего времени»,
- Ільля Кузняцоў, Сяргей Сяргееў, Міхаіл Фамін зь нямецкага тэлеканалу ARD,
- Сяргей Грыц, Юры Карманаў з Associated Press.
Рашэньне аб пазбаўленьні акрэдытацыі МЗС прыняла міжведамасная камісія па бясьпецы ў інфармацыйнай сфэры, створаная паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі ў 2017 годзе. У яе склад уваходзяць прадстаўнікі кіраўніцтва Савету бясьпекі, адміністрацыі прэзыдэнта, КДБ, Міністэрства абароны, Міністэрства інфармацыі, іншых дзяржаўных структур Беларусі.
27 і 28 жніўня журналістаў масава затрымлівалі падчас асьвятленьня акцый пратэсту ў Менску.