Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Захад павінен выбачыцца перад беларусамі, якія апынуліся ў турмах, — фінскі палітоляг


Акрэсьціна турма ЦІП вызваленьне пратэстоўцаў
Акрэсьціна турма ЦІП вызваленьне пратэстоўцаў

Палітоляг Аркадзь Мошэс, дырэктар дасьледчых праграмаў Усходняга суседзтва Эўразьвязу і Расеі ў Фінскім інстытуце міжнародных дачыненьняў, тлумачыць, калі і чаму Крэмль вырашыў адназначна стаць на бок Лукашэнкі, абвінавачвае Захад у памылковай «палітыцы ўсьмешак» і аналізуе, чым можа скончыцца патэнцыйны кансэнсус паміж Захадам і Расеяй па беларускай сытуацыі.

Сьцісла:

  • Пакуль здавалася, што Лукашэнка можа сам кантраляваць сытуацыю і расейскае адкрытае і прамое ўмяшаньне ня так і патрэбна, Крамлю можна было трымацца нібыта ўбаку.
  • ​Па вялікім рахунку, Лукашэнка заўсёды на практыцы быў дастаткова надзейным саюзьнікам і партнэрам для Масквы.
  • Факусаваньне на «расейскай пагрозе» — гэта тэзіс, які не працуе ўнутры самой Беларусі.
  • Захаду вельмі ня хочацца ісьці на публічную дыскусію пра тое, хто вінаваты ў тым, што апошнія 5 гадоў у дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі праводзілася «палітыка ўсьмешак».
  • Не выпадае гаварыць, што «палітыка санкцыяў» правалілася, бо не было санкцыяў.

— Расея адназначна выбрала варыянт усебаковай падтрымкі Аляксандра Лукашэнкі ў беларускім канфлікце. Хоць першыя дні пасьля выбараў 9 жніўня Крэмль відавочна вагаўся і ня быў такім адназначным. Калі Масква прыняла сваё рашэньне стаць на бок Лукашэнкі і чаму?

— Для мяне тут нічога нечаканага не было. Я прадказваў, што Крэмль будзе падтрымліваць Лукашэнку, 10 гадоў таму, падчас выбараў 2010 году, я прадказваў, што Крэмль падтрымае Лукашэнку, і цяпер.

Непасрэдны выбар апошніх тыдняў (зьмена танальнасьці СМІ на карысьць Лукашэнкі, і нават афіцыйных заяваў) зьвязаны з наступным. Пакуль здавалася, што Лукашэнка можа сам кантраляваць сытуацыю і расейскае адкрытае і прамое ўмяшаньне не настолькі і патрэбна, Крамлю можна было трымацца нібыта ўбаку і займаць нібыта аб’ектывісцкую пазыцыю. Але калі сытуацыя пачала мяняцца і хістацца, Крамлю стала зразумела, што неабходна пакласьці на шалі ўсю сваю вагу і даць рэжыму Лукашэнкі дыпляматычную, інфармацыйную падтрымку, абвясьціць пра фінансавую падтрымку. А цяпер мы бачым, што абвешчана ўжо і пра сілавую падтрымку ў выпадку неабходнасьці.

Аркадзь Мошэс
Аркадзь Мошэс

Прычыны вельмі простыя — Крэмль ня можа дазволіць сабе зьмірыцца са зьменай рэжыму ў Беларусі праз рэвалюцыю, праз народныя пратэсты, празь нязгоду з вынікамі відавочна сфальсыфікаваных выбараў. Па-другое, Лукашэнка — гэта вядомае для Масквы зло. А мяняць яго на невядомую фігуру — нелягічна, нерацыянальна і нават небясьпечна.

Па-трэцяе, па вялікім рахунку Лукашэнка заўсёды на практыцы быў дастаткова надзейным саюзьнікам і партнэрам для Масквы. Гэта чалавек, упэўнены ў тым, што расейцы і беларусы — гэта адзін народ; упэўнены, што для Беларусі правільна быць у вайскова-палітычных і эканамічных саюзах з Расеяй. Так што, калі ня браць у разьлік ягоную рыторыку, а канцэнтравацца на тым, якая была ягоная палітыка на працягу 25 гадоў, — то ён цалкам задавальняе Крэмль. Так што і сумневаў не павінна было быць наконт таго, на чыім баку акажуцца сымпатыі і дзеяньні Крамля.

— Напярэдадні выбараў і на пачатку выбарчай кампаніі Лукашэнка актыўна называў сваіх палітычных апанэнтаў, якія вылучаліся ў кандыдаты ў прэзыдэнты, «пракрамлёўскімі», якімі кіруюць «лялькаводы» з Расеі. Да таго ж сваю рыторыку ён будаваў на ідэі абароны сувэрэнітэту — зразумела, ад каго. Ад тых, хто спрабуе яго «нахіліць», прапануе падпісаць 31-ю дарожную карту і гэтак далей. Як гэта ўсё ўспрымалася ў Крамлі? Ці можна сказаць, што цяпер яны даравалі Лукашэнку ўсе гэтыя словы і выбрыкі?

— Я ня ведаю, як гэта ўспрымалася ў Крамлі. Ня думаю, што Крамлю гэта падабалася, гэтая рыторыка Менску была на мяжы прымальнага. Але калі не лічыць выпадак з вагнэраўцамі, які ў выніку Менск і Масква сьпісалі на падкопы ўкраінцаў і ЦРУ, — дык усё астатняе не выходзіла за рамкі звыклага. Рыторыка ягоная заўсёды была непасьлядоўнай, таму трэба было зьвяртаць увагу не на тое, што ён гаварыў, а на тое, што рабіў.

«Расейская пагроза» — тэзіс, які вельмі добра прадаецца на Захадзе. У палітыцы Менску гэта вельмі добра гучала і забясьпечвала перазагрузку паміж Менскам і заходнімі сталіцамі. У Расеі гэта ўспрымалі ня вельмі добра, але маглі трываць. Але самае цікавае тое, што факусаваньне на «расейскай пагрозе» — гэта тэзіс, які не працуе ўнутры самой Беларусі. У Беларусі частка электарату, у асноўным пралукашэнкаўская, у прынцыпе не ўспрымае Расею як пагрозу, для іх Расея — гэта брацкая краіна, старэйшая сястра. І хістаньні Лукашэнкі да гэтых людзей асабліва не даходзілі. А іншая частка электарату, якая сапраўды ўспрымае Расею як пагрозу сувэрэнітэту, ня лічыць, што Лукашэнка — гэта рашэньне праблемы. Яны ведаюць, што Лукашэнка зь ягоным стаўленьнем да беларускай мовы, адукацыі і культуры, да саюзаў з Расеяй — сам частка праблемы.

— Тое, што апошнім часам Лукашэнка амаль штодня звоніць Пуціну і даволі прыніжана просіць дапамогі — гэта сьведчыць пра тое, што Масква ўжо спрабуе нешта атрымаць ад яго ўзамен на гэтую дапамогу, ці для Крамля цяпер галоўнае — утрымаць яго ва ўладзе, і рахунак можна прадставіць потым?

— Думаю, што цяпер для Крамля галоўная задача — выратаваць Лукашэнку, забясьпечыць захаваньне ім улады. Магчыма, нейкія абяцаньні даюцца, але ж мы ведаем Лукашэнку, што іх потым зь яго давядзецца выціскаць абцугамі. Я думаю, што Крэмль гэты ўрок вывучыў.

А ўжо потым — многія лічаць, што, як толькі яго выратуюць, пачнецца наступная фаза падбору нейкай іншай фігуры, каб Лукашэнка цягам году-двух нейкім спосабам адышоў ад спраў і прыйшла новая асоба, прымальная для Масквы. Але ў Крамлі, відаць, разумеюць, што калі на яго цяпер моцна націскаць і прымусіць падпісаць штосьці кшталту 31-й карты, то гэта выкліча зноў масавыя пратэсты. Так што з гэтым, магчыма, сьпяшацца ня будуць. Таксама там разумеюць, што калі Лукашэнка цяпер застанецца, то яго давядзецца вельмі моцна фінансаваць, — то бок адыходзіць ад той палітыкі скарачэньня датацыяў, якую Расея праводзіла апошнія гады.

Так што ня думаю, што Крэмль падтрымлівае Лукашэнку зь лёгкім сэрцам, што яму гэта надта падабаецца. Проста ў Масквы няма іншага выйсьця, зыходзячы з ідэалягічных меркаваньняў, што ўлада не павінна мяняцца праз выбары і народны пратэст.

— Калі зьвярнуцца да пазыцыі Захаду ў беларускім канфлікце, то многім у Беларусі яна падаецца недастаткова моцнай. Многія лічаць, што Захад мог бы рабіць значна больш. Калі вы згодныя з такой пастаноўкай пытаньня — то чаму ня робіць?

— Захад сёньня на постсавецкай прасторы значна слабейшы за сябе 10 гадоў таму, сутыкаецца з многімі праблемамі і крызісамі. Таму Захад спрабуе паводзіць сябе вельмі асьцярожна і ўсімі сіламі намагаецца не справакаваць Расею, пазьбегнуць крызісу. Ён мог бы рабіць больш, у распараджэньні Захаду знаходзяцца дастаткова значныя эканамічныя і дыпляматычныя рычагі.

Трэба ўлічваць важны псыхалягічны момант. Захаду вельмі ня хочацца ісьці на публічную дыскусію пра тое, хто вінаваты ў тым, што апошнія 5 гадоў у дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі праводзілася «палітыка ўсьмешак». Многія экспэрты папярэджвалі, што ўсё гэтым і скончыцца, што рэжым Лукашэнкі ня можа памяняцца знутры. Але гэтыя папярэджаньні былі праігнараваныя.

Шчыра кажучы, мне як староньняму назіральніку хацелася б, каб Захад выбачыўся перад людзьмі, якія пабылі ў турмах, і перад сем’ямі загінулых, — бо ўскосна сваёй палітыкай «сонечнага цяпла» ў дачыненьні да Лукашэнкі Захад спрыяў таму, што рэжым назапасіў сілы і паводзіць сябе так, як мы бачылі 9–12 жніўня. Але зразумела, што гэтага не адбудзецца і што Захад будзе абмяжоўвацца дастаткова малазначнымі крокамі.

— Калі вы заяўляеце, што палітыка «нармалізацыі» паміж Менскам і Брусэлем была няправільная, то апанэнты могуць заявіць, што яна стала вынікам правалу палітыкі санкцыяў. Маўляў, зыходзілі з таго, што санкцыі ні да чога не прывялі, таму паспрабуем іншае.

— Не, зыходзілі з таго, што пасьля Ўкраіны трэба дапамагчы Лукашэнку павялічыць нейкую прастору манэўру адносна Масквы. Што лепш у Менску Лукашэнка Саня, чым на танку рускі Ваня. Усё астатняе было другаснае. Бо калі слабыя санкцыі ня дзейнічаюць — можна заўсёды паспрабаваць павялічыць санкцыі.

— Дый не было ніякіх санкцыяў папраўдзе, толькі асабістыя візавыя...

— Так, пра гэта і размова. Санкцыі дэкляраваліся, але іх, па вялікім рахунку, не было. Таму не выпадае гаварыць, што «палітыка санкцыяў» правалілася — бо не было санкцыяў.

Але да 2014–2015 году было хоць зразумела, на чыім баку маральная падтрымка і маральная праўда з гледзішча Эўразьвязу. Заходнія краіны не прыкідваліся, што будзе дыялёг роўных — яны ведалі, хто вінаваты, хто прымяняў рэпрэсіі і хто пакутаваў ад іх. Пасьля 2015-га, калі санкцыі зьнялі без рэабілітацыі ахвяраў рэпрэсіяў, — адказнасьць размылася, адносіны пачаліся нібы з чыстага аркуша. Гэта было няправільна, наіўна — а можа, варта ўжыць і іншае слова.

— Палітолягі абмяркоўваюць варыянт, ці могуць цяпер Захад і Расея прыйсьці да нейкага кансэнсусу наконт Беларусі і паставіць Лукашэнку перад фактам такой дамовы. Як прыклад часам прыводзіцца варыянт разьвязаньня малдаўскага крызісу.

— Я думаю, гэта цалкам магчыма. Трэба, аднак, памятаць вынік малдаўскай дамовы. Праз паўгода пасьля расейска-эўрапейскіх дамоўленасьцяў праэўрапейскія сілы былі выцесьненыя з улады.

І я думаю, што калі аб Беларусі будзе дасягнутая падобная дамоўленасьць, то ў практычным пляне гэта будзе азначаць перамогу Расеі і захаваньне Лукашэнкі ва ўладзе. Спроба даць Маскве магчымасьць сыграць галоўную ролю ва ўрэгуляваньні сытуацыі ў Беларусі, безумоўна, будзе азначаць дыпляматычную перамогу Расеі і спрыяць захаваньню ва ўладзе лукашэнкаўскага рэжыму.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG