Пяць гадоў таму памёр ад ранаў Алесь Чаркашын.
Там, дзе ваююць за свабоду і незалежнасьць, пад сьцягі змагароў заўсёды становяцца і прадстаўнікі іншых народаў.
Так было і ў час вызвольнага паўстаньня 1863–1864 гадоў: поплеч з нашымі інсургентамі на беларускай зямлі біліся з расейскімі карнікамі ўкраінцы, палякі, італійцы, вугорцы, французы, расейцы.
Калі ў 2014-м пачалася вайна ва Ўкраіне, на бок абаронцаў яе дэмакратычнага шляху і тэрытарыяльнай цэласьці сталі дзясяткі беларусаў-добраахвотнікаў. Адзін зь іх — берасьцеец Алесь Чаркашын.
Да беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху ён далучыўся васямнаццацігадовым юнаком. Уступіў у спартова-патрыятычную арганізацыю «Край», а затым — у «Зубр».
Алесь вучыўся ва Ўкраіне: з чырвоным дыплёмам скончыў Таўрыйскі хрысьціянскі інстытут у Хэрсоне. Яшчэ ў часе навучаньня ён уступіў у партыю «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» і стаў кіраўніком яе берасьцейскай суполкі. 19 сьнежня 2010 году прыехаў на менскую Плошчу, потым быў у родным горадзе арганізатарам «маўклівых пратэстаў».
На фронце Чаркашын выконваў абавязкі капэляна (у кішэні заўсёды насіў Новы Запавет) і дапамагаў мэдыкам. Ён меў пазыўны «Тарас», але сябры часта называлі яго Бясстрашным. Яны згадваюць, што Алесь сапраўды ня меў у душы страху: у бітве за Данецкі аэрапорт, у пекле каля пасёлку Пяскі, калі вакол несупынна гучалі выбухі, ён пад кулямётным абстрэлам выцягваў з-пад агню параненых.
Яму нязьмерна камфортней было мець у руках ня зброю, а гітару, пад якую Алесь у хвіліны зацішша сьпяваў аднапалчанам песьні на вершы Ларысы Геніюш і на свае ўласныя словы. Замест мэдыятара ў руцэ ён трымаў патрон.
У сеціве можна знайсьці адну з тых песьняў з радкамі, што ўспрымаюцца цяпер як прадбачаньне:
Між белых камлёў захісталася сьмерць.
Яна за аддзелам начамі качуе.
Мо заўтра зноў будуць сасонкі шумець
Над намі, а мы ўжо жыцьця не пачуем...
У жніўні 2015-га ў баі пад Белай Каменкай Чаркашына цяжка параніла. Лёс адмераў яму два з паловаю тыдні жыцьця ў шпіталі і падараваў сустрэчу з каханай дзяўчынай.
На ягонае пахаваньне ў роднай берасьцейскай зямлі прыйшлі сотні людзей.
Пасьмяротна Чаркашына ўзнагародзілі мэдалём «За самаахвярнасьць і любоў да Ўкраіны» і ордэнам «Народны герой Украіны». Імя нашага адважнага суайчыньніка ўвекавечанае на помніку беларусам, якія загінулі за Ўкраіну. Гэты манумэнт усталяваны ў Кіеве на вуліцы Беларускай. Побач з Алесевым — імёны Міхала Жызьнеўскага, чыё жыцьцё абарвалася на кіеўскім Эўрамайдане, і Віталя Ціліжэнкі, заснавальніка тактычнай групы «Беларусь», дзе ваяваў Алесь.
Надмагільны помнік Чаркашына складаецца з трох плітаў, што сымбалізуюць Бога, Айчыну і Служэньне. Сродкі ахвяравалі грамадзяне Беларусі, Украіны, Літвы, Расеі, Польшчы, ЗША.
Яшчэ адным помнікам Алесю стаўся выдадзены сябрамі альбом зь ягонымі песьнямі «Не здавайся!». Гэтыя словы і ў назьве фільму пра Чаркашына, зьнятым на тэлеканале «Белсат» рэжысэрам Антонам Цялежнікавым.
Землякі-берасьцейцы зноў і зноў згадваюць Алеся Чаркашына на мітынгах і дэманстрацыях у дні жнівеньскіх пратэстаў. Ён і сёньня побач з тымі, хто змагаецца за свабоду.
Да пяцігодзьдзя сыходу Алеся ў нябесную Беларусь ягоныя баявыя пабрацімы, сябры й аднадумцы на чале з кінутым цяпер за краты Паўлам Севярынцам падрыхтавалі кнігу пра свайго героя, які стаў і героем маіх новых «Імёнаў Свабоды».
Замовіць новае выданьне кнігі «Імёны Свабоды» з аповедамі пра 365+1 героя аўтарскага пантэону можна ТУТ.