МЗС Беларусі заявіў, што краіна мае патрэбу ў падтрымцы і разуменьні, а не «заежджаных парадах».
«Украіна — братэрская для нас краіна, і ўкраінскі народ — братэрскі для беларусаў. Вядома, у гэты няпросты для нашай краіны момант хацелася б адчуць падтрымку ці хаця б разуменьне, а ня слухаць ўжо заежджаныя з усіх бакоў парады. Цяпер дакладна мы маем патрэбу ня ў іх», — цытуе Tut.by афіцыйнага прадстаўніка МЗС Беларусі Анатоля Глаза.
Зь яго словаў, калі паглядзець найноўшую гісторыю Ўкраіны, «досьведу ў некаторых пытаньнях ім не займаць», сказаў прадстаўнік замежнапалітычнага ведамства Беларусі.
«Вось толькі вынік гэтых палітычных экспэрыментаў ужо сапраўды не пераконвае украінцаў у іх правільнасьці і карыснасьці. Ва ўкраінскага кіраўніцтва яшчэ шмат гадоў будзе шмат пытаньняў больш важных, якімі трэба штодзённа займацца ўнутры сваёй краіны, чым раздаваць парады суседзям», — сказаў Анатоль Глаз.
Прэзыдэнт Украіны ў інтэрвію тэлеканалу Euronews заявіў, што Аляксандру Лукашэнку трэба правесьці ў краіне новыя выбары, каб супакоіць народ і расьсеяць сумневы ў выніках.