Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БСДП заклікала распусьціць Менскі гарсавет і ўвесьці мараторый на гвалт


Менскі «Марш новай Беларусі» 23 жніўня
Менскі «Марш новай Беларусі» 23 жніўня

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) накіравала ліст у Менгарвыканкам і Менскі гарсавет з патрабаваньнямі спыніць эскаляцыю канфлікту і пачаць дыялёг дзеля кансалідацыі грамадзтва.

У сувязі з палітычным крызісам, выкліканым адсутнасьцю свабодных і справядлівых выбараў, БСДП патрабуе прыняць наступныя захады.

  • Увесьці паведамляльны прынцып пры правядзеньні масавых мерапрыемстваў на ўсёй тэрыторыі Менску, у тым ліку на цэнтральных плошчах.
  • Забясьпечыць доступ прадстаўнікоў палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў да мясцовых дзяржаўных СМІ (газэты, радыё, тэлебачаньне) і грамадзка-палітычных перадач.
  • Распусьціць Менскі Савет дэпутатаў і правесьці новыя свабодныя і справядлівыя выбары.

Паводле партыі, інтарэсы беларусаў прадстаўляюць прызначаныя праз працэдуру «выбараў» ляяльныя да ўлады вылучэнцы. Менскі гарсавет дэпутатаў не адлюстроўвае рэальных інтарэсаў людзей. У сувязі з гэтым партыя патрабуе пазачарговых выбараў з абавязковым уключэньнем у склад выбарчых камісій прадстаўнікоў дэмакратычных партый, прадстаўнікоў кандыдатаў, а таксама ўвядзеньнем практыкі адкрытага і галоснага падліку галасоў.

  • Ініцыяваць стварэньне камісіі расьсьледаваньня ўсіх фактаў фальсыфікацыі падчас прэзыдэнцкіх выбараў з прадстаўнікоў мясцовай улады і праваабарончых арганізацыяў.

Адсутнасьць свабодных і справядлівых выбараў, неўключэньне ў камісіі прадстаўнікоў дэмакратычных партыяў і кандыдатаў, нядопуск незалежных назіральнікаў на выбарчыя ўчасткі справакавала сытуацыю, у якой апынулася краіна пасьля выбараў. Партыя мяркуе, што для пошуку кампрамісу патрэбна стварэньне камісіі для расьсьледаваньня ўсіх фактаў фальсыфікацый і прыцягненьня да адказнасьці вінаватых.

  • Расьсьледаваць факты непрапарцыйнага ўжываньня сілы пры разгоне мірных дэманстрантаў, ужываньня траўматычнай і агняпальнай зброі, сьлезацечнага газу і вадамётаў, сьвятлашумавых гранат, зьбіцьця і катаваньняў пратэстоўцаў пасьля затрыманьня, забойства.

Паводле партыі, жорсткімі дзеяньнямі ўлада справакавала канфлікт унутры грамадзтва і раскалола яго на два лягеры, дзе большасьць беларусаў апынулася на баку тых, хто асуджае гвалт, забойствы, рэпрэсіі і правакацыі. Партыя заклікае да мараторыю на ўжываньне праваахоўнымі структурамі сілы да мірных дэманстрантаў, якія выказваюць грамадзянскую пазыцыю выключна мірным шляхам.

БСДП (Грамада) гатовая да абмеркаваньня прапаноў з прадстаўнікамі мясцовай улады і іншымі грамадзка-палітычнымі арганізацыямі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG