Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік дыпляматыі Эўразьвязу адрэагаваў на крымінальную справу супраць Каардынацыйнай рады


Пасяджэньне Каардынацыйнай рады
Пасяджэньне Каардынацыйнай рады

Жузэп Барэль, вярхоўны прадстаўнік ЭЗ у пытаньнях замежнай палітыкі і палітыкі бясьпекі, заклікаў беларускія ўлады спыніць крымінальную справу супраць Каардынацыйнай рады і пачаць дыялёг з апазыцыяй дзеля мірнага выхаду зь цяперашняга крызісу.

«Толькі мірны і дэмакратычны працэс можа забясьпечыць устойлівыя рашэньні. Важна, каб беларускія ўлады гарантавалі ўмовы і бясьпечную прастору для дыялёгу. Каардынацыйная рада, у склад якой уваходзяць прадстаўнікі розных частак беларускага грамадзтва, зьвярнулася да ўладаў з прапановай дыялёгу, а ўлады адказалі адкрыцьцём крымінальнай справы. Робячы гэта, беларускія дзяржаўныя органы зноў вярнуліся да запалохваньня, зыходзячы з палітычных матываў. (…) Мы чакаем, што беларускія ўлады спыняць крымінальную справу і замест гэтага будуць весьці дыялёг з мэтай мірнага выхаду зь цяперашняга крызісу пры поўным захаваньні дэмакратычных і асноўных правоў беларускага народу», — заявіла Набіла Масралі, прэсавая прадстаўніца Жузэпа Барэля.

Пра стварэньне каардынацыйнай рады Сьвятлана Ціханоўская, якая знаходзіцца ў Літве, абвясьціла 14 жніўня. Рада правяла 19 жніўня першае пасяджэньне, падчас якога быў абраны прэзыдыюм. У яго склад увайшлі: ляўрэат Нобэлеўскай прэміі Сьвятлана Алексіевіч, міжнародны мэдыятар Лілія Ўласава, прадстаўнік Менскага трактарнага заводу Сяргей Дылеўскі, юрыст Максім Знак, давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай Вольга Кавалькова, каардынатар штабу Віктара Бабарыкі Марыя Калесьнікава і былы дырэктар Купалаўскага тэатру, экс-дыплямат Павел Латушка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG