Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Верхнядзьвінску пасьля выбараў затрымалі 78-гадовага вязьня канцлягеру, мясцовыя жыхары патрабуюць ад міліцыі прабачэньняў


Будынак міліцыі ў Верхнядзьвінску
Будынак міліцыі ў Верхнядзьвінску

У Верхнядзьвінску 12 жніўня міліцыя затрымала групу грамадзян, сярод якіх быў 78-гадовы Антон Бубала — малалетні вязень канцлягеру, ганаровы жыхар гораду, краязнаўца і літаратар. Жыхары Верхнядзьвінску абураныя гэтым фактам, яны просяць сілавікоў на чале з кіраўніком мясцовага РАУС прынесьці прабачэньні Бубалу, піша Tut.by.

Антон Бубала нарадзіўся 27 кастрычніка 1942 году ў вёсцы Гісялёва Верхнядзьвінскага раёну. Калі Бубала быў немаўлём, ён трапіў у канцлягер Саласпілс у Латвіі.

Бубала мае пэдагагічную адукацыю, працаваў у школах Латвіі, на Далёкім Усходзе ў Расеі, у родным раёне. Некаторы час узначальваў аддзел культуры Верхнядзьвінскага раёну.

Цяпер Бубала працуе старшым навуковым супрацоўнікам Верхнядзьвінскага гісторыка-краязнаўчага музэю. Зьяўляецца ганаровым грамадзянінам Верхнядзьвінску. Як літаратар і краязнаўца Бубала апублікаваў некалькі зборнікаў вершаў, дзясяткі кнігаў і буклетаў на краязнаўчую тэматыку.

Затрымалі калі гуляў зь дзецьмі і ўнукамі

Бабала распавёў, што 12 жніўня прыйшоў да фантану ў цэнтры гораду разам зь дзецьмі і ўнукамі.

«Тут не было мітынгу, гараджане проста гулялі. Унук пацягнуў мяне пабегаць каля фантану. Мы пагулялі ў даганялкі, я прысеў адпачыць. Побач гулялі адасобленыя групкі грамадзян. Дзесьці каля 19:30 з боку плошчы да фантану рынуліся міліцыянэры. Далей усё разьвівалася даволі хутка», — сказаў Бубала.

Паводле яго словаў спачатку сталі хапаць мужчынаў каля яго, аднаго зь іх каталі па асфальту. Пасьля затрымалі самога Бубалу. Паводле яго, сілавікі не прадставіліся, але адным зь іх быў начальнік Верхнядзьвінскага РАУС Дзьмітры Новікаў у цывільным адзеньні.

«Новікаў і яго калега схапілі мяне за рукавы кашулі і нешта крычалі. Я запатрабаваў прыбраць ад мяне рукі. Новікаў мяне адпусьціў і пайшоў лавіць іншых людзей, хаця ніхто не зьбягаў. Другі супрацоўнік завёў мяне ў міліцэйскую машыну, на якой нас даставілі ў райадзел», — сказаў Бубала.

Са слоў Бубалы, у міліцыі патрапілі 20 чалавек. Ён лічыць, што сярод іх былі і непаўналетнія. Мужчын утрымлівалі ў душным памяшканьні бяз вокнаў і адтуль выклікалі на допыты. Бубала кажа, што яго дапытваў начальнік РАУС Новікаў, але ўжо ў форме.

«Побач са мной быў сын — яго таксама схапілі. Стаць мне было нялёгка — хворыя суставы, таму мяняў нагу і стаяў у позе чаплі. Над маёй галавой вісеў плякат „Стоп вірус“ з фатаздымкам прыгожага міліцыянта. Гэта выглядала камічна, і затрыманыя сьмяяліся», — сказаў Бубала.

Бубала кажа, што яго вызвалілі перадапошнім уначы на 13 жніўня. За затрыманьне ў яго не папрасілі прабачэньня, а папрасілі падпісаць паперу аб няўдзеле ў несанкцыяваных акцыях. Бубала яе падпісаў. Паводле яго словаў, у аддзяленьні заставаўся адзін мужчына, якога зьбілі пры затрыманьні.

Пасьведчаньне Антона Бубалы, непаўналетняга вязьня канцлягеру
Пасьведчаньне Антона Бубалы, непаўналетняга вязьня канцлягеру

Жыхары Верхнядзьвінску даслалі ў рэдакцыю Tut.by ліст, дзе патрабуюць публічных выбачэньняў за затрыманьне Бубалы ў супрацоўнікаў міліцыі і асабіста начальніка РАУС Новікава.

«Хто б мог падумаць, што ў спакойным Верхнядзьвінску пасьля выбараў разгарнуцца падзеі, якія нагадваюць часы фашысцкай акупацыі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG