Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусам адмаўляюць у наведваньні Ўкраіны. Асобных пераваг у перасячэньня мяжы няма


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У міжнародным аэрапорце «Адэса» групе беларускіх грамадзян, якія напярэдадні вылецелі авіярэйсам зь Менску, адмовілі ў перасячэньні ўкраінскай мяжы, нягледзячы на заявы кіраўніцтва Ўкраіны аб прэфэрэнцыях для беларусаў у наведваньні краіны на час закрыцьця межаў для іншаземцаў.

«Грамадзянам Беларусі адмовілі ў перасячэньні дзяржаўнай мяжы ў сувязі з рашэньнем Кабінэту міністраў Украіны аб забароне ўезду іншаземцам у пэрыяд з 00.00 28 жніўня да 00.00 28 верасьня. Штампы пра забарону наведваньня Ўкраіны беларусам ня ставілі. Яны найбліжэйшым часам вернуцца ў Беларусь», — паведамілі Свабодзе ў Адэскім памежным атрадзе.

Паводле памежнікаў, ад моманту закрыцьця ўкраінскай мяжы ў аэрапорце апынуліся 20 іншаземцаў, якім адмовілі ва ўезьдзе ва Ўкраіну.

Адна з пасажырак беларускага авіярэйсу Вераніка паведаміла Свабодзе, што ўсім грамадзянам Беларусі, а іх каля 8 асобаў, выдалі пастанову аб забароне наведваньня Ўкраіны:

«Цягам ночы нас па некалькі разоў выклікалі на гутаркі, правяралі рэчы. Немагчыма было заснуць. Раніцай перавялі ў залю чаканьня, дзе мы ўжо за свой кошт можам купіць гарбату і бутэрброды. Але зь пітной вадой праблемаў не было. Разам з намі тут і іншыя замежнікі — ёсьць грамадзяне Малдовы, габрэі, якія плянавалі паломніцтва ва Ўмань».

Сёньня раніцай міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба заявіў, што беларусы змогуць скарыстацца прэфэрэнцыйным рэжымам пры перасячэньні мяжы ва ўкраінскім кірунку. У той жа час, як паведаміў Свабодзе прэсавы сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, у пастанове ўраду аб закрыцьці мяжы з 28 жніўня не прадугледжана асобных мэханізмаў для грамадзян Беларусі.

«У выпадку гуманітарных падстаў асобнае рашэньне можа ўхваліць старшыня Дзяржаўнай памежнай службы. У пастанове няма асобнай катэгорыі пра грамадзян Беларусі, аднак ёсьць пералік выключэньняў, якімі яны могуць скарыстацца», — сказаў Андрэй Дземчанка.

Паводле яго, грамадзяне Беларусі, якія пацярпелі ад ціску і перасьледу ў часе масавых акцыяў пратэсту, у памежным пункце пропуску на тэрыторыі Ўкраіны мусяць пра гэта заявіць, і ў далейшым будзе разглядацца пытаньне іхнага пропуску на ўкраінскую тэрыторыю.

«Пералік іншых выключэньняў досыць шырокі — гэта тыя іншаземцы, якія ёсьць чальцамі сем’яў грамадзян Украіны; тыя, хто едзе транзытам праз Украіну, прыбываюць ва Ўкраіну з мэтай навучаньня, службы ва Ўзброеных сілах Украіны, часова або стала пражываюць на тэрыторыі Ўкраіны ды маюць адпаведны від на жыхарства; тыя, хто прызнаны ўцекачом або патрабуе дадатковай абароны Ўкраіны; маюць дазвол на працу ва Ўкраіне або прыбываюць на запрашэньне Міністэрства замежных спраў; кіроўцы ды чальцы міжнародных экіпажаў, дзеячы культуры, спартоўцы, тэхнічныя спэцыялісты; тыя, хто прыяжджае ва Ўкраіну ня лячэньне... Усе гэтыя выключэньні, якія датычаць усіх іншаземцаў».

«Калі казаць аб прэфэрэнцыях, памежнікі Ўкраіны са свайго боку ня будуць чыніць перашкод грамадзянам Беларусі ў перасячэньні мяжы. Але трэба разумець, што асобнай катэгорыі грамадзян Беларусі ня вызначана», — падкрэсьліў прэсавы сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка.

Украіна ў сувязі з пашырэньнем эпідэміі каранавірусу плянавала закрыць мяжу для іншаземцаў з 29 жніўня, але зрабіла гэта на дзень раней — з 00.00 28 жніўня. За 20 хвілінаў да ўвядзеньня гэтых абмежаваньняў самалёт вылецеў зь Менску ў Адэсу.

Згодна з раскладам Адэскага аэрапорту, у 14.40 чакаюць прылёту яшчэ аднаго беларускага самалёта зь Менску.

У Міжнародны кіеўскі аэрапорт «Барыспаль» самалёт зь Менску прыбыў у 9.25. Пакуль што дакладна невядома, ці ўсе пасажыры атрымалі дазвол на ўезд ва Ўкраіну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG