Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яндэкс» пачаў эвакуацыю ў Расею супрацоўнікаў беларускага офісу 


Кампанія «Яндэкс» ня стала чакаць працягу гісторыі зь ператрусамі ў беларускім офісе. Як стала вядома парталу The Bell, пачалася эвакуацыя супрацоўнікаў у Расею. Зьвестак, па якія прыходзілі сілавікі, уладам не перадалі, сьцьвярджаюць у кампаніі.

Арганізаваць эвакуацыю кампаніі давялося пасьля таго, як 13 жніўня ў беларускія філіі «Яндекс» і Uber прыйшлі ўзброеныя людзі ў чорным. Яны прадставіліся супрацоўнікамі ўпраўленьня МУС у барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю.

Што менавіта цікавіла сілавікоў, да гэтага часу невядома. Аднак крыніцы The Bell расказалі, што апэратыўнікі хацелі атрымаць зьвесткі аб паездках сэрвісу «Таксі». Зрабіць гэтага не ўдалося: усе дадзеныя знаходзяцца ў Расеі.

У беларускім офісе «Яндекс» працуе блізу 300 чалавек. Частку кампанія на мінулым тыдні вывезла ў Расею. Хто ад эвакуацыі адмовіўся, пераехалі зь Менску «на лецішчы». Для вырашэньня праблемы беларускага офісу дзейнічае апэратыўны штаб, які дапамагае вырашаць пытаньні бясьпекі мясцовых супрацоўнікаў.

Акрамя «Таксі», менскі офіс «Яндекс», адкрыты ў 2011 годзе, займаецца разьвіцьцём іншых ключавых прадуктаў: «Пошук», «Пошта», «Малюнкі», «Рэкляма», «Мапы» і г.д.

За дзень да ператрусаў у «Яндэксе» беларускія IT-кампаніі падпісалі адкрыты ліст, у якім запатрабавалі ад уладаў спыніць гвалт, вызваліць затрыманых і правесьці новыя прэзыдэнцкія выбары.

«Мы не экспэрты ў палітыцы, але экспэрты ў тэхналягічным бізнэсе. У краіне фармуюцца ўмовы, пры якіх тэхналягічны бізнэс ня зможа функцыянаваць. Стартапы не нараджаюцца ў атмасфэры страху і гвалту. Яны зьяўляюцца ва ўмовах свабоды і адкрытасьці», — гаварылася ў лісьце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG