Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У цэнтры Горадні прайшлі дзяржаўная імпрэза для дзяцей і мітынг пратэстоўцаў. ФОТА


Абедзьве цэнтральныя плошчы ў Горадні ачапілі турнікетамі ўвечары 24 жніўня. На Савецкай плошчы прайшло спартовае мерапрыемства для дзяцей, а насупраць плошчы Леніна — мітынг зь бел-чырвона-белымі сьцягамі.

На палац тэкстыльнікаў, што на Савецкай плошчы, удзень павесілі чырвона-зялёны сьцяг. Пляцоўку побач з палацам агарадзілі. Там ладзілі спартовае сьвята, каб запісаць дзяцей у спартовую сэкцыю. Сабралася каля 200 чалавек. Арганізатары прадставілі 30 відаў спорту, сярод іх баскетбол, хакей, тэніс, фэхтаваньне, скачкі з парашутам, гольф. Бацькі маглі запісаць дзяцей на любы кірунак у спартовыя школы і клюбы, дзеці спрабавалі сябе на розных пляцоўках.

Плошчу Леніна, на якой штовечар зьбіраліся пратэстоўцы, таксама ачапілі турнікетамі. Побач зь ёй стаялі некалькі аўтазакаў, экіпаж ДАІ, шмат міліцыянтаў у цывільным.

Каля 500 дэманстрантаў зь бел-чырвона-белымі сьцягамі сабраліся ў парку Жылібэра насупраць плошчы Леніна. Яны хадзілі вакол Вечнага агню, пляскалі ў ладкі, скандавалі «Верым, можам, пераможам», «Сыходзь», «Не баімся», «Лукашэнку ў аўтазак».

Прыкладна праз гадзіну пасьля пачатку сходу да іх далучыліся людзі з чырвона-зялёным сьцягам і сьцягам расейскай нацыяналістычнай арганізацыі НОД. Адзін мужчына паспрабаваў забраць аранжава-чорны сьцяг, яго адразу затрымалі людзі ў цывільным. Пасьля гэтага дэманстранты сталі разыходзіцца. Яны прайшлі калёнай па цэнтры гораду да аўтавакзалу. Затрыманьняў больш не было відаць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG