Былы прэтэндэнт у кандыдаты на прэзыдэнта Валер Цапкала падаў сустрэчны пазоў да турэцкага бізнэсоўца Сэдата Ігдэджы для абароны гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі.
Гэта стала вядома падчас пасяджэньня Першамайскага суду, які праводзіў папярэдняе пасяджэньне з нагоды пазову турэцкага бізнэсоўца да Валера Цапкалы аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі.
Пазоў Валера Цапкалы суд аб’яднаў у адну справу з пазовам Сэдата Ігдэджы.
Прадстаўнік Валера Цапкалы заявіў, што пазоў турэцкага бізнэсоўца беспадстаўны і не падлягае задавальненьню ў поўным аб’ёме. Ён папрасіў суд запатрабаваць матэрыялы, якія пацьвярджаюць выказваньні Валера Цапкалы.
Валер Цапкала ў сваім пазове спаслаўся на несапраўдныя зьвесткі, якія Сэдат Ігдэджы распаўсюдзіў у сваіх інтэрвію ў шэрагу СМІ і якія няславяць яго гонар, годнасьць і бізнэс-рэпутацыю.
Паводле адваката Цапкалы, Сэдат Ігдэджы ў сваіх выказваньнях фактычна абвінавачвае Цапкалу ў службовых злачынствах, хабарніцтве і злоўжываньні службовым становішчам, «заведама лжыва апісвае выкарыстаньне ім службовых паўнамоцтваў і аўтарытэту ў дзяржорганах».
У згаданых інтэрвію Сэдат Ігдэджы сьцьвярджае, што Валер Цапкала нібыта нічога не заплаціў за паслугі праектаваньня і будаўніцтва дома і група кампаній турэцкага бізнэсоўца страціла каля 15 мільёнаў даляраў. Таксама Сэдат Ігдэджы сьцьвярджае, што ён нібыта даў Валеру Цапкалу хабар у 1 мільён даляраў. Пазоўнік патрабуе абвергнуць гэтыя зьвесткі праз разьмяшчэньне выніковай часткі пастановы суду на партале Tut.by.
Разгляд справы працягнецца 20 жніўня.
Грамадзянін Беларусі, бізнэсовец турэцкага паходжаньня Сэдат Ігдэджы 24 чэрвеня падаў заяву ў Генпракуратуру аб проціпраўнай дзейнасьці Валера Цапкалы, якога Цэнтарвыбаркам не зарэгістраваў кандыдатам у прэзыдэнты. Паводле гэтай заявы праверку праводзіць Міністэрства ўнутраных спраў, вынікі пакуль невядомыя.
Таксама Сэдат Ігдэджы паведаміў, што падаў заяву ў Генпракуратуру на Вераніку Цапкалу і яе сястру Натальлю Леанюк. Ён вінаваціць жанчын, што тыя спрыялі Валеру Цапкалу ў атрыманьні хабару.