Старшы віцэ-прэзыдэнт амэрыканскай ІТ-кампаніі зь беларускімі каранямі EPAM Макс Баграцоў расказаў у Фэйсбуку, чаму сышоў у бестэрміновы адпачынак і далучыўся да Каардынацыйнай рады.
EPAM — гэта амэрыканская ІТ-кампанія зь беларускімі каранямі. Цяпер яе капіталізацыя складае 18 мільярдаў даляраў, а беларуская «дачка» Epam Systems — найбуйнейшая ІТ-кампанія ў Беларусі са штатам звыш 10 тысяч супрацоўнікаў.
Макс Баграцоў адпрацаваў у EPAM 23 гады, прайшоўшы шлях ад праграміста да старшага віцэ-прэзыдэнта, адказнага за тэхналягічныя рашэньні. Ён піша, што хоць шмат год пражыў за межамі Беларусі, але захаваў адзін беларускі пашпарт.
«Я, як і ўсе, адчуў унікальнае пачуцьцё гонару за тое, што я беларус, у дзень выбараў, якія паказалі нечуваны ўзровень актыўнасьці, згуртаванасьці і веры ў адкрытую грамадзянскую супольнасьць. Хутка дадалося пачуцьцё сораму: калі ўлада ўжывае беспрэцэдэнтны тэрор у адносінах да ўласнага народу, нябачаны тут з часоў Другой сусьветнай вайны, заставацца ўбаку на бясьпечнай адлегласьці — гэта няправільна».
Ён называе сябе прагматыкам і кажа, што цягам тыдня пасьля 9 жніўня «паспрабаваў нешта рабіць па працы».
«Але рэальна замест таго, каб нешта вырабляць... бясконца тлумачыў кліентам плян кампэнсацыі страчанай вытворчасьці ў Беларусі ці выслухоўваў, як яны патрабуюць усе крытычныя ці ня вельмі функцыі вынесьці за межы краіны. Прамучыўшыся пару дзён, я зразумеў што больш эфэктыўна і больш сумленна будзе сысьці ў адпачынак на нявызначаны час і ў Менску дапамагчы, чым магу, пабудаваць грамадзтва, дзе праўда, факты і адказнасьць дзяржаўных органаў перад уласным народам — не пустыя словы».
Паводле яго, гэта можна «вельмі элегантна» зрабіць з дапамогай сучасных лічбавых тэхналёгій, якія «ўжо паказалі, што махляваць, падманваць, парушаць закон і хавацца за дзяржаўныя чыны ў сучасным сьвеце вельмі складана — усё навідавоку».
«Я ня бачу людзей, гатовых дараваць, прыкінуцца, вярнуцца ў загончыкі да сваіх клявіятураў, станкоў або патэльняў і працягваць утрымліваць улады і сілавікоў, якія нас, нашых сяброў, сваякоў, дзяцей забіваюць, зьбіваюць, прыніжаюць пад псэўдапатрыятычныя песьні», — напісаў Макс Баграцоў.
Ён спаслаўся на калегаў з Каардынацыйнай рады, тлумачачы, што гэта ня орган кіраваньня і ён ня ставіць задачу захопу ўлады.
«Проста спрабуем данесьці да розных удзельнікаў гэтага канфлікту (перш за ўсё ўладаў), што старыя мэтады не працуюць: працяг гвалту — гэта тупік, сутыкаць жыхароў Беларусi ілбамі паміж сабой або з суседзямі ня трэба...»