Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У менскім доме, дзе жылі Цапкалы да эміграцыі, праводзяць ператрус

абноўлена

Архіўнае фота. Вераніка і Валер Цапкалы
Архіўнае фота. Вераніка і Валер Цапкалы

Як паведаміў Свабодзе Аляксей Урбан, кіраўнік прэс-службы ўдзельніка выбарчай кампаніі Валера Цапкалы, у менскім доме Валера і Веранікі Цапкалаў праходзіць ператрус. Хто яго праводзіць і паводле якой справы, яму невядома.

«Цяпер у гэтым доме жыве цётка Веранікі, яна даглядае дом. Паколькі Валер і Вераніка Цапкалы знаходзяцца зь дзецьмі за мяжой, даведацца падрабязнасьці і прычыны складана. Але мне гэта пацьвердзіла сама Вераніка», — сказаў Аляксей Урбан.

Пазьней Валер Цапкала напісаў на сваёй старонцы ў Твітэры, што ў яго арыштавалі тэлевізар і пыласос.

Дом, дзе праходзіць ператрус, цяпер належыць лізінгавай кампаніі, перад выбарамі Валер Цапкала яго прадаў. Як паведаміла «Наша Ніва», яшчэ 20 жніўня Сьледчы камітэт наклаў арышт на кватэру Цапкалаў на вуліцы Чарнышэўскага ў Менску плошчай больш за 100 квадратных мэтраў.

24 ліпеня экс-прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Беларусі Валер Цапкала зьехаў зь Беларусі разам зь дзецьмі. Паводле Цапкалы, сябры ў праваахоўных органах папярэдзілі яго, што плянуецца ягоны арышт. Акрамя таго, у школу, дзе вучацца іх дзеці, паводле Цапкалаў, прыходзілі работнікі пракуратуры і патрабавалі ад настаўнікаў, завуча, дырэктара школы падпісваць нейкія паперы ў дачыненьні да аднаго зь дзяцей. Генпракуратура абвергла словы Цапкалаў.

9 жніўня стала вядома, што Вераніка Цапкала таксама пакінула Беларусь.

У канцы чэрвеня МУС Беларусі пачало праверку па заяве беларускага бізнэсоўца турэцкага паходжаньня Сэдата Ігдэджы па фактах «супрацьпраўнай дзейнасьці Валера Цапкалы». Пазьней бізнэсовец таксама падаў заяву на Вераніку Цапкалу і яе сястру. Валер Цапкала падаў да Сэдата Ігдэджы сустрэчны пазоў ​дзеля абароны гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG