Каардынацыйная рада апублікавала заяву, у якой выказала шкадаваньне, што на запыт Лукашэнкі ў Расеі сфармаваная рэзэрва з супрацоўнікаў праваахоўных органаў для выкарыстаньня ў Беларусі.
«Раней дзеючым прэзыдэнтам неаднаразова заяўлялася аб недапушчальнасьці зьнешняга ўмяшаньня ў справы Беларусі», — гаворыцца ў звароце Каардынацыйнай рады.
У дакумэнце падкрэсьліваецца, што праблемы ўнутрыпалітычнага крызісу ў Беларусі маюць вырашацца:
- выключна ў межах канстытуцыйнага поля,
- у межах закону,
- мірнымі сродкамі,
- бязь зьнешняга ўмяшаньня.
Фармаваньне на тэрыторыі Расеі або іншай дзяржавы ўзброеных груповак для выкарыстаньня на тэрыторыі Беларусі Каардынацыйная рада лічыць недапушчальным, супярэчным міжнароднаму праву і пазыцыі беларускага грамадзтва.
Таксама Каардынацыйная рада прасіла замежных партнэраў устрымацца ад заяваў аб наданьні ёй дапамогі або аб прадстаўленьні гэтымі партнэрамі інтарэсаў беларускага грамадзтва.